Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс ашмянскіх мытнікаў у менскім Партызанскім судзе набліжаецца да завяршэньня. За 9 месяцаў прысуд вынасіўся і гатовы сваім зьяўленьнем на сьвет нікога не зьдзівіць.

Пачатак ТУТ

Увогуле часу было дастаткова, каб фабула, прыдуманая сьледчым КДБ Бычакам, набыла выгляд банальнасьці, калі ўсе разумеюць, што ў справе мноства парушэньняў закону, нявыкрутак і проста хлусьні, але яно так часта і настойліва паўтараецца, што змагацца з гэтым… апускаюцца рукі. Пракурор стаіць на сваім, беражліва даглядаючы, каб напісаная сьледчым п’еса была дайграная да самага канца.

На сцэне – мытнікі, якія прызналі, што яны самі і іх калегі давалі і бралі хабар. Разам зь імі – іхныя адвакаты і пракурор. У залі – падсудныя, што адмаўляюць віну, іх адвакаты і мы, сваякі, сябры, публіка, усе, да каго сакратарка суду зьвяртаецца: «Присутствующие». Нас, здаецца, і ня меней за іх, але мы ня ў п’есе, як і мытнікі, што адмовіліся гуляць у спэктаклі. Іх у залі (насамрэч, у клетцы) ўсяго чацьвёра супраць шасьцярых на сцэне (на лаўцы падсудных). У клетцы ёсьць яшчэ Казьмярчук, які віну прызнаў, але нікога і не агаварыў.

Ёсьць яшчэ адзін нябачны пэрсанаж – цень бацькі Гамлета – прывід сьледчага КДБ, прысутнасьць якога ўвасабляе непазьбежнасьць задуманага чэкістамі фіналу. Пэрсанаж прысутнічае нябачна, але часам праяўляецца ў выглядзе аднаго ці двух маўклівых і непадступных «присутствующих», якіх ніхто ня ведае (усе астатнія даўно перазнаёміліся між сабой).

Думаю, для чаго ў гэтым працэсе агаворы? Непрыстойна гэта і гадка, няўжо нельга было абысьціся бязь іх? Няўжо недастаткова таго, што хабарнікі прызналі віну? І навошта пракурору, прызнаючы відавочныя агаворы за даставерныя факты, так падстаўляцца?

Фармальна ясна – калі Чэпін кажа, што перадаваў грошы Юркойцю, ён як бы зьмяншае сваю адказнасьць – і маральную, і матэрыяльную. Але навошта агаворы сьледчаму Бычаку, які здабыў іх рознымі спосабамі ціску на падсьледных?

Сьледчаму патрэбны гучны працэс з мноствам фігурантаў, сур’ёзнымі тэрмінамі і каб менш важданіны было з пошукам доказаў. Таму ён намаўляе Чэпіна «паказаць» на Юркойця і за гэта мяняе яму СІЗА на хатні арышт. Чэпін упарціцца ўвесь 2015 год. На допытах і вочных стаўках сьцьвярджае, што Юркойцю ня толькі не перадаваў, але й пабаяўся б перадаць, бо той чалавек своеасаблівы, можа і данесьці куды трэба. У 2016-м Чэпін раптам мяняе паказаньні і кажа, што Юркойцю перадаваў. Што здарылася? Купіўся на зьмену меры стрыманьня?

Ня толькі і ня столькі. Мера мерай, але наперадзе суд і непазьбежны прысуд. Бычак растлумачыў Чэпіну, што ён цяпер – у прыярытэце. Вось што галоўнае і што працуе законна. Правасудзьдзе прызнае Чэпіна ў большай ступені сваім, чым Юркойця. Чэпіну даюць ролю, выпускаюць на сцэну, у яго цэлы набор абставінаў, якія законна ўплываюць на ласку суду: ён прызнаў віну, ён супрацоўнічае са сьледзтвам, яго немагчыма засудзіць на большы тэрмін, чым Юркойця, у якога такіх палёгкаў няма і быць ня можа. Юркойць увогуле «прымазаны» да гэтага працэсу калегам Бычака за сваю занадта беларускую актыўнасьць на Астравеччыне. Ясна, што ніякіх грошай ад Чэпіна ён ня браў і ўсе цудоўна разумеюць гэта, але… Чэпін – у прыярытэце, ён свой, а сваіх не здаюць.

Юркойць асаблівы выпадак. «Прымазаны» збоку. А, да прыкладу, ягоны калега Курневіч – якраз прыклад «унутраны». Тут ніякай пабочнай тэмы няма. Ён проста ня браў і не даваў, як сьцьвярджае, і стаіць на сваім. На яго паказаў Страпко. Таксама «свой», актор на сцэне. «Сваіх» не здаюць, бо ім абяцаныя мінімальныя тэрміны. А каму тады даваць вялікія – каб справа выглядала салідна? Натуральна, Курневічу – 11 з паловай гадоў запрасіў пракурор. За тое, што ня браў і не даваў?

Усё пастаўлена з ног на галаву. Хабарнікам менш, нехабарнікам больш. І што тут можа зрабіць судзьдзя? Судзьдзя, які за час працэсу атрымаў мноства доказаў таго, што ні Юркойць, ні Курневіч тымі далярамі ня мазаліся, што ўся справа шытая белымі ніткамі і які бачыць, урэшце, што за людзі перад ім – на сцэне і ў залі. Судзьдзя, вядома, можа прызнаць агавор, але што тады атрымаецца? Тады Юркойця і Курневіча трэба адпусьціць. У краіне, дзе 0,01% апраўдальных прысудаў, гэта як бы «не прынята». Але галоўнае – прызнаны агавор абцяжарыць віну Чэпіна і Страпко. Яны атрымаюць вялікія тэрміны. Дык і добра, скажаце вы, хіба не вялікіх тэрмінаў хацеў Бычак? Так, але гэта не апошняя гучная справа ў Бычака і як яму тады раскручваць наступныя? Наступныя Чэпін і Страпко проста ні на каго не «пакажуць», гэты мэханізм перастане працаваць. Наш Шэксьпір перажыве дыскваліфікацыю і страту натхненьня (службовага росту).

Ці суду гэта трэба? А можна ж яшчэ і на ўзроўні ведамстваў паглядзець – суд пайшоў супраць завядзёнак пракуратуры і КДБ, адабраў улюбёныя цацкі… Во крык падымецца ў калідорах!

Суду гэтага ня трэба – такая думка вісіць у душным паветры над усімі прысутнымі пад пільным наглядам нябачнага Гамлетавага бацькі.

У працэсе ідуць спрэчкі. Духаты і стомленасьці ў атмасфэру наганяюць аднатыпныя выступы «прызнантаў» і іхных адвакатаў.

Абвінавачаны Лапейка прызнаў, што атрымаў хабару ад 6 да 7 тысяч даляраў, а яму інкрымінуюць 10.880. У сьпісе машын адвакатка налічыла 29, якія Лапейкам даглядаліся, гэта значыць, хабар за іх не плаціўся, таму прашу высокі суд суму хабару за іх – 5.830 – выключыць зь інкрымінаванай сумы. Хоць зьвяртаю ўвагу высокага суду, што Лапейка сплаціў усю інкрымінаваную яму суму.

Што гэта значыць, што суд верне Лапейку 5.830? Вядома ж, не. Заява робіцца для таго, каб не прызналі «асабліва буйны памер» злачынства. То бок, каб выйшла менш за тысячу базавых – проста «буйны памер» і даюць за яго меней.

Прычым сам панятак хабару за гэтым торгам як бы нівэлюецца. Харошы чалавек Лапейка, ну даў слабіну, але ў турму яго саджаць ня варта. Ён і хворы, і дзеці ў яго, і на працу ўжо ўладкаваўся…

Як слухаць такое «непрызнантам», таму ж Тадэвушу Высоцкаму, на якога паказаў Лапейка, і якому «сьвеціць» 8 гадоў турмы?

Бліскуча выступаюць адвакаты Высоцкага, Курневіча, Швінты і Юркойця. Падрабязна супастаўляюць паказаньні «прызнантаў», на якіх і грунтуецца «віна» іхных падабаронных. Паўсюль вылазіць хлусьня і блытаніна.

«Хачу напомніць дзяржабвінаваўцу, што непрызнаньне віны не зьяўляецца абставінай, якая віну абцяжарвае. А Курневічу запрасілі 11 гадоў і 6 месяцаў. Столькі, колькі стваральніку злачыннай групы Сарумянцу, і на пяць гадоў болей, чым начальку Курневіча Карповічу, які яго агаварыў. Прашу за недаказанасьцю віны Курневіча апраўдаць».

Пракурор: Артыкул кодэкса дазваляе ўжыць такую меру пакараньня.

А дазваляў бы болей, ужылі б болей?

Чэпіну 48 гадоў. Ён служыў у Афганістане, удзельнічаў ва ўсіх магчымых і немагчымых апэрацыях, што характарызуе яго выключна са станоўчага боку. Быў кіраўніком беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Афганістане. Мае чатыры мэдалі. Браў грошы як ахвяра абставінаў. Прашу пакінуць на волі, каб мог прыносіць карысьць грамадзтву.

Адвакат Высоцкага: Фармальнае правядзеньне мытнага кантролю і бесьперашкодны выпуск машын не падмацаваныя ніводным фактам. Неканкрэтызаванае абвінавачаньне незаконнае, бо пазбаўляе падсуднага права на абарону – ён не разумее, у якіх дзеяньнях яго абвінавачваюць.

Адвакат Швінты: Тое, што ідуць працэсы па выдзеленых справах у чатырох судах – грубае парушэньне закону. Бо выдзеліць справу можна толькі тады, калі паміж злачынствамі няма сувязі. А тут у чатырох судах разглядаюць справу пра адну арганізаваную злачынную групу, дзе ўсё і усе зьвязаныя міжсобку.

Хор «прызнантаў»: Глубако раскайваюся, прашу аб сьнісхажджэніі.

Тадэвуш Высоцкі: Усё, што здарылася, для мяне гэта «дзікі ужас». Ігар Высоцкі мне стрыечны брат, але адносінаў мы не падтрымліваем з часу, калі памерлі бацькі. Першы раз мяне выклікалі ў КДБ яшчэ ў 2014 годзе і ўжо тады называлі яго кіраўніком злачыннай групы. Але самога яго трымалі за сьведку.

Пасьля ў ашмянскім КДБ мяне дапытваў сьледчы Бычак. З парогу сказаў: У тваім выпадку я б павесіўся. Мне і мову заняло. А ён напісаў: Ад дачы паказаньняў адмовіўся.

У СІЗА КДБ нас, Высоцкіх, блыталі. Замовяць на допыт аднаго, а прывядуць другога. Мяне і на суд ягоны вазілі. Судзьдзя сьмяецца – не таго прывезьлі.

Да арышту мы атрымалі збудаваную за крэдыт кватэру. Я пражыў там менш, чым цяпер у СІЗА.

Юркойць: Паказаньні Чэпіна – адзіная, нібыта, падстава супраць мяне. Але паказаньні на мяне Чэпін даў толькі ў 2016 годзе. На падставе чаго я сядзеў у 2015-м і ўсе хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня ўпарта адхіляліся?

Алесева рытарычнае пытаньне зьвернутае да ўсіх, але найперш да прывіда сьледчага КДБ Бычака, чый цень можна ледзьве разрозьніць у глыбіні сцэны.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG