Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Дамова з д’яблам


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Швагер Алеся Юркойця быў мытнікам. Загінуў трагічна – скінулі зь цягніка.

Пачатак ТУТ

Алесь зусім крыху не даслужыў на мытні 20 гадоў, зьбіраўся звальняцца. Абарвалася служба таксама ня бог ведае як – арыштаваў кадэбіст. Інакш кажучы, выйсьці з гэтага мытнага кола жывым і вольным ня так проста. Калі ўвогуле магчыма.

У народзе ёсьць такое ўяўленьне, што ў мытнікаў добрыя заробкі, што мытнікі прыкрадаюць. Адкуль гэта?

Вобразна мне бачыцца нейкая няпісаная дамова Лукашэнкі з мытняй, што мытнікі будуць, павінны красьці – за гэта купляецца іхная ляяльнасьць, бо заробкі насамрэч не вялікія. Ясна, што пра гэта не гаворыцца. І сярод мытнікаў знойдзецца шмат такіх, хто ня стане пэцкаць сабе рукі. Той самы Юркойць, не апазыцыянэр, вядома, але і занадта ляяльным да кіраўніка краіны не назавеш. Як той казаў, ён яго канструктыўна крытыкаваў. Аднак незалежна ад гэтага кіраўнік краіны можа і папракнуць – не накраў? а чаго ж ня краў? для мяне вы ўсе крадуны, а караць ці літаваць – па сытуацыі. Чыстая псыхалёгія. Як у савецкіх калгасах – «усе кралі», была негалосная дамова. Інакш было ня выжыць.

Мытнікі, вядома, выжывуць, але вобраз крадуноў – той самы. Каб заўсёды жыць у шчасьці, трэба красьці, красьці, красьці. Дай мытнікам большую зарплату – расправяць плечы, страціш ляяльнасьць. А так яны ў цябе на ланцужку, ды яшчэ і з кампраматам – хочаш даставай «справу», хочаш не даставай.

У прынцыпе гэта ня толькі пра мытнікаў – пра ўсіх дзяржаўных службоўцаў. Як вы думаеце, адкуль у гэтых вялікіх і малых адміністратараў «з народа» катэджы на мільёны даляраў пры вельмі нават памяркоўных заробках? Бабулькі ў амэрыках папаміралі? «Адкладаў на чорны дзень»? А гэта ж татальная зьява. Сама атмасфэра ў сужбісцка-чынавенскім асяродзьдзі такая – красьці, пакуль дастаюць рукі і пакуль па руках не далі. Умей своечасова адхапіць.

Памятаеце, была нейкая начальніца, якая скрала на мільён даляраў, а Лукашэнка сказаў – хай аддасьць у патройным памеры, тады адпусьціць. Яна і аддала. Ніхто нават не спытаўся, дзе ўзяла, а пагатоў – чаму перастаў дзейнічаць закон? Пра прададзенае сумленьне ў гэтай гісторыі казаць увогуле недарэчна.

Створаны такі кшталт дзяржаўнае службы, калі – «можна», і нават больш за тое – «трэба», а як ты думаў? Як у савецкім калгасе. Толькі там выжывалі, а тут, самі разумееце, стандарты жыцьця зьмяніліся, хоць сутнасьць засталася ранейшай.

Мяняюцца міністры, «мэры», старшыні, а толькі асобаў сярод іх не відаць, вока не гарыць, талковыя ідэі не гучаць. Ён нечага нагаворыць, а ты яго нават і не запомніш. Усё пакрывае сьлізкая павалока ляяльнасьці. У Беларусі карупцыя рэальна ўзятая пад кантроль – кожны відзён і кожнаму дазволена, пакуль не заартачыцца. Дакладна як з наркамафіяй: галоўнае, каб працавалі толькі бачныя каналы дастаўкі. А пасадзіць можна па сытуацыі. Рызыкуйце, хлопцы, хто не рызыкуе, самі ведаеце…

І выходзіць, што ў нас Год культуры пачынаецца з масавага закрыцьця бібліятэк, бясплатная мэдыцына – з прыбыткаў паліклінік, а нацыянальная бясьпека – з арышту падзьвіжнікаў у сфэры культуры.

Службовыя асобы – тыя, з патухлымі вачыма – якія сяк-так кіруюць нашым жыцьцём, (вось жа што самае паскуднае) перакананыя, што ўсе такія, як яны, замазаныя, усе жывуць паводле іхных правілаў (баршчы вараць), усе падкрадаюць, бо дазволена, а значыць, невінаватых у прынцыпе быць ня можа.

А чаму ты ня краў? – Прысягу даваў дый непрыстойна гэта, красьці. – Ім гэтага не зразумець: Дык ты што, супраць нашага прэзыдэнта?

Ну вось, пачынаецца.

Справа ашмянскім мытнікаў, вядома, гэтым не тлумачыцца – занадта шмат у ёй нестыковак, занадта нягегла яна сшытая. Але фон гэтае справы менавіта такі – аглабельны. Мытнік? Значыць, краў? Як ня краў? Ты што, супраць нашага прэзыдэнта?

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG