Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Амаль усе вінаватыя амаль ва ўсім


Алесь Юркойць

Справа ашмянскіх мытнікаў разглядаецца ў чатырох менскіх судах. Гаворка ідзе пра «вылучаныя крымінальныя справы».

Пачатак ТУТ

Маштаб, вядома, уражвае. Але абсалютна незразумела, якім чынам усё гэта можа быць сабрана ўрэшце ў адну карціну.

«4. Вылучэньне крымінальнай справы дапускаецца пры ўмове, што гэта істотна не адаб'ецца на ўсебаковасьці, паўнаце, аб'ектыўнасьці дасьледаваньня абставін крымінальнай справы ў судовым пасяджэньні». Артыкул 165 КПК РБ.

Мяне бянтэжыць слова «істотна». Судзяць 57 чалавек, сярод якіх ёсьць, можа быць, і вінаватыя і невінаватыя. Ідзе проста дзявяты вал аргумэнтаў і фактаў, чалавечых характараў і матывацыяў, інтарэсаў прыватных і ведамасных, недагаворак і пытаньняў, якія пакідаюцца без адказу. Апошняе – самае падступнае, што таксама можна схаваць пад словам «істотна». Скажам, Алесю Юркойцю істотна, каб суд прызнаў яго невінаватым. Ці істотна гэта суду, які ня мае доказаў віны Юркойця, а толькі здагадкі? Відавочна не, бо суд не выпусьціў Алеся з-за крат «у сувязі зь цяжкасьцю ўчыненага ім злачынства». На гэтым настаяў пракурор.

Час ад часу задумваюся над гэтай істотнасьцю таго, што ўвогуле адбываецца ў Партызанскім судзе. Па ідэі ўсё істотнае мае месца ў Менскім абласным судзе, там, дзе судзяць мытных начальнікаў. Начальнікі ў гэтай п’есе, якую напісаў сьледчы КДБ, граюць галоўныя ролі. Падначаленыя, якіх судзяць у нас, пра тое, за што ім нібыта давалі грошы начальнікі, ня ведалі і даведаліся толькі з абвінаваўчага заключэньня. Цяпер пра гэта можна сказаць з усёй дакладнасьцю. Бо ў першым паведамленьні КДБ пра справу мытнікаў, а таксама ў выступе Лукашэнкі ідзе гаворка пра нясплату мыта і розныя тавары, а ў абвінаваўчым заключэньні – толькі пра «бесьперашкодны пропуск» «кветкавай прадукцыі».

Інакш кажучы, уласна суд у справе ашмянскіх мытнікаў праходзіць там, у абласным. А што ж тады адбываецца ў трох астатніх, у прыватнасьці ў Партызанскім? І ці не атрымаецца так, што высновы, якія зробіць суд адносна начальнікаў, аўтаматычна будуць прынятыя ў астатніх судах за аснову, каб зрабіць высновы адносна падначаленых? А тое, што ў гэтай мутнай рацэ згубяцца людзі, якія ні ў чым не вінаватыя, будзе апрыёры прызнанае за «неістотнае»?

Між тым, нічога такога, што хавала б інтрыгу ці давала адказ на мноства пастаўленых пытаньняў, у абласным судзе не адбываецца. Хутчэй, наадварот. Сарумянц нібыта прызнаў, што даваў хабар мытнікам, але не прызнаў, што дзейнічаў у складзе злачыннай групы і што кіраваў ёю. За што даваўся хабар? – старая песьня пра «бесьперашкодны пропуск» машын з «кветкавай прадукцыяй» – тое, што не аднойчы было абвергнута на працэсе ў нас.

У абласным судзе 16 фігурантаў. Начальнікі і бізнэсоўцы. Здавалася б, і маштаб дзейства павінен быць большы, чым у нас, дзе судзяць простых мытнікаў. Але па выніку атрымліваецца, што якраз у нас усплываюць сур’ёзныя нестыкоўкі, якія там акцэптуюцца без затрымкі, як той «бесьперашкодны пропуск».

Дарэчы, у судзе Сарумянц адмовіўся даваць паказаньні, а тое, што ён прызнаў, зачытаў пракурор з ранейшых паказаньняў Сарумянца ў часе сьледзтва. Чаму адмовіўся? Каб не заблытацца? Ці хоча паслухаць, што скажуць іншыя? Ці рыхтуецца адкінуць легенду, якую ў часе сьледзтва склалі яму супрацоўнікі КДБ.

Цікава, што ў ранейшых паказаньнях Сарумянца тыя два мільёны даляраў, што нібыта знайшлі ў яго пад ваннай, ён атрымаў не зь Літвы, а з Масквы і не на хабары мытнікам, а на тое, каб пераправіць іх за мяжу, што цалкам стыкуецца з вэрсіяй пра вываз чыіхсьці грошай з Расеі на Захад і дзе мытная «група» фігуруе толькі як прыкрыцьцё. Літовец Танкелюн, які прасіў Сарумянца перакінуць грошы за мяжу, знаходзіцца ў вышуку.

А іншы бізнэсовец – Тураеў – дае паказаньні ў судзе. Ён цалкам прызнае віну, супрацоўнічае са сьледзтвам. Кажа, што за «бесьперашкодны пропуск» ягоных машын заплаціў начальніку мытнага аддзела Высоцкаму 70 тысяч даляраў. Кветкі ён вазіў з пачатку 2013 году, прычым першыя пяць месяцаў «праблем» на мяжы ў яго не ўзьнікала. Тым часам мытнікам інкрымінуюць, што пачалі атрымліваць хабар з 2010-га, а ўвесь 2014-ы машыны з галяндзкімі кветкамі ў зьвязку з расейскімі санкцыямі даглядаліся татальна. У пачатку 2015-га ўсіх мытнікаў арыштавалі. Гэта значыць, што кадэбэшная легенда, паводле якой «група» на мытні дзейнічала на працягу пяці гадоў, знаходзіць сваё адноснае пацьверджаньне толькі на паўгадовы тэрмін, і не ў дачыненьні да «групы», а ў дачыненьні да аднаго Высоцкага.

Выглядае, што абласны суд ня толькі ня ўносіць яснасьць у працэс ашмянскіх мытнікаў, а зьяўляецца нейкім зборышчам усіх нестыковак, неадказаных пытаньняў, прыватных зацікаўленьняў хабарнікаў і нехабарнікаў, мытнікаў і бізнэсоўцаў, кадэбістаў і пракурораў, літоўцаў, тутэйшых і маскавітаў, грошай за кветкі і мільёнаў пад ваннай – і чым большы тут буралом, тым меней застаецца праўды.

Што можа на такім фоне высьветліць наш, Партызанскі суд? Маю адчуваньне, што ў прынцыпе многае. Як, зрэшты, і тры астатнія суды Калі будуць ісьці ад прыватнага да агульнага, а не наадварот. Ад канкрэтных доказаў віны канкрэтнага фігуранта, а не ад агульнай фразы пра «задзейнічаны амаль увесь асабовы склад мытні». У прынцыпе суд можа. Калі захоча.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG