Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Між іншым, галоўная нявыкрутка ў справе ашмянскіх мытнікаў – гэта яе пачатак, тыя два мільёны даляраў, якія КДБ знайшоў пад ваннай у Сарумянца.

Пачатак ТУТ

Абвінавачаньне спрабуе даказаць, што гэта – хабар, які 57 мытнікаў атрымлівалі на працягу пяці гадоў. Сума больш-менш супадае. Але калі гэтыя грошы атрымалі і патрацілі, дык як яны апынуліся пад ваннай?

Сам Сарумянц, былы мытны начальнік, а пасьля бізнэсовец, кажа, што грошы яму пакінуў на захаваньне літоўскі партнэр. А сьледзтва ўдакладняе, што пакінуў – на хабары мытнікам «за бесьперашкодны пропуск кветкавай прадукцыі». На будучыя хабары?

Мытнікі, якія прызналі, што бралі, збольшага кажуць, што ня ведалі, за што ім начальнікі даюць грошы. Бо начальнікі нібыта давалі, але за гэта ніколі нічога не патрабавалі.

А яшчэ – як гэтыя два мільёны гатоўкі патрапілі ў Беларусь?

Пакуль я спрабаваў знайсьці ва ўсім гэтым лёгіку, мне прысьніўся пастар Шлаг і сказаў: «У мяне была падобная гісторыя».

Мы ішлі зь ім па нейкай лазанскай вуліцы (я так зразумеў, бо чулася француская мова) і ён прапанаваў мне прысесьці ў кавярні.

– Лёгіка насамрэч адваротная той, якую разглядае суд, – сказаў пастар. – Тыя два мільёны ішлі не ў Беларусь, а зь Беларусі. Яны ўвогуле ня маюць дачыненьня ні да Беларусі, ні да вашых мытнікаў. Гэта чужыя грошы.

Пастар замовіў сабе і мне кавы, задаволена паглядаючы, як не цярпіцца мне паслухаць працяг гэтай адваротнай лёгікі.

– Вы, напэўна, ня раз чулі, што з Расеі вывозяцца грошы за мяжу. На неабдымных прасторах гэтай краіны ў масавым парадку даюцца і бяруцца адкаты, хабары і падобныя незаконныя «дачкі». Ясная рэч, гатоўкай і, ясная рэч, неафіцыйна. Тое, што і называецца карупцыяй. Уявіце сабе нейкага ўмоўнага «Абрамовіча», які купляе сабе завоблачнага кошту яхты і ангельскія футбольныя клюбы.

Пра вываз грошай я ня толькі чуў, але чуў ад самога расейскага чынавенства высокага роўню. Але прозьвішча бізнэсоўца прымусіла мяне перабіць пастара.

– Алесь Юркойць калісьці мне расказваў пра Абрамовічаў. Гэты шляхоцкі род валодаў Алесевымі Варнянамі і мы нават прыдумлялі, як пад гэтую марку запрасіць Рамана Абрамовіча, каб «уклаўся» ў мястэчка і ягонае разьвіцьцё. Жарты жартамі, але на знакавым узроўні магло і спрацаваць. Праўда, так жартам і скончылася.

– Такіх абрамовічаў у Расеі шмат, – сказаў пастар. – І ясна, што гэта не цяжкім мазалём заробленыя мільярды. Вось іх і перапраўляюць за мяжу і там легалізуюць, кладуць на рахункі. Але ж гатоўку трэба неяк даставіць на Захад. Для гэтага існуюць каналы дастаўкі, кур’еры і «вокны» на самой мяжы. Цалкам можа быць, што ваш Сарумянц і быў такім кур’ерам.

– Але пры чым тут мытня? – зьдзівіўся я.

– Па сутнасьці ні пры чым. Гэта усяго толькі апэрацыя прыкрыцьця. Грошы ідуць вялікія, самі разумееце, на шармачка тут разьлічваць не даводзіцца. Калі спытаюць – што за мільёны і чые яны, трэба адказваць – гэта грошы фірмачоў на хабар мытнікам за хуткі пропуск машын. На што і павёўся КДБ.

– Але ж некаторыя мытнікі самі кажуць, што атрымлівалі грошы?

– Вядома, атрымлівалі. Ня ўсе 57, думаю, значна менш. Сарумянц даваў сваім калегам – мытным начальнікам і прасіў, каб тыя давалі падначаленым. І, пажадана, на тэрыторыі самой мытні, пад відэакамэрамі. Помніце, вас гэта зьдзіўляла?

– А тыя бралі?

– Бралі, зноў жа, ня ўсе. Бралі тыя начальнікі, у каго былі сяброўскія дачыненьні з Сарумянцам, бралі тыя мытнікі, што нячыстыя на руку, кідкія на халяву, бралі з-за боязі страціць працу – гэта ж начальнік дае грошы, а ты ад яго залежны. А самае галоўнае, нічога за гэта не патрабавалася, значыць, і нічога злачыннага ў гэтым быць ня можа. Так была задуманая апэрацыя прыкрыцьця – каб менавіта гэтай справай заняўся КДБ, а не абрамовічамі. І ён заняўся, прычым пасьля ўказаньня прэзыдэнта.

Пастар дапіў сваю каву і пераможна паглядзеў на мяне. Я тым часам пасьпяшаўся задаць пытаньне пра наступную нявыкрутку. Рэч у тым, што мытнікі, якія прызналіся ў хабары, кажуць пра некалькі эпізодаў, калі ім давалі па 100 ці 300 даляраў. Але калі скласьці ўсе гэтыя грошы разам, усё адно ў параўнаньні з двума мільёнамі сума будзе нікчэмная. Ясна што гэтыя грошы трэба будзе кампэнсаваць, таму чым менш, тым лепш. А зь іншага боку, калі ўжо прызналіся, дык трэба казаць пра ўсё, інакш якое гэта супрацоўніцтва са сьледзтвам?

– Яны столькі і бралі, – сказаў пастар. – Больш бы ім ніхто й ня даў. Іх трэба было «мазануць», але не «замазаць». А каб суму «нацягнуць» да патрэбнай, і была прыдуманая «кветкавая прадукцыя» – чатыры з паловай тысячы машын, былі прыцягнутыя 57 мытнікаў, якія так і не зразумелі, што зь імі адбылося. А яны са сваёй «арганізаванай злачыннай групай» і гэтым судом папросту выканалі ролю прыкрыцьця, калі ўся ўвага КДБ, прэзыдэнта і грамадзкасьці была скіраваная на гэтых «хабарнікаў».

– Ага, тут жа ўсплыў і палітычны складнік – добры прэзыдэнт пакараў гэтых дрэнных мытнікаў, якіх і так асабліва ніхто ня любіць. Такія працэсы танізуюць грамадзтва, мацуюць рэйтынг кіраўніка. Але каму гэта ўсё трэба і хто ад гэтага выйграў?

– Выйграў умоўны «Абрамовіч». Ну забралі два мільёны, ну пасадзілі кур’ера. Што яму два мільёны, калі варочае мільярдамі. А да лёсу беларускіх мытнікаў яму і ўвогуле справы няма. Ён можа й ня ведае пра гэты працэс. Самае галоўнае, не ўсплыло ягонае імя і тое, як ён вывозіць грошы за мяжу.

Цяпер уся схема выглядала лягічна, безь нявыкрутак і неадказаных пытаньняў. КДБ «накрыў» нейкую эпізадычную частку на пераправе расейскіх карупцыйных грошай за мяжу, але саму пераправу не чапаў, перакінуўшы сваю ўвагу на падсунутую яму схему прыкрыцьця і раскруціўшы справу мытнікаў, у якой з усіх швоў тырчаць белыя ніткі.

– У свой час, – сказаў пастар, – я выправіўся ў Швэйцарыю, каб зрабіць прыкрыцьцё сэпаратных перамоваў Вольфа. У задуманай Шэленбэргам схеме я мусіў урэшце загінуць. Але, дзякуючы Шцірліцу, у адрозьненьне ад вашых мытнікаў, не пацярпеў.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG