Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Танец (маленькіх) лебедзянят


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Неяк закруціліся мы ў прыватнасьцях і забылі, што ў нас ня проста злачынцы, а група. «Арганізаваная злачынная група». Зараз нам нагадаюць.

Пачатак ТУТ

Калі група, усё нашмат страшней. Праўда, ці была яна, невядома. Пакуль яе толькі інкрымінуюць, а ўсе абвінавачаныя ашмянскія мытнікі ў адзін голас групу адмаўляюць, не прызнаюць.

І вось, як у страшным тэлевізары ў часы жалобы і вусьцішы, у суд адзін за адным запрашаюцца дзіўныя сьведкі. Мы пра іх ніколі ня чулі і яны пра нашых абвінавачыных ні словам. А самае галоўнае — гавораць як па нотах. Там-там-там-там тарарам-пам-пам.

Вось нейкі Клыга паказаньні даваць адмовіўся. Значыць, пракурор пачынае гугніць доўгія пратаколы ранейшых допытаў. Нічога цікавага — ранейшыя схемы і словы аўтарства сьледчага КДБ Бычака. Клыга працаваў у начальніка Ермалаева і намесьніка ягонага Кузьміча.

Пракурор: «Частка тэксту ксэракапіравана і не відна, чытаю каторая відна…»

Клыга напісаў яўку з павіннай і ўсіх сваіх калег у аддзеле «залажыў». Усе бралі! І я браў. А Кузьміч даваў, Ермалаеў даваў. Ермалаеў таксама закручваў баксы ў паперу і пісаў нумар пэрсанальнай пячаткі мытніка, якому нібыта перадаваліся грошы. Усе начальнікі рабілі гэта такім чынам. Якая сынхроннасьць! Клыга ў ранейшых паказаньнях сыпле прозьвішчамі хабарнікаў. Завяршаецца ўсё гэта літаратурна: Усіх успомніць не магу, таму што ня помню.

Але «нашых» прозьвішчаў там няма. «Нашых» сёньня ўвогуле ня будзе.

Наступны — Паўловіч — таксама адмаўляецца ад паказаньняў і мы зноў слухаем пратаколы. Зноў Ермалаеў-Кузьміч. Яўка з павіннай. Давалі, браў, усе бралі.

Дзіўна, чаму ні разу не гучыць пытаньне сьледчага: а ці хто-небудзь ня браў? Ну гэта ж насамрэч пазытыўны вынік працы сьледчага для грамадзтва, праўда? Ну былі хабарнікі, але ж не злачынная група, ня ўсе?

Але ў сьледчага адваротная задача — паказаць, што ўсе. Сьледчы зусім ня ўлічвае, што калі адзін цэльны кавалак юрыдычнага кантрольна-карнага беларускага цела настолькі працяты карупцыяй, дык гэта і яго самога тычыцца, бо ўсё цела тады нездаровае. Як той казаў, да часу збан ваду цягае.

(Напісаў і ўспомніў, што пісаў гэта Сокалаў-Воюш у студэнцкім вершы, які прысьвяціў куратару з КДБ, які займаўся ў БДУ філёлягамі, высьвятляў, хто прынёс Біблію. Страшная была крамола.)

Зарэцкі. Адмова. Пратаколы. Яўка з павіннай. Ермалаеў-Кузьміч.

Мы слухаем ня гэтага суду гісторыю. Інтэрмэдыя мусіць вярнуць нам адчуванне арганізаванай злачыннай групы што да «нашых» абвінавачаных.

Зарэцкі нават не пералічвае імёны: Хто яшчэ атрымліваў, ня ведаю, але думаю, што ўсе. (Зьвярніце ўвагу на гэты рэфрэн.)

— Ермалаеў сказаў: будзеш атрымліваць грошы за паскоранае афармленьне кветкавай прадукцыі. Але я ўсё афармляў паводле закону, у поўным аб’ёме.

За што грошы? — і гэтым пытаньнем сьледчы Бычак, здаецца, не азадачыўся. Не разумеюць гэтага і судзьдзя, і пракуроры, і адвакаты, і самі мытнікі, і ўсе астатнія. Прызнаюць «факт» — грошы. Ну правільна, грошы для нашага чалавека рэч самадастатковая. Але на хлеб іх не намажаш і на колы не паставіш, не паедзеш. І не даюцца яны не за што. Дык — за што грошы? Ці суд таксама ня стане адказваць на гэтае пытаньне?

Нейкі час здавалася, што на нашых вачах былыя падначаленыя Кузьміча проста ў ахвотку вырашылі яго заваліць. А тут бац — сам Кузьміч на трыбуне. І таксама адмаўляецца даваць паказаньні.

З пратаколаў мне падалося, што гэта не галоўны, але ключавы артыст спэктакля пра злачынную групу. У яго легенда ўвогуле напісаная як па масьле. Няма ніякіх «ня помню», «ня знаю». Выкрыў па ходу ў карупцыі два дзясяткі калег-мытнікаў. «Нашых», праўда, ізноў не прагучала.

Словам, працаваў ён намесьнікам начальніка аддзела Сарумянца (таго, што два лімоны пад ваннай), сябравалі. Пасьля на месца Сарумянца прыйшоў Ермалаеў, а Сарумянц звольніўся з мытні і заняўся кветкавым бізнэсам. І вось Сарумянц запрашае Ермалаева і кажа — давай ты будзеш хуценька прапускаць фуры з кветкамі, а я табе за гэта грошы, а ты плаці інспэктарам — за кожную машыну. Ну і Ермалаеў згодны, і Кузьміч як бы ў курсе ўсяго гэтага.

Ужо ня раз агучаны правал у п’есе сьледчага КДБ — гэтае «хуценька», «паскоранае афармленьне», «бесьперашкодны пропуск». Каторы раз высьвятляецца, што немагчыма гэта, хіба што фуры пойдуць на прарыў мяжы.

Крыху новага адценьня дадаў Кузьміч. Маўляў, Сарумянц прасіў машыны з кветкамі адчыняць радзей, бо кветкі псуюцца.

І за гэта 100 даляраў за фуру?

Кузьміч распавёў у пратаколе, як яны зь Ермалаевым разьмяркоўвалі грошы — глядзелі колькі хто машын з кветкамі аформіў і за кожную ці 50 даляраў (за гаршкі) ці 100 (за зрэз). Пералічваюцца ўсе інспэктары ў такім фармаце: Клыга аформіў 116 машын з кветкавай прадукцыяй, за што атрымаў ня менш за 10.100 даляраў ЗША. Але «нашых» ізноў няма. Ды нашы б ні за што і не станцавалі такі сынхронны танец, не сыгралі так спрытна на адной дудцы. Выйшла такая сабе калядная батлейка з тымі самымі неадказанымі пытаньнямі.

Адзін «наш», праўда, аднойчы згадаўся — калі чыталі пратаколы допытаў Стэльмаха. Той доўга ня мог зразумець, за што начальнік дае яму даляры і спытаўся ў Казьмерчука, які хоць і прызнаўся ў атрыманьні грошай, але сядзіць у «нашай» клетцы. Казьмярчук нібыта адказаў яму, што — за бесьперашкодны пропуск транспартных сродкаў з кветкавай прадукцыяй. І дадаў: іншыя інспэктары таксама атрымліваюць (рэфрэн).

Што, ня група?

Артысты зьмянялі ў залі адзін аднаго, а я ніяк ня мог зразумець: усе яны бралі хабар у асабліва буйных памерах, у чым прызналіся. Цяжкое злачынства. А чаму яны швэндаюцца на волі, нават не пад хатнім арыштам, як «нашы», якія прызналіся, і не ў турме, як «нашы», якія адмаўляюць хабар? Загадка.

У мінулую пятніцу Юркойцева жонка Ганна ехала на суд і вылецела зь ледзяной дарогі ў кювет. Пашкодзіла хрыбетнік. Месяц сказалі не ўставаць. Адвакат прачытаў хадайніцтва, папрасіў зьмяніць Алесю меру стрыманьня. Адвакаты — за, абвінавачаныя — за. Нават Чэпін горача матляў галавой. Пракурор: абраная мера стрыманьня адпавядае артыкулу… Адвакат: але там трое малых дзяцей, старэйшая дзяўчынка з 2004 году і маці Юркойця, якой самой патрэбны догляд, а адзіны працоўны чалавек у сям’і зьнерухомлены, трэба нешта з гэтым рабіць. Суд перапыніўся на нараду. Вэрдыкт — мера адпавядае цяжкасьці ўчыненага злачынства, старую маці і дзяцей рэкамэндаваць перадаць органам апекі.

Я думаю, цяжкасьць злачынства пры поўнай адсутнасьці доказаў, тут і трымаецца на адным караценькім слове — група.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG