Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Напалову вядомы Шэксьпір


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Калі суд – гэта тэатр, дык крымінальная справа – п’еса, і мяне ўсё больш пачынае цікавіць, хто драматург, хто яе напісаў?

«Каб лішні раз не чапляліся» – у паказаньнях Чэпіна зьяўляецца новы варыянт «бесьперашкоднага» пропуску машын, што інкрымінуецца мытнікам, маўляў яны за гэта атрымлівалі хабар. Мытнікі каторы раз тлумачаць, што «бесьперашкодны» пропуск – нонсэнс, ён немагчымы.

Крыху сьмешна, што «каб не чапляліся» прыдумаў чалавек, чыё прозьвішча Чэпін.

Чытаюць пратаколы сьледзтва. Увесь 2015 год Чэпін рашуча адмаўляў, што даваў Юркойцю грошы. Даказваў, што проста ня мог гэтага зрабіць. Па-першае, «Калі б Карповіч папрасіў перадаць Юркойцю, мне было б страшна», маўляў, Юркойць – чалавек своеасаблівы, не свайго кола, у нас розныя погляды на жыцьцё, мог бы паведаміць у бясьпеку. Па-другое, ён чалавек у нас у аддзеле новы, а да таго ж старэйшы паводле пасады. Па-трэцяе, мы ніколі ня езьдзілі ў машыне сам-насам. На паказаньнях настойваю, гатовы прайсьці праверку на паліграфе.

– Чаму вы так сказалі ў сьнежні 2015 году?

– Не хацеў ачарняць Юркойця, ня помніў. Баяўся наступстваў з боку Юркойця.

– Якіх наступстваў?

– Не магу растлумачыць.

– А з боку іншых баяліся?

– Не баяўся.

Юркойць: Вы служылі ў Афганістане, чалавек не баязьлівы, не? – Не. – А цяпер вы мяне баіцеся? – пытаецца Алесь з клеткі. – Цяпер не.

Як вы разумееце «ачарніць»? – пытаецца адвакат. – Агаварыць. – Што значыць «агаварыць»? – Сказаць няпраўду. – Чаму вы год назад сказалі няпраўду? – Я тады слаба помніў. А далей успомніў. – У сувязі з чым? – Таму што быў час успомніць. – Чаму тады год назад не сказалі «ня помню»? – Ня знаю.

У 2015-м Чэпін слаба помніў пра падзеі 2014-га.

У 2016-м ён піша заяву на імя старшыні КДБ, што Юркойцю грошы – перадаваў. На гэтым ён настойвае, гатовы прайсьці праверку на паліграфе.

Дзе вы гэта пісалі? – пытаецца адвакат. – У кабінэце сьледчага? – Так, у Менску, у КДБ. – А з чыёй ініцыятывы адбылася сустрэча са сьледчым? – Ня помню, нічога растлумачыць не магу. – Хто прымаў заяву? – Магчыма, сьледчы Бычак. – Прыяжджаючы ў Менск, вы «общались» са сьледчым? – Так.

Юркойць грошы браў? – Я ня ведаю. – А слова «хабар» у пратаколе з вашых слоў запісана? – Палучаецца, з маіх. – Вы ведаеце значэньне слова «изобличать»? – Затрудняюсь… – Дагэтуль вы не разумелі, за што вам перадавалі грошы, а цяпер кажаце «хабар»? – Я і цяпер не разумею.

Усе адпушчаныя з турмы мытнікі пісалі чыстасардэчнае прызнаньне нібыта са сваёй волі ў кабінэце сьледчага КДБ пасьля вочнай стаўкі і допыту. Ці для таго, каб цябе адпусьцілі, абавязкова было кагосьці замазаць? Вось гэтых, напрыклад, што цяпер у клетцы, бо вырашылі ў захаваньні свайго добрага імя ісьці да канца?

Юркойць – Чэпіну: Я вам скажу, чаму вы мяне баяліся. Вы баяліся, што я скажу, што вы хлус і подлы чалавек. Дык вось я кажу гэта.

На імгненьне ўявіў сябе на месцы адваката Чэпіна і мяне перасмыкнула.

Маральная пазыцыя Алеся толькі пацьвердзіла, наколькі ён чужы ў гэтай мытнай службе чалавек. Ну не было тут ягонага «кола даверу». Магчыма, былі сябры – з тых, што цяпер бароняць яго, дапытваючы Чэпіна, хоць самі стаяць побач зь Алесем у клетцы.

Нейкія яны зусім не такія, як адпушчаныя. Нейкія сьвятлейшыя і фармулююць пытаньні востра і эмацыйна. Мне хочацца верыць, што яны – маральныя людзі і што справа на іх шытая, яны проста ўключаныя ў чужую п’есу напалову вядомым драматургам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG