Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юркойцеў суд. Зьверху група, зьнізу група – бутэрброд


Алесь Юркойць

Алесь Юркойць

Пракурор скончыў чытаць абвінавачаньне. Тры дні чытаў. Судзьдзя апытвае падсудных – ці прызнаюць? Алесь Юркойць кажа: не прызнаю і не разумею, чаму мяне столькі трымаюць у турме, ні разу толкам не растлумачыўшы.

Пад час чытаньня Алесевай часткі (а гэта цягнецца больш за гадзіну), пракурор перайшоў на беларускую мову. Беларускамоўны мытнік дамогся, каб і тут пра яго казалі па-беларуску.

«Алесь, што ты тут робіш, Алесь, – шэптам галосіць мастак Пушкін. – Ты прывез мяне ў Міхалішкі напісаць абразы для касьцёла… А якія мы ладзілі сьвяты ў Лакцянах! Як жа я ўдзячны табе, што адкрыў мне Нальшчанскі край!»

Галоўны цяжар гэтай справы – «арганізаваная злачынная група» («АЗГ»), створаная мытнікамі на літоўскай мяжы, – на маё рэдактарскае вока, ужо сёньня выглядае няўмела зьлепленым бутэрбродам.

Зачытваюцца адзінаццаць тэкстаў – на кожнага падсуднага. Спачатку ідзе даўжэзная прэамбула пра мытных начальнікаў (іх судзяць у іншым судзе), якія ў 2010-2015 стварылі «АЗГ», каб браць хабар. Маўляў, бралі з кожнай з 4550 машын з кветкамі. «Кветкавы працэс». Далей паўтараюцца гісторыі, як начальнік N у адміністрацыйным будынку ў Вільні ці на дарозе паміж Полацкам і Наваполацкам ці ў вёсцы Шараі ці на запраўцы А-100 браў зь фірмаў «грашовыя сродкі», а начальнік S купляў у Літве літоўскія мабільнікі і сімкі для кансьпірацыі, як яны дзялілі хабар, колькі агулам атрымалі… Але гэтых начальнікаў 2-3, а ў працэсе 58 мытнікаў. А прэамбула ўсё не сканчаецца… А прозьвішча таго, каго абвінавачваюць, усё не гучыць… Галоўнае, што гучыць, – група. Група, група, група. А група – ад 10 да 15 гадоў.

А праўда, што могуць даць 10 гадоў? – наіўнічае з Юркойцевай адвакаткай Алесь Пушкін. – Усё можа быць. – А тры могуць даць? – Могуць. – А проста ўзяць і адпусьціць у залі суду? – Могуць.

Аднаго не разумею, – дзівіцца археоляг Эдвард Зайкоўскі, – як яны фіксавалі хабар у адміністрацыйным будынку на вуліцы Дарыюса і Гірэнаса ў Вільні…

Ну вось, Юркойцева частка. Яна таксама пачынаецца з паўтарэньня прэамбулы пра N i S, пра «АЗГ», не пра Юркойця. Нарэшце дабіраюцца да яго. Але ўжо ў гэтым кантэксьце – у кантэксьце «АЗГ». Маўляў, начальнікі яго ўцягнулі ў злачынную дзейнасьць у пэрыяд 2014-2015. Ну і ў чым вінаваты Юркойць?

Пачынаецца пералік эпізодаў. Схема таксама адна для ўсіх – называецца «транспартны сродак», які праехаў на адрас ТАА «Балтыйскі падарунак», аформлены Юркойцем на ўказаньне Карповіча 15.05.2014. Усё. Як сказаў Алесь у канцы, я проста рабіў сваю работу. У абвінавачаньні няма словаў – не аформіў ці аформіў неналежным чынам. Проста аформіў. Але як так? Павінна быць у эпізодзе злачыннае дзеяньне Юркойця, безь яго – як? А замест яго вось што:

Завяршаецца кожны эпізод фразай: … за што «арганізаванай злачыннай групай» атрымана 200 даляраў ЗША.

Разумееце прынцып бутэрброда? Зьверху група, зьнізу група, а паміж імі Юркойць. Безь ніякай сувязі з групай.

У чым злачыннае дзеяньне Юркойця? У тым, што на ўказаньне свайго непасрэднага начальніка аформіў машыну? А што яшчэ робяць мытнікі?

Я таксама ня ведаю, чым гэта ўсё скончыцца. Гэты суд непрадказальны, як сама сыстэма. Як абсурд.

Пушкін кажа: як у нас у старой царкве на амвоне – цырата з алімпійскім мішкам «Масква-1980».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG