Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. «Белы пудзель» крымінальнае п’есы


Алесь Юркойць

Алесь Юркойць

Дапытваюць апошняга з адпушчаных на волю мытнікаў. Разважаю, на каго ён больш падобны — на Бівіса ці на Батхеда, ці на абодвух разам?

Пачатак ТУТ.

Яго празьвішча Часнойць, і мне ўжо пара сказаць два словы пра анамастыку. Дакладней, даць цытату з кнігі Адама Мальдзіса «Астравеччына, край дарагі».

«А прозьвішчы! Божа мой, якія калярытныя, непаўторныя прозьвішчы на Астравеччыне! Ёсць выразна беларускія… Але больш такіх, што ўзьніклі на скрыжаваньні дзьвюх моў, што не сустракаюцца больш анідзе: Букель, Якель, Шукель… Андралойць, Шляхтойць, Часнойць... Бяру тыя, што бытуюць на Астравеччыне здаўна, прасочваюцца па дакумэнтах з XVІ—XVІІІ стагодзьдзяў».

Бытуюць, дадам, ня толькі на Астравеччыне, але і на працэсе ашмянскіх мытнікаў, якія нібыта бралі «грашовыя сродкі» за бесьперашкодны пропуск «транспартных сродкаў» з «кветкавай прадукцыяй». У прыватнасьці Часнойць прызнаўся, што браў грошы ў свайго непасрэднага начальніка Горбаля. Букель, між іншым, таксама фігуруе ў працэсе.

— Я чалавек вельмі добры, — кажа Часнойць, — і раскажу вам такі эпізод. Аднойчы ішоў моцны дождж…

— Пры якіх абставінах атрымалі грашовыя сродкі першы раз? — перабівае яго пракурор. Ня даў расказаць добраму чалавеку пра сваю дабрыню.

— Горбаль прыехаў і каля майго дому, даўшы рукапоціскам грошы — 400 даляраў, сказаў: «Не перажывай, усё нармальна, крыміналу няма». Больш нічога не тлумачыў і адразу ж зьехаў. Але я перажываў, было нават непрыемна.

— Чаму не вярнулі?

— Баяўся ісьці супраць начальніка, паказаць нораў.

— Куды дзелі грошы?

— Яны не прыносілі мне радасьці, таму імкнуўся хутчэй іх патраціць. Ахвяраваў касьцёлу, анкахвораму дзіцяці, на дзіцячую пляцоўку.

Ад Лапейкі не атрымліваў, хоць той і кажа, што атрымліваў. Здаецца, гэта першы выпадак, калі паміж адпушчанымі ўзьнікла нестыкоўка. Ва ўсім астатнім акторы граюць свае ролі і легенду ў цэлым зладжана, а ўсё, што па-за легендай — ня помню, затрудняюсь, ня ведаю…

Ізноў суд упёрся ў «бесьперашкодны» пропуск машын. Падобна, што аўтар абвінаваўчага заключэньня ўжыў тут прыём савецкіх кінематаграфістаў, які называецца «белы пудзель» — спосаб абысьці цэнзуру. Перад здачай фільма рэжысэр устаўляў у стужку кадры зь белым пудзелем. Увага камісіі, якая прымала фільм, канцэнтравалася на гэтым пудзелі, і вэрдыкт гучаў так: Фільм прымаецца, толькі выкіньце гэтага дурацкага пудзеля.

Інакш кажучы, калі ўсе дружна кажуць, што «бесьперашкодны» пропуск немагчымы, суд можа ўрэшце трыюмфальна выкінуць гэтае слова, тысячы разоў раскіданае па ўсёй справе, з выніковага дакумэнту. Усе будуць задаволеныя — дамагліся! Тым часам легенда, тэрміны і ўсё астатняе — застануцца.

І тут у працэсе зьяўляецца Лукашэнка.

— Дазвольце патлумачыць, адкуль узяўся «бесьперашкодны», — кажа бязь меры гаваркі Часнойць, — Указ прэзыдэнта аб свабодзе транзыту. Забясьпечыць бесьперашкодны пропуск праз тэрыторыю РБ.

Але ж нявыкрутка. Няма ва ўказе 2006 году такога слова. Усё, што я знайшоў з гэтым словам — «На Берасьцейшчыне пройдзе рытуал пастаноўкі загаду на бесьперашкодны пропуск празь мяжу Новага году». Сутнасьць рытуалу ў тым, што Дзед Мароз дае памежнаму нараду загад — выступіць на ахову дзяржаўнай мяжы з задачай: у навагоднюю ноч бесьперашкодна прапусьціць Новы (тады быў 2015) год з Усходу на Захад. У рытуале ўдзельнічаў старшыня Дзяржпагранкамітэту РБ Леанід Мальцаў.

Якую робім выснову? Адназначна — «белы пудзель».

Часнойць: Я быў запрошаны ў раённы дом КДБ, там сталі цікавіцца Горбалем. Я кажу — ён мне даваў. — А можаш напісаць? — Магу. І я па сваёй волі тут жа напісаў Вакульчыку. Я сам прыйшоў! Яшчэ ніхто не паказваў на мяне, а я прыйшоў і расказаў, што браў грошы.

Тут самы час сказаць пра дачыненьні КДБ і Мытнага камітэту. Ня ведаю, ці варагуюць яны між сабою, пра што даводзілася чуць неаднойчы. Калі так, дык такой магутнай і творчай арганізацыі як КДБ было б нескладана задумаць і паставіць гэты маштабны спэктакаль, прапісаць ролі, знайсьці выканаўцаў. Напэўна ж кожны мытнік быў у іх пад мікраскопам, на некаторых, хто даваў падставы, зьбіраўся кампрамат. Цэлых пяць гадоў рыхтаваўся спэктакаль. І вось — празьвінеў трэці званок…

Часнойць: Я сказаў супрацоўнікам КДБ — вы ўяўляеце, што значыць зрабіць дагляд фуры кветак? Сотні тысяч! Пералічыць паштучна. Хлопцы кажуць: «Мы ўяўляем». Я ня ведаю, ці яны пералічвалі, але я ўбачыў у вачах КДБ разуменьне.

Пачатак ТУТ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG