Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Даставерна магу сказаць, што я ня помню


Алесь Юркойць

Алесь Юркойць

Суд пачынае дапытваць мытніка Нагорскага, які таксама прызнаўся, што браў хабар і цяпер прыходзіць на працэс са свабоды. І таксама, як ягоныя папярэднікі, блытаецца ды мала што памятае.

Дакладней, як і папярэднія «прызнанты», выразна памятае дэталі легенды, – тымі самымі словамі (даляры былі загорнутыя ў аркуш А4, начальнік даваў грошы каля свайго кабінэту, у калідоры, ніхто ні пра што не пытаўся і нічога не тлумачыў…), але варта зрабіць крок у бок, і – поўнае забыцьцё. Ня памятаю, ня ведаю, не сьцьвярджаю, але і не выключаю.

Праўда, здараюцца і цікавыя для фальклярыста сюжэты. «На маё нямое пытаньне кіўком галавы ён паціснуў плячыма». Пракурор: А чаму вы не задзейнічалі моўны апарат? – Дык і так жа ўсё ясна.

Перадача грошай адбывалася нібыта яшчэ й на пустыннай стаянцы каля астравецкага касьцёла. Рамантыка.

Узгадваючы гэты эпізод пазьней, пракурор скажа: Вы паказалі, што спыніліся каля царквы ў Астраўцы.

У Астравец яны ехалі з Ашмян пасьля зьмены на сваіх машынах. – А хто яшчэ жыве ў Астраўцы? Сярод іншых Нагорскі называе Чэпіна і Юркойця.

Калі ня так важна, каля царквы спыніліся ці каля касьцёла (а гэта ў Астраўцы, прынамсі, розныя будынкі), у Астраўцы жыве Юркойць ці ў Варнянах (так насамрэч), дык можа быць ня так важна, хто табе даваў грошы і ці даваў увогуле.

Нагорскі – такога шляхецкага выгляду, але з той шляхты, пра якую кажуць – вырадзілася. Як вы тлумачыце, за што начальства давала вам грошы? – пытаецца пракурор. – Ня ведаю. Пра машыны з кветкамі мне сказалі толькі пры затрыманьні.

А гэта ўласна і ёсьць тое, за што нібыта давалі грошы. І зноў – ня памятаю, быў у стрэсе, не магу знаць… Нагорскі працуе на мытні больш за 20 гадоў, практычна з самага пачатку. Цёрты калач.

– Не разумею, што трэба зрабіць (сьмех у залі). – Гэта адказ на пытаньне ці пацьвярджае ён факты атрыманьня грошай.

У чыстасардэчным прызнаньні Нагорскі ўказаў 25 тысяч даляраў, а яму інкрымінуюць толькі 11 тысяч. Кажа, думаў – чым больш скажу, тым хутчэй адпусьцяць з турмы пад падпіску. Яшчэ кажа, што сьледчы прышпорваў – пішы, абяцай вазьмясьціць, хутчэй адпусьцяць. Пракурор: Вазьмясьцілі? – Так. – Колькі? – 25.

Адпусьцілі. Маўляў, сьледчы казаў, што некаторыя інспэктары пагасілі і выходзяць. Адкуль ён узяў суму 25, адказаць ня змог. Затое ляпнуўшы 25, пасьля мусіў у кожным эпізодзе павялічваць суму хабару, каб у выніку склалася 25. Цяпер мусіць у кожным эпізодзе зьмяншаць.

Большасьць інфармацыі пра сваё злачынства Нагорскі ведае ад сьледчага, усё астатняе – «прадпалагае». Адкуль ведаў? – спытаў сьледчы і падпіхнуў – Можа чуў ад іншых? «Я паўтарыў гэта і падпісаў». Цяпер адмаўляе, ні ад каго ён нічога ня чуў.

Сытуацыя тыповая. Тыя, што прызналі віну, за вызваленьне з турмы гатовыя былі сказаць усё, што заўгодна. Толькі б сьледчы падказаў. Разумею, чаму. Абсягі жыцьця ў гэтых людзей не выходзяць за межы гэтага суду, мытні і якой-небудзь апалубкі каля дому, якую заліў на атрыманыя незаконным шляхам грашовыя сродкі. Таму галоўнае для іх – выкруціцца.

Сястра Юркойця Галіна кажа, што яе дачка налета будзе паступаць, дык Алесь у турме пазнаёміўся зь людзьмі, знаёмыя якіх могуць дапамагчы пляменьніцы падрыхтавацца. Увесь час з усімі знаёміцца, жыве на плянэце Зямля і ўсе яму тут зямляне.

Яшчэ адзін цёрты калач – Чэпін. Ён будзе сьведчыць на Юркойця. У 15-м годзе Юркойця ў паказаньнях Чэпіна не было, ён зьявіўся ў выніку згоды супрацоўнічаць са сьледзтвам. Чэпін кажа: я ўспомніў, тады ня помніў, а цяпер успомніў.

Схема такая. Начальнік і Чэпіна і Юркойця Карповіч нібыта даваў Чэпіну грошы для яго і для сябе. Яны вярталіся з Ашмянаў на машыне дадому, Алесь быў за рулём, і па дарозе ці на стаянцы Чэпін нібыта тройчы перадаваў Юркойцю згорнутыя А4. Пракурор: Гэта былі грошы? – Не магу знаць, не разгортваў. – А Юркойць бачыў, што вы паклалі на сядушку? – Ня ведаю.

Юркойць і Чэпін – роўныя інспэктары. Чаму начальнік не даваў непасрэдна Юркойцю? – Не магу знаць.

На паперы нібыта быў нумар пэрсанальнай пячаткі Юркойця. – Можаце назваць? – Ня ведаю, тады можа і ведаў, шмат часу мінула.

З 2014 году?

Наколькі вы давяралі Юркойцю? – Я нікому не давяраю. – Ці былі ў вас апасеньні, што Юркойць паведаміць у службу ўласнае бясьпекі? – Апасеньні былі вялікія.

Адвакат: Ці можаце вы даставерна сьцьвярджаць, што перадавалі Юркойцю грошы? – Не магу. Гэта маё дапушчэньне. – На чым заснаванае? – Ну я атрымаў, значыць, і ён атрымаў.

Юркойць засыпае Чэпіна пытаньнямі, а адказы тыя самы – ня помню, не магу знаць, можа было, а можа і не.

Як толькі ажывіліся тыя, што ў клетцы, адразу прыгасьлі тыя, што на волі. Нечым яны мне нагадалі панурых паліцаяў на пасьляваенным судзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG