Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Эфэкт даміно: КДБ — суд — прэзыдэнт


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Праз вочка працэсу ашмянскіх мытнікаў добра відаць, як розныя дзяржаўныя службы і службоўцы ствараюць праблемы адны адным і самой дзяржаве.

Пачатак ТУТ

Відавочна, кодэксу этыкі, нават карпаратыўнай, у іх не існуе. Кожны сам за сябе.

Калі раённы кадэбіст вырашыў «пакараць» беларускамоўнага асьветніка Юркойця, ён абраў адзін з найбольш жорсткіх, калі ня самы жорсткі спосаб. Не, ён не расстраляў яго, бо гэта не пакараньне, забіты кары не адчувае. Ён вырашыў уплішчыць яго ў справу «арганізаванай злачыннай групы» мытнікаў, каб той атрымаў прысуд на доўгія гады катаргі. Кадэбіст «выкараніў заразу» беларушчыны ў раёне і адначасова зламаў лёс чалавеку, нанёс цяжкую траўму ягонай сям’і — на шмат гадоў наперад.

Праўда, асабістае ў нас чыноўнікамі ў разьлік не бярэцца. Наадварот, чым горш чалавеку, тым лепш. Зларадзтва ў бюракратыі даўно стала трэндам. Але ёсьць і іншы трэнд — сучасны дзяржаўны — на ўмацаваньне незалежнасьці, «мяккую беларусізацыю», разьвіцьцё турызму. На колькі крокаў назад адкінуў Астравеччыну раённы кадэбіст, пасадзіўшы Юркойця? Яшчэ трохі і на любімай некаторымі «чэкістамі» сталінскай мове гэта будзе расцэньвацца як сабатаж і шкодніцтва. Простаю чалавечаю мовай гэта называецца подласьць.

Але гэта ня ўся подласьць, якую ўчыніў раённы кадэбіст.

Ён падсунуў цалкам бяздоказнага «злачынцу» сваім жа калегам, якія фабрыкавалі справу «групы». Калегі, думаю, ня раз казалі яму «дзякуй». Скрозь зубы. На цэлы год яны быццам забылі пра Юркойця, які сядзеў у турме. Пасьля быццам спахапіліся, што на яго зусім нічога няма. Увесь 2015 год ніхто на яго не паказаў, адмаўляліся. У 2016-м паказаў Чэпін. Выходзіць, увесь 2015 год Чэпін хлусіў, а за выхад з турмы пагадзіўся сказаць праўду? І катораму з гэтых двух Чэпіных верыць? Пагатоў, пацьверджаньня ці абвяржэньня ягоных словаў не існуе ў прыродзе. І што было рабіць калегам раённага кадэбіста, якія фабрыкавалі справу? Прыпісаць Юркойцю 86 машын з «кветкавай прадукцыяй» у спадзеве, што суд прыме іхную схему, як адзіны доказ віны? Але гэта толькі іхная схема, таварна-суправаджальных дакумэнтаў, якія маглі б нешта пацьвердзіць ці абвергнуць, у справе няма. Па выніку, што зрабіў раённы кадэбіст, падкінуўшы калегам Юркойця? Падставіў. Выставіў іх непрафэсійнымі лохамі.

Яны, у сваю чаргу, падставілі пракурора, які дамагаецца прызнаньня «бесьперашкоднага пропуску», хоць даўно сам зразумеў, што сьледчыя КДБ, якія падкінулі яму матэрыялы справы, не зрабілі і намаганьня разабрацца ў спэцыфіцы працы мытнікаў, скінуўшы гэты клопат на пракурора і судзьдзю. Чым яны і займаюцца большую частку працэсу, разьбіраюцца, чым профіль рызыкі адрозьніваецца ад індыкатара рызыкі і ці можа шараговы мытнік ажыцьцявіць «бесьперашкодны пропуск». Але пракурору і судзьдзю надта ня хочацца выглядаць лохамі і яны ўсім сваім выглядам патроху сьпіхваюць гэтую падставу назад, сьледчаму. Алаверды. Але ж цяпер на месцы фармулёвак абвінавачаньня завісае пустата.

Вядома, суд мае выразны аўтарытарны характар і судзьдзю нічога ня варта вынесьці абвінаваўчы прысуд, нягледзячы на недаказанасьць віны. Пагатоў, калі была замова зьверху. Такі суд можа засадзіць Юркойця ў складзе групы, хоць яго пэрсанальная віна нічым не пацьверджаная. Суд не адказвае перад грамадзтвам або СМІ, а толькі перад тым, хто яго прызначае.

І вось тут трэці прыклад падставы. Спачатку раённы кадэбіст падстаўляе КДБ, пасьля КДБ падстаўляе пракуратуру і суд, нарэшце, усе разам падстаўляюць кіраўніка краіны. Ясна, што пасадка Юркойця на ягоны рэйтынг не паўплывае. Але апісаны мною ланцужок падставаў усё больш нагадвае эфэкт даміно і ўжо сёньня ўплывае на ягоную палітыку, а значыць і на трываласьць ягонае ўлады перад абліччам зьнешніх пагроз.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG