Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Цьвіль на далярах: тонкі тролінг ад КДБ


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка
Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Працэс над ашмянскімі мытнікамі як прыцягвае да сябе, так і сам нараджае анэкдоты.

Пачатак ТУТ

Напрыклад, вось грубаватая показка, якую я пачуў у калідорах Партызанскага суду і якая па-свойму дакладна перадае тое, што адбываецца з Алесем Юркойцем і яго былымі калегамі:

«Сустракаюцца ў Бога сто жанчын. – Хто з вас, паненкі, здраджваў мужу? – пытаецца Бог. – 50 адсоткаў робяць крок наперад. – Та-а-ак. А хто з вас, паненкі, здраджваў мужу хоць бы ў думках сваіх? – Яшчэ 49 ступаюць наперад. – Та-а-ак, – кажа Бог. – Усіх у пекла! І гэтую глухую б. таксама».

За апошнія 20 гадоў беларускі народ стварыў мноства ўзораў свайго мэнтальнага мысьленьня, увасобленых у анэкдоты. Раней мы найчасьцей карысталіся пераробкамі з украінскіх показак, а тут проста паваліла сваё. Чаго вартыя шэдэўры пра «перш балела, пасьля прыцярпеўся» ці «а што, можна было?» ці вось гэты: «Пасьля сьмерці беларус трапляе альбо ў рай, альбо назад у Беларусь». Показкі вартыя анталёгіі, бо сьведчаць пра таленавітую дасьціпнасьць народа.

І ня толькі народа, але і слуг ягоных, нават беларускага КДБ, які на працэсе ашмянскіх мытнікаў спрычыніўся да стварэньня анэкдоту пра 2 мільёны даляраў, нібыта, знойдзеныя пад ваннай у аднаго з былых мытных начальнікаў. Мытны начальнік, а пасьля звальненьня прадпрымальнік, нібыта, атрымаў гэтыя грошы на захаваньне ад літоўскага партнэра. Тут адзін анэкдот падзяляецца на цэлых пяць.

Як літовец правёз два мільёны ў Беларусь? Задэкляраваў? Без дэклярацыі можна толькі 10 тысяч. Правёз за 200 заездаў? Зьняў у банкамаце? За дзень можна толькі тысячу. Здымаў 2000 разоў, кожны дзень пяць з паловай гадоў?

Далей. Як літоўцу прыйшло ў галаву трымаць такія грошы не ў абароце? Ён што, такім чынам дровы нарыхтоўваў?

Як літоўцу прыйшло ў галаву трымаць такую суму наяўнымі ў кватэры былога мытніка (а былых мытнікаў не бывае, яны пажыцьцёва пад кантролем і ператрусам)?

Як былому мытніку прайшло ў галаву трымаць такія грошы ў сябе дома? Зусім-зусім ня страшна?

Ну і самы сьмешны анэкдот – трымаць пад ваннай. Якога аб’ёму павінна быць ванна, каб пад яе гэта ўсё ўлезла? Зрэшты, у гэтым месцы – што да аб’ёму і вагі – ня так ужо і сьмешна. 2 мільёны даляраў важаць 20 кіляў, а займаюць месца дзьвюх мікрахвалёвак. Калі, натуральна, усе грошы соткамі.

Самае сьмешнае засталося наастачу.

Выглядае, што КДБ, які складаў крымінальную справу, учыніў тонкі тролінг кіраўніка краіны, бо рыхтавалася справа на ягонае даручэньне і для яго асабіста. А Лукашэнка прыняў «ванну» за чыстую манэту і пасьпяшаўся паведаміць пра гэта народу.

У чым тут «прыкол»? Хто ня ў курсе, акурат перад тым, як складалася крымінальная справа ашмянскіх мытнікаў, у Беларусі адбылося некалькі шумных скандалаў, зьвязаных з цьвільлю на далярах. Пра гэта шмат пісалі, спэцыялісты давалі кансультацыі, як захоўваць даляры, каб іх не паразіў грыбок. Маўляў, калі плесьня паражае валюту, банкаўскія ідэнтыфікатары яе не прызнаюць за праўдзівую! Асаблівая небясьпека – захоўваць валюту ў памяшканьні з высокай вільготнасьцю і ў цэляфане! Што, нібыта, і зрабіў былы мытнік са сваімі мільёнамі.

Скандалы чыста беларускія, калі ўлічыць, што сама Беларусь – як ванны пакой, настолькі тут высокая вільготнасьць.

Беларуская публіка вельмі чула рэагуе на такія скандалы, чуткі разыходзяцца хутчэй за інтэрнэт. Не маглі пра гэта ня ведаць і ў КДБ, дый кіраўнік краіны, неабыякавы да грошай, хутчэй за ўсё, ведаў. Пра гэта пісала і газэта адміністрацыі прэзыдэнта. І тут яму кладуць на стол інфу пра два мільёны пад ваннай…

Паверыў! Мабыць, сума і ванна ўразілі настолькі, што цьвіль – як аргумэнт – сама зьнікла з банкнот.

Яшчэ больш тонкі тролінг (ды гэта ўжо творчасьць) – пасьля выяўленьня пад ваннай мільёнаў, якія зацьвілі, у справе зьявілася «цьвяточная прадукцыя», за якую нібыта і плаціліся зацьвілыя мільёны. Тут ужо проста гульня словаў і сэнсаў. Паэзія…

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG