За кратамі, бо журналісты

За кратамі

бо журналісты

З пачаткам выбарчай кампаніі ў Беларусі ўлады пачалі вайну супраць журналістаў. Іх пазбаўляюць акрэдытацый, зьбіваюць, страляюць па іх гумовымі кулямі, затрымліваюць, саджаюць на суткі. Асабліва моцным ціск на мэдыя ў Беларусі стаў пасьля выбараў. З таго часу журналістаў больш за 300 разоў затрымлівалі, 65 чалавек пакаралі арыштам на тэрмін ад 3 да 30 сутак. Беларуская асацыяцыя журналістаў адсочвае ўсе выпадкі перасьледу журналістаў. Вось тыя, хто ўсё яшчэ ў зьняволеньні.

Ігар Лосік

Ігар Лосік, фрылансэр-кансультант Радыё Свабода, пад вартай з 25 чэрвеня

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня ў ягонай кватэры ў Баранавічах. Там правялі ператрус і адвезьлі Ігара ў Менск. У той жа дзень стала вядома, што адміністратара папулярнага тэлеграм-каналу абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў. З таго часу ён знаходзіўся ў розных ізалятарах, апошнім часам ён знаходзіцца ў турме №8 у Жодзіне.

Прысуд: суду яшчэ не было. Пэрыядычна Ігару працягваюць тэрмін утрыманьня пад вартай. Ён застаецца абвінавачаным у парушэньні артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.

222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
Дар’я Чульцова

Дар’я Чульцова, журналістка «Белсату», 7 сутак

Дар’ю затрымалі разам з Кацярынай Андрэевай у кватэры на «плошчы Пераменаў». 15 лістапада яны працавалі там падчас пратэставай акцыі.

Пасьля 7 сутак арышту Дар’я ня выйшла на волю. Яе калегі падазраюць, што апэратарцы маглі выставіць абвінавачаньне па крымінальным артыкуле.

Прысуд: 7 сутак за парушэньне двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаваньне службовай асобе).

Судзьдзя: Вольга Няборская.

222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
Кацярына Барысевіч

Кацярына Барысевіч, журналістка TUT.BY, знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Увечары 19 лістапада сілавікі прыйшлі дахаты да журналісткі Кацярыны Барысевіч. Гэта здарылася пасьля завядзеньня ў гэты дзень крымінальнай справы супраць мэдыка, які перадаў Кацярыне зьвесткі пра стан зьбітага Рамана Бандарэнкі. Цяпер Кацярыну Барысевіч утрымліваюць у СІЗА КДБ.

СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.
Кацярына Андрэева

Кацярына Андрэева, журналістка «Белсату», 2 месяцы пад вартай

Кацярыну затрымалі 15 лістапада ў кватэры на «плошчы Пераменаў», адкуль яна вяла стрым для тэлеканалу «Белсат». У кватэры выламалі дзьверы, унутр забеглі дзесяць спэцназаўцаў і загадалі зьбіраць рэчы. На якой падставе яе затрымліваюць, Кацярыне не патлумачылі.

Андрэеву асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне». Яна не прызнала віны і абвінаваціла міліцыянтаў, якія складалі пратакол, у лжэсьведчаньні. Потым яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. 2 месяцы яна будзе знаходзіцца пад вартай.

Прысуд: 7 дзён адміністрацыйнага арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і непадпарадкаваньне міліцыі». 2 месяцы паводле крымінальнага артыкулу 342.

Судзьдзя: Вольга Няборская.

222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
Ігар Ільяш

Ігар Ільяш, журналіст «Белсату», 15 сутак

Ігара Ільяша суд абвінаваціў у пікетаваньні на плошчы Незалежнасьці 26 кастрычніка.

На судзе Ігар заявіў, што ў вечар затрыманьня трое невядомых у цывільным адчынілі дзьверы ягонай кватэры ключом — пэўна, тым, які забралі ў ягонай жонкі Кацярыны Андрэевай, журналісткі «Белсату». Андрэева цяпер падазраваная ў крымінальнай справе.

Прысуд: 15 сутак за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (артыкул 23.34).

Судзьдзя: Вікторыя Шабуня.

Яўген Мікалаевіч

Яўген Мікалаевіч, карэспандэнт «Мэдыя-Палесься»

Журналіста Яўгена Мікалаевіча выклікалі ўдзень 24 лістапада ў міліцыю, у аддзел крымінальнага вышуку. Пасьля гэтага сувязь зь ім зьнікла, тэлефон недасяжны. Яўгена Мікалаевіча, які асьвятляў акцыі пратэсту ў Пінску, судзілі ўжо двойчы, каралі арыштам

Яна Трусіла

Яна Трусіла, фатограф газэты «Новы час», 15 сутак

Яну Трусілу затрымалі 29 лістапада падчас «Маршу суседзяў» у Менску. Яна працавала на акцыі пратэсту як няштатны фатограф газэты «Новы час». Журналістку затрымалі ў Менску ў 15:40 у дварах крамы «Суседзі» паміж Кунцаўшчынай і Каменнай Горкай. На яе склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП і прысудзілі 15 сутак.

За два тыдні да гэтага яна выйшла з-за кратаў пасьля 13 дзён арышту.

Прысуд: 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 23.34, удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Судзьдзя: Юлія Шут.