Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 14 гадоў турмы. Агучылі выракі журналістам у «справе БелаПАН»


Фігуранты «справы БелаПАН» — Ірына Леўшына, Дзьмітры Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна
Фігуранты «справы БелаПАН» — Ірына Леўшына, Дзьмітры Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна

Судовыя пасяджэньні ў «справе БелаПАН» праходзілі ў закрытым рэжыме з 6 чэрвеня, іх удзельнікі далі падпіску аб невыдаваньні.

Журналістаў судзяць праз абвінавачаньне ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), «здрадзе дзяржаве» (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў (Аляксандраў, Наважылаў), падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках (Аляксандраў і Злобіна, якія аплачвалі штрафы ўдзельнікам пратэстаў).

6 кастрычніка судзьдзя Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка вынес выракі:

  • галоўнаму рэдактару і дырэктару БелаПАН Ірыне Леўшынай — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • былому дырэктару выданьня Дзьмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • былому намесьніку дырэктара, мэдыямэнэджару Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • жонцы Аляксандрава Ірыне Злобінай — 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

Таксама палітвязьням па «справе БелаПАН» прызначылі буйныя штрафы: з Аляксандрава патрабуюць 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), са Злобінай — 800 базавых (25 600 рублёў), з Наважылава — 700 базавых (22 400 рублёў). Таксама ім забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў, піша «Вясна».

Судовыя пасяджэньні ў «справе БелаПАН» праходзілі ў закрытым рэжыме з 6 чэрвеня, іх удзельнікі далі падпіску аб невыдаваньні.

Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 году, Леўшыну і Наважылава — 18 жніўня таго ж году.

У чым абвінавацілі журналістаў БелаПАН

  • Андрэя Аляксандрава, Ірыну Леўшыну і Дзьмітрыя Наважылава абвінавацілі ў стварэньні і дзейнасьці «экстрэмісцкага фармаваньня», хоць усіх затрымалі нашмат раней за рашэньне КДБ ад 1 лістапада 2021 прызнаць інфармацыйнае агенцтва «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • Акрамя таго, Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай закідаюць «падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках» (за тое, што аплочвалі адміністрацыйныя штрафы ўдзельнікам мірных пратэстаў). Калі журналісты ўжо знаходзіліся за кратамі, ім дадалі артыкул «здрада дзяржаве».
  • Андрэй Аляксандраў зь Дзьмітрыем Наважылавым праходзілі таксама як падазраваныя ў нявыплаце падаткаў у эквіваленце 200 тысяч даляраў на момант выстаўленьня фінансавых прэтэнзій.

Усіх фігурантаў справы БелаПАН праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Ніхто зь іх не прызнаў сябе вінаватым.

Што вядома пра фігурантаў?

Андрэй Аляксандраў

Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца. Дзяцінства ягонае прайшло ў Паставах. Андрэй скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадзкой газэце «Хімік».

Андрэй Аляксандраў
Андрэй Аляксандраў

У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Аляксандраў вучыўся ў Вялікай Брытаніі, атрымаў ступень магістра мэдыямэнэджмэнту ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане. Быў супрацоўнікам міжнародных арганізацый Index on Censorship і Article 19. Але вярнуўся з Брытаніі ў Беларусь.

У 2015–2018 гадах працаваў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасьля перайшоў працаваць па дамове мэдыякансультантам.

Аляксандраў цікавіцца футболам, сам добра гуляе. Любімая прыказка Андрэя — «Журналісты гуляюць у футбол на мінным полі».

Ірына Злобіна

Ірыне Злобінай 32 гады. Яна скончыла факультэт філязофіі і сацыяльных навук БДУ. У апошнія гады займалася невялікім бізнэсам — кветкамі і вытворчасьцю сувэніраў. Праводзіла лекцыі і заняткі ў флярыстыцы.

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна

Палітвязьні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна 1 верасьня ўзялі шлюб ў менскім СІЗА-1.

Ірына Леўшына

Ірына Леўшына — выпускніца журфаку БДУ. Практычна ўсё жыцьцё працуе на адным месцы — у БелаПАНе, куды яе запрасіў заснавальнік агенцтва, аднакурсьнік і сябар сям’і Алесь Ліпай.

Ірына Леўшына
Ірына Леўшына

Ірына прыйшла рэпартэрам, была дзяжурным рэдактарам, карэспандэнтам, стала галоўным рэдактарам, а потым яшчэ і гендырэктарам.

Дзьмітры Наважылаў

Дзьмітры Наважылаў нарадзіўся ў 1972 годзе. Скончыў прыборабудаўнічы факультэт Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытуту (цяпер гэта БНТУ) па спэцыяльнасьці інжынэр-электроншчык. З 1990-х працаваў на Беларускай тэлевізіі.

Потым — у карэспандэнцкім пункце ОРТ (грамадзкай расейскай тэлевізіі) па Беларусі. Кіраўніком беларускага карпункту тады быў Павал Шарамет, у самім карпункце працавалі апэратары Зьміцер Завадзкі, Сяргей Гельбах. Дзьмітры Наважылаў быў тады офіс-мэнэджарам.

Дзьмітры Наважылаў
Дзьмітры Наважылаў

Пасьля таго, як Павал Шарамет спачатку быў арыштаваны, а потым зьехаў працаваць у Маскву, Наважылаў ачоліў карпункт ОРТ у Менску. Хоць конкурс на вакантную пасаду быў вялікі.

На пачатку 2010-х гадоў Дзьмітры перайшоў працаваць у інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, быў «правай рукой» заснавальніка і тагачаснага кіраўніка агенцтва Алеся Ліпая. Пасьля заўчаснай сьмерці Ліпая ў жніўні 2018 году стаў дырэктарам БелаПАН. Пакінуў пасаду ў студзені 2022 году, калі 14 студзеня (пасьля затрыманьня Андрэя Аляксандрава) у офіс БелаПАНу прыйшоў АБЭЗ зь ператрусам.

Летам 2021 году Наважылаў зьяжджаў ва Ўкраіну, але вярнуўся. 18 жніўня яго разам зь Ірынай Леўшынай затрымалі.

Наважылаў захапляецца футболам, сам добра гуляе, ён быў арганізатарам турніру ў футболе сярод СМІ памяці былога супрацоўніка БелаПАН Юрыя Шырокага. А яшчэ Дзьмітры — заўзяты бітламан.

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі цяпер 31 прадстаўнік СМІ. Сама асацыяцыя дэ-юрэ зьліквідаваная ўладамі і працуе за мяжой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG