Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 кастрычніка: супраць мовазнаўцы Дулінай пачалі крымінальную справу; арыштавалі футбаліста Хамутоўскага; суд БелаПАН

абноўлена

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

Палітычна матываваны перасьлед беларусаў працягваецца.

Былую дацэнтку МДЛУ, сябра Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі Натальлю Дуліну затрымалі чацьвёрты раз за год, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Пазьней Міністэсртв ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што супраць яе пачалі справу паводле артыкулу 342 крымінальнага кодэксу за арганізацыю і пажрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці за актыўны ўдзел у іх. Паводле гэтага артыкулу ёй можа пагражаць да 3 гадоў зьняволеньня.

18 чэрвеня Дуліна вызвалілася пасьля 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП) — нібыта яна «размахвала рукамі і нецэнзурна лаялася». Папярэднія два затрыманьні таксама заканчваліся 15-сутачнымі арыштамі.

Са жніўня 2020 году яна пасьлядоўна выступае супраць гвалту. Яна падтрымала студэнцкі пратэст супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорсткасьці з боку сілавікоў.

Дуліну некалькі разоў затрымлівалі, у кастрычніку 2020 году яе арыштавалі на 14 сутак за падтрымку студэнцкага пратэсту і ўдзел у агульнанацыянальным страйку.

Падчас страйку яна зьвярнулася да студэнтаў у тэлеграм-канале «МДЛУ за свабоду» з заявай ад выкладчыкаў, якія выступаюць за перамены. Пасьля ўдзелу ў страйку дацэнтку звольнілі з МДЛУ. Дуліна лічыцца адным з найлепшых спэцыялістаў па італьянскай мове ў Беларусі.

Былому футбалісту зборнай Беларусі прысудзілі 13 сутак арышту

Паводле інфармацыі @tribuna_by, Васіль Хамутоўскі атрымаў 13 сутак адміністрацыйнага арышту за перасылку матэрыялаў з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.

Былога футбаліста зборнай Беларусі і трэнэра Васіля Хамутоўскага затрымалі 30 верасьня. Пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году ён асудзіў гвалт і зьехаў з краіны. Апошнім часам працаваў ва Ўкраіне разам з Алегам Дулубам. Затрымалі Васіля пасьля вяртаньня ў Беларусь.

Праўладныя каналы паведамлялі, што на Хамутоўскага завялі крымінальную справу.

Прысуд у «справе БелаПАН» будзе вынесены 6 кастрычніка

Падсудныя ў закрытым працэсе – галоўная рэдактарка недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына, колішні генэральны дырэктар агенцтва Дзьмітры Наважылаў, а таксама былы намесьнік дырэктара Андрэй Аляксандраў і сацыёляг Ірына Злобіна, якія нядаўна пабраліся шлюбам у СІЗА №1 Менска.

Андрэй Аляксандраў, Ірына Леўшына і Дзьмітры Наважылаў абвінавачваюцца ў стварэньні і дзейнасьці «экстрэмісцкага фармаваньня», хоць усіх затрымалі нашмат раней за рашэньне КДБ ад 1 лістапада 2021 прызнаць інфармацыйнае агенцтва «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Акрамя таго, Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай закідаецца «падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў беспарадках» (за тое, што аплочвалі адміністрацыйныя штрафы ўдзельнікам мірных пратэстаў). Калі журналісты ўжо знаходзіліся за кратамі, ім дадалі артыкул «здрада дзяржаве».

Андрэй Аляксандраў зь Дзьмітрыем Наважылавым праходзяць таксама як падазраваныя ў нявыплаце падаткаў у эквіваленце 200 тысяч даляраў на момант выстаўленьня фінансавых прэтэнзій.

Усіх фігурантаў справы БелаПАН праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Ніхто зь іх не прызнаў сябе вінаватым.

Былога журналіста з «прэзыдэнцкага пулу» Дзьмітрыя Семчанку арыштавалі яшчэ на 13 сутак

Былога супрацоўніка дзяржаўнага тэлеканала АНТ Дзьмітрыя Семчанку арыштавалі на 13 сутак, распавялі «Мэдыязоне» ягоныя сваякі. Судзілі яго за распаўсюджваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

16 верасьня суд арыштаваў Семчанку на 15 сутак паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве, а ягоную жонку Юлію аштрафаваў на 960 рублёў за «рэпосты з экстрэмісцкіх каналаў».

У жніўні 2020 Дзьмітры Семчанка звольніўся з тэлеканалу АНТ, дзе ўзначальваў прэзыдэнцкі пул журналістаў. У верасьні 2020 яго арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG