Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ну не хачу я зьяжджаць! Хтосьці павінен заставацца». Легендарная выкладчыца Натальля Дуліна пра свае чарговыя «суткі»


Натальля Дуліна, тут і далей архіўныя фота
Натальля Дуліна, тут і далей архіўныя фота

Экс-дацэнт Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Дуліна выйшла на волю пасьля пятага арышту. Гэтым разам ёй інкрымінавалі «дробнае хуліганства»: нібыта ў гандлёвым цэнтры яна размахвала рукамі, нецэнзурна лаялася.

Пагаварылі з Натальляй пра «адмысловую спэцапэрацыю» з канфіскацыяй 130 эўра, чарговыя 15 сутак і пра тое, чаму яна не зьяжджае з краіны.

Хто такая Натальля Дуліна:

  • Былая дацэнтка Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ), сябра Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі.
  • Са жніўня 2020 году Натальля Дуліна пасьлядоўна выступае супраць гвалту. Яна падтрымала студэнцкі пратэст супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткасьці з боку сілавікоў. Яе некалькі разоў затрымлівалі, у кастрычніку 2020 году арыштавалі на 14 сутак за падтрымку пратэсту студэнтаў і ўдзел у агульнанацыянальным страйку.
  • Падчас страйку Дуліна зьвярнулася да студэнтаў у тэлеграм-канале «МДЛУ за свабоду» з заявай ад выкладчыкаў, якія выступаюць за перамены. Пасьля ўдзелу ў страйку дацэнта звольнілі з МДЛУ.
  • Дуліна лічыцца адным з найлепшых адмыслоўцаў па італьянскай мове ў Беларусі.
Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

«Гэта было фэерычна — як вымалі з канвэрта ў пальчатках пад відэазапіс 130 эўра!»

Выкладчыца італьянскай мовы дацэнт Натальля Дуліна мае ў Італіі шмат сяброў, якія захацелі ёй дапамагчы, ведаючы, што падчас папярэдніх арыштаў у яе канфіскоўвалі тэлефоны і аргтэхніку.

«Прапаноўвалі перадаць грошы: ці на карту, ці праз плацёжныя сыстэмы. Я аднеквалася: маўляў, не, дзякуй, пажартавала, што потым ДФР будзе мной цікавіцца, што за „лялькаводы“ мне перадаюць сродкі. Потым мне напісалі, што брат адной са знаёмых зьвяжацца з Натальляй. Малады чалавек патэлефанаваў і прапанаваў сустрэцца ў гандлёвым цэнтры „Мома“ ў пэўны час».

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

Натальля сустрэлася з тым чалавекам, ён перадаў ключ ад камэры захоўваньня, дзе ляжыць падарунак ад італьянскіх сяброў. Паколькі яна вярталася са спартовай залі, адчыніла тую ячэйку, убачыла падарункавы пакецік, ня стала нават туды зазіраць, пакінула свой заплечнік. І вырашыла прагуляцца па гандлёвым цэнтры: зайшла ў адну краму, накіравалася ў наступную. І тут пачалася сапраўдная спэцапэрацыя, працягвае яна.

«Да мяне падышоў „таварыш“ і кажа: „Натальля Алегаўна, прайдзёмце“. І павёў мяне менавіта да той ячэйкі, забраў заплечнік і падарункавы пакет. Папрасіў прайсьці да машыны. Сьледчы надзеў гумовыя пальчаткі, пачалі відэаздымку. Ён урачыста адкрывае пакет, там каробачка цукерак, а ў канвэрце — эўрыкі!

Выцягвае купюры: дзьве па 50 эўра і тры па 10. У суме 130 эўра. Мяне пачалі дапытваць: а што гэта такое? Патлумачыла, што працую з італьянцамі, яны перадалі падарунак.

Але гэта было фэерычна — як вымалі з канвэрта ў пальчатках пад відэазапіс 130 эўра! Адкуль яны даведаліся? Напэўна, тэлефон праслухоўваюць.

Можа, я такі кліент, якога можна пастаянна закрываць і выконваць плян? Але апошнім разам было вельмі сьмешна. У рэйтынгу ўсіх абсурдных рэчаў я на першым месцы!» — разважае спадарыня Дуліна.

«Што вас зьвязвае з Украінай?» — пытаецца міліцыянт. Я адказваю: «Сумленьне».

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

Натальля кажа, што яе павезьлі ў Заводзкае РУУС, і там быў працяг «апытаньня» пад відэазапіс. Міліцыянты пыталіся, як яна ставіцца да таго, што адбываецца, якая ў яе пазыцыя. Дуліна адказала, што ня хоча зь імі нічога абмяркоўваць. Ёй аддалі грошы, тэлефон.

«„Чаму вы не захацелі зьехаць у Італію?“ — запыталіся. Я адказала, што, маўляў, няма настрою з прычыны таго, што адбываецца ва Ўкраіне і Беларусі. „Дык у нас у Беларусі ўсё стабільна, усё добра“. На што я адказала, што, маўляў, у вас усё добра, а ў нас — не. „Што вас зьвязвае з Украінай?“ — пытаецца міліцыянт. Я адказваю: „Сумленьне“. Ён даў мне параду: „Ня трэба нічога пісаць у фэйсбуку“», — расказала Натальля пра размовы, якія зь ёю вяліся. Тыя сілавікі зьехалі.

Потым яе вязуць у дзяжурную частку і паказваюць пратакол: «Размахвала рукамі, нецэнзурна лаялася, паводзіла сябе агрэсіўна» — артыкул 19.1, «дробнае хуліганства».

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

«Мяне агаварылі з мэтай пасадзіць»

Чалавека, зь якім Натальля сустракаліся ў гандлёвым цэнтры, таксама затрымалі — яна яго сустрэла ў дзяжурцы. На яго склалі такі ж самы пратакол — дробнае хуліганства. Абодва напісалі, што з пратаколам ня згодныя, віну не прызнаюць.

Суткі іх пратрымалі ў гэтай дзяжурцы, потым павезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна.

«Мы — так званыя „кантрольныя“, то бок палітычныя. Суткі я правяла зь пітушчымі жанчынамі. Зь імі цяжка, яны вельмі гучныя, пастаянна крычаць. Палітычныя спрабуюць дапамагчы адзін аднаму, падзяліцца рэчамі, а тут наадварот, кожны цягне сабе», — дзеліцца ўражаньнямі Натальля.

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

На наступны дзень жанчыну зноў прывезьлі ў РУУС, дзе адбываліся суды. У асноўным рэальным хуліганам давалі штрафы ў дзьве базавыя велічыні ці максымум трое сутак. А Натальлі і чалавеку, якога затрымалі зь ёю, прысудзілі па 15 сутак. Натальля кажа, што цяпер вельмі перажывае за чалавека, які ні ў чым не вінаваты, а на Акрэсьціна яшчэ і захварэў.

На судзе Натальля настойвала, каб выклікалі сьведку з выдуманым імем Міхаіл Крамараў.

«Маўляў, я лінгвіст і добра запамінаю галасы — гэтага чалавека там не было! Сьведка ў суд так і не зьявіўся. Я запатрабавала прадставіць відэазапіс — адхілілі. Судзьдзя Анастасія Осіпчык вынесла прысуд — 15 сутак. Я запярэчыла, што доказаў няма. Мне яна адказала, што я не павінна задаваць пытаньні судзьдзі.

Мяне агаварылі з мэтай пасадзіць. І вось я тут — як у нас была прымаўка ў камэры: „І вось я тут“», — Натальля ня можа стрымаць эмоцыі.

«Дзяўчынка пераслала артыкул зь „Зеркала“ пра падаражэньне маршрутак. Яе пасадзілі»

У ЦІПе Натальля трапіла ў камэру № 6, якую сядзельцы называлі «палатай № 6». Там сядзела шмат палітычных і «карусельшчыц».

«Хто сядзеў, той ведае: гэта тыя, якіх перазатрымліваюць па некалькі разоў. Некаторыя сядзелі па 60 сутак. Дык вось я ў траўні адседзела свае 15 сутак, потым 23 дні прабыла на волі. Адна жанчына, зь якой я сядзела мінулым разам, дагэтуль адбывала свае пакараньні — ну проста нон-стоп! Яна выйшла на волю толькі 15 чэрвеня!» — тлумачыць Натальля.

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

Ёй пашанцавала: за 23 дні, што яна была на волі, арыштанты дзякуючы настойлівай грамадзянцы Ізраілю дамагліся, каб усіх бяздомных «апрацавалі» ад паразытаў.

Зноў сядзела Дуліна зь легендарнай бяздомнай Алай Ільінічнай. А таксама з Настай Карнацкай, якую затрымалі разам з выдаўцом Андрэем Янушкевічам на адкрыцьці кнігарні «Кнігаўка». Са студэнткай-выдатніцай, якая вучыцца на 5 курсе юрыдычнага факультэту, у якой павінна быць абарона дыплёму. Студэнтка вельмі прасіла, каб яе адпусьцілі з адвакатам на абарону, але гэтага ёй не дазволілі.

Па назіраньнях Натальлі, у асноўным людзі сядзяць за рэпосты (артыкул 19.11), за адзіночныя пікеты, за непадпарадкаваньне і хуліганства.

«Адна дзяўчынка камусьці пераслала артыкул зь „Зеркала“ пра падаражэньне маршрутак. Яе пасадзілі. У многіх знаходзяць нейкія фатаздымкі з маршаў 2020 году. Па адміністрацыйных артыкулах іх затрымаць нельга — выйшаў тэрмін даўнасьці, таму іх бяруць адразу па крыміналцы: спачатку на 10 сутак, каб пасьпець сфармуляваць абвінавачваньне, а потым перавозяць у СІЗА — на „Валадарку“. Па палітычных, мабыць, ёсьць плян. Ім важна саджаць, рабіць выгляд, што яны працуюць», — дзеліцца сваімі назіраньнямі Натальля.

Гэтым разам умовы ўтрыманьня былі больш камфортныя — максымум 12 чалавек у двухмеснай камэры. Матрасаў і пасьцельнай бялізны па-ранейшаму не было, двойчы ўначы будзілі — а 2-й і 4-й.

«Але пэрсанал гэтым разам быў даволі спакойны. Нават знакаміты, раней „буйны“ супрацоўнік ЦІПу Яўген Урублеўскі паводзіў сябе цішэй вады, ніжэй травы. Магчыма, таму, што ў сакавіку нас было вельмі шмат, бралі за антываенны мітынг, яны былі раззлаваныя і на нас зрываліся. А тут была больш стабільная і спакойная абстаноўка.

У апошнія дні нам наагул прынесьлі пасту, шампуні, пракладкі — адбылося нешта неверагоднае!» — расказвае спадарыня Дуліна.

«Хтосьці павінен заставацца!»

За няпоўныя паўгода гэта ўжо трэцяе затрыманьне экс-дацэнта МДЛУ. Перапынак паміж першай і другой адседкай быў у 40 дзён, паміж другой і трэцяй — 23 дні. Гэтым разам у яе адкрытым тэкстам пыталіся: чаму яна не зьяжджае, ведаючы замежныя мовы і маючы столькі сяброў за мяжой?

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

«„Чаму ты не зьяжджаеш?“ Я не хачу рабіць ім на руку. Хтосьці павінен заставацца! Я ж не небясьпечная, я толькі кажу, што думаю.

Ну не хачу я зьяжджаць! І мяне абурае, што хтосьці вырашае за мяне, што мне рабіць.

Можа, я такі кліент, якога можна пастаянна закрываць і выконваць плян?» — задае рытарычнае пытаньне Натальля. І працягвае:

«Я застаюся рэалісткай пасьля пяці затрыманьняў. Узгадваю анэкдот пра аптыміста і пэсыміста. Пэсыміст кажа, што горш ужо ня будзе. А аптыміст пярэчыць: „Будзе, будзе“», — кажа Натальля Дуліна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG