Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быць беларусам — гэта ня мець свайго месца ў сьвеце»? «Купалаўцы» паказалі прэм’еру паводле «Сабак Эўропы» Бахарэвіча


Афіша
Афіша

«Купалаўцы» паказалі прэм’еру — спэктакль «Гусі-людзі-лебедзі», пастаўлены па адной з частак рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. У выходныя ў польскім Любліне адбылося тры паказы спэктакля, усе прайшлі з аншлягам.

Купалаўскі і Люблінскі тэатры праектаваў адзін архітэктар — Караль Казлоўскі

Прэм’ера спэктаклю «Гусі-людзі-лебедзі» адбылася на сцэне Люблінскага тэатру імя Юльюша Астэрвы. Будынак люблінскага тэатру праектаваў вядомы польскі архітэктар Караль Казлоўскі, на фасадзе дата пабудовы — 1886 год.

Той самы Караль Казлоўскі спраектаваў і Купалаўскі — Губэрнскі тэатар — у Менску, які адкрыўся 5 чэрвеня 1890-га. Будоўляй у Менску кіравалі інжынэры К.Увядзенскі і В. Мандража. Будынкі не аднолькавыя, але, як азначаюць і адмыслоўцы, і акторы-купалаўцы, падабенства ёсьць. Асабліва падобныя партэр і сцэна. Таму граць было «вельмі лёгка, прывычна, утульна», — прызнаваліся купалаўцы.

Будынак тэатру ў Любліне
Будынак тэатру ў Любліне

Сцэна перад спэктаклем
Сцэна перад спэктаклем

2049 год: «трасянка» «інаагент», «герой русского мира», «п’юшчы прэдседацель»

Жанр рамана «Сабакі Эўропы» — антыўтопія, ён быў выдадзены ў 2017 годзе ў выдавецтве «Логвінаў». Раман складаецца з шасьці вялікіх гісторый, пераплеценых паміж сабой. У некаторых частках антыўтопіі апавядаецца пра 2049 год на тэрыторыі Беларусі, якая страціла незалежнасьць і цалкам знаходзіцца пад уладай Расеі.

«Быць беларусам — гэта ня мець свайго месца ў сьвеце. Або інакш: быць беларусам — гэта ўсюды адчуваць сябе чужым, іншым. Магчыма, што і Чужаніцай, і Іншым. Ці так можна жыць? Ды так, па сутнасьці, мы і жывём», — так самі купалаўцы анансавалі спэктакль. Рэжысэр-пастаноўшчык спэктакля «Гусі-людзі-лебедзі» — Аляксандар Гарцуеў, які раней быў мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі.

Фае тэатра
Фае тэатра

2049 год. Вёска, сапраўдны назоў якой ніхто ўжо ня памятае, даўным-даўно была перайменаваная ў патрыятычныя «Белыя росы – 13». Беспрасьвет. Народ жыве бедна, паціху сьпіваецца.

Першая сцэна спэктакля — провады папоўскага сына Касмача ў войска, дзе ўся вёска п’е і разважае, на якую мяжу накіруюць служыць навабранца: на паўднёвую у «Кабульск» альбо на ўсходнюю ў «Харбінск».

Аповед вядзецца ад імя мясцовага старшаклясьніка Маўчуна, якога сыграў Аляксандар Казела. Бадай, толькі зь ягоных вуснаў гучыць чыстая беларуская мова. Астатнія героі размаўляюць на «трасянцы. Ролю бацькі Маўчуна выканаў Ігар Сігоў.

Ігар Сігоў
Ігар Сігоў
Аляксандар Казела
Аляксандар Казела

У ролі «п’юшчага прэдсядацеля Белых Росаў – 13» Солтыса — Аляксандар Зелянко.

«Намесьніцу па ідэалёгіі» Кераміну Аркадзеўну, якая «любіт родіну, пішет сьціхі і дзекламірует іх з выражэніем», сыграла народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосьцік.

Зоя Белахвосьцік
Зоя Белахвосьцік

Паліцай (актор Сяргей Чуб) «ісчэт неблаганадзёжных і пье з Солтысам».

Ролю вечна п’янага дзівака Какоўскага, «заложніка трагічэскіх абстаяцельств с іскаверканай судзьбой», які 9 жніўня «2020 года выйшаў з паліклінікі на вуліцы «Кісялёвай» у Менску і ўбачыў успышку, выканаў Алег Гарбуз. У фінале спэктакля яго забівае Маўчун.

Алег Гарбуз
Алег Гарбуз

Валянціна Гарцуева сыграла «інаагента Стэфку», якая дэсантавалася ў «Белыя Росы 13» на парашуце. І якую ў фінале забівае маёр Лебедзь, «герой „русского мира“» (яго сыграў Мікалай Стонька, які прыйшоў у купалаўскую трупу пасьля звальненьня з РТБД).

Валянціна Гарцуева (інаагент Стэфка)
Валянціна Гарцуева (інаагент Стэфка)
Мікалай Стонька (маёр Лебедзь)
Мікалай Стонька (маёр Лебедзь)

У спэктаклі таксама занятыя акторы Андрэй Дробыш, Кацярына Яворская, Эрык Арлоў-Шымкус, Міхаіл Зуй і рэжысэр Аляксандар Гарцуеў.

«Гэта такі сьмех празь сьлёзы: пра будучыню, якая нас чакае, якой мы ня хочам, але якая набліжаецца»

Усе тры паказы спэктаклю прайшлі з аншлягам. У Люблін прыехалі шмат беларусаў зь Вільні, Варшавы, іншых гарадоў. Было нямала і палякаў — па абодва бакі сцэны былі ўсталяваныя экраны з тытрамі па-польску. Удзячная публіка доўга не адпускала са сцэны трупу, было шмат кветак.

Гісторык, выкладчык ЭГУ і вялікі аматар тэатру Аляксей Ластоўскі прызнаецца, што знарок прыехаў зь Вільні, каб пабачыць сьляды былога Купалаўскага, панастальгаваць па старым клясычным Купалаўскім тэатры, які быў калісьці ў Менску.

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі

«Але зразумела, што гэта жанр антыўтопіі, выкананы ў фарсавым ключы, такі сьмех празь сьлёзы: пра будучыню, якая нас чакае (а можа, не чакае), якой мы ня хочам, але якая набліжаецца. Гэта вяртаньне ў колазварот беларускай кічавай культуры, якая трансфармаваная праз, скажам так, каляніяльны варыянт расейскай імпэрскай культуры.

Я, да прыкладу, не асаблівы аматар такога фарсавага, нават кічавага падыходу, але гэта цяпер ярка б’е, і б’е па эмоцыях. Таму аўдыторыя так эмацыйна рэагавала, бо гэта глыбока закранае ўсе балячкі, зь якімі мы сёньня жывём. Атрымалася рэфлексія», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі Аляксей Ластоўскі.

«Экстрэмісцкая трупа ставіць спэктакль паводле экстрэмісцкага рамана экстрэмісцкага аўтара»

Аўтар «Сабак Эўропы» Альгерд Бахарэвіч даведаўся, што купалаўцы зьбіраюцца ставіць спэктакль па ягонаму твору, у сакавіку, калі раман яшчэ ня быў прызнаны экстрэмісцкім. Хаця гісторыя з «экстрэмізмам» цягнецца з красавіка 2021 году, калі менская рэгіянальная мытня забрала на экспэртызу наклад «Сабак Эўропы», які перавыдавала выдавецтва «Янушкевіч».

«Думаю, што тыя людзі, якія займаліся пастаноўкай, цудоўна ўсё разумелі… Экстрэмісцкая трупа ставіць спэктакль паводле экстрэмісцкага рамана экстрэмісцкага аўтара. Так цяпер жыве беларускае мастацтва, сучасная літаратура, тэатар», — разважае аўтар «Сабак Эўропы».

Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

«Экстрэмісцкім матэрыялам» раман «Сабакі Эўропы» прызналі толькі ў траўні. Калі мы размаўлялі з Альгердам Бахарэвічам у суботу днём у Любліне, спэктакля ён яшчэ ня бачыў — купалаўцы загадалі яму прыйсьці на апошні нядзельны паказ.

«Ідэя належыць самім купалаўцам. Наколькі я разумею, рэжысэр Аляксандар Гарцуеў прачытаў раман, зацікавіўся. Гэта выбар самога тэатру. Я сам са зьдзіўленьнем даведаўся, што купалаўцы будуць ставіць спэктакль паводле «Сабакаў». Са мной ня раіліся, на рэпэтыцыях я не прысутнічаў, нічога не абмяркоўвалі. Так што я сам зь нецярплівасьцю чакаю прэм’еры», — прызнаўся аўтар экстрэмісцкіх «Сабак Эўропы».

Аднак Бахарэвіч ня вельмі рады, што пра «Сабак Эўропы» зараз шмат пішуць у СМІ менавіта з нагоды прызнаньня іх экстрэмісцкім матэрыялам.

«Я думаю, што тое, што кніга прызнана экстрэмісцкай, што яе канфіскуюць з крамаў, бібліятэк, натуральна, будзе спрыяць цікавасьці да яе. З аднаго боку, гэта піяр, але папраўдзе нічога добрага», — канстатуе пісьменьнік.

Удзельнікі спэктаклю на паклоне
Удзельнікі спэктаклю на паклоне
  • «Гусі-людзі-лебедзі» — другая тэатральная пастаноўка антыўтопіі «Сабакі Эўропы». У сакавіку спэктакль па раману паставіў «Свабодны тэатар» на сцэне лёнданскага Barbican Centre. Інсцэніроўку рамана зрабілі рэжысэр Мікалай Халезін і драматург Марыя Бяльковіч. У вэрсіі рэжысэра Мікалая Халезіна і драматурга Марыі Бяльковіч большая частка спэктакля прысьвечаная падзеям рамана ў Бэрліне, дзе знаходзяць паэта, які памёр, а ў мінулым пісаў вершы на незнаёмай мове.
  • У найбліжэйшы час паглядзець спэктакль «Гусі-людзі-лебедзі» можна будзе 29 і 30 чэрвеня ва Ўроцлаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG