За кратамі, бо журналісты

За кратамі

бо журналісты

З пачаткам выбарчай кампаніі ў Беларусі ўлады пачалі вайну супраць журналістаў. Іх пазбаўляюць акрэдытацый, зьбіваюць, страляюць па іх гумовымі кулямі, затрымліваюць, саджаюць на суткі. Асабліва моцным ціск на мэдыя ў Беларусі стаў пасьля выбараў. З таго часу журналістаў больш за 300 разоў затрымлівалі, 65 чалавек пакаралі арыштам на тэрмін ад 3 да 30 сутак. Беларуская асацыяцыя журналістаў адсочвае ўсе выпадкі перасьледу журналістаў. Вось тыя, хто ўсё яшчэ ў зьняволеньні.

Ігар Лосік

Ігар Лосік, фрылансэр-кансультант Радыё Свабода, за кратамі з 25 чэрвеня 2020

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня ў ягонай кватэры ў Баранавічах. Там правялі ператрус і адвезьлі Ігара ў Менск. У той жа дзень стала вядома, што адміністратара папулярнага тэлеграм-каналу абвінавачваюць у «падрыхтоўцы да парушэньня грамадзкага парадку». З таго часу ён знаходзіўся ў розных ізалятарах, апошнія месяцы — у турме №8 у Жодзіне.

Цягам 41 дня (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021) трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Абвінавачаньне: частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і частка 2 артыкула 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

за кратамі ўжо
Турма №8. 222163, Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а
20 траўня 1992
Дар’я Чульцова

Дар’я Чульцова, журналістка «Белсату», за кратамі з 15 лістапада 2020

Дар’ю Чульцову затрымалі разам з Кацярынай Андрэевай у кватэры на «плошчы Пераменаў». 15 лістапада яны працавалі там падчас пратэставай акцыі.

Пасьля 7 сутак адміністрацыйнага арышту Дар’я ня выйшла на волю. Ён выставілі крымінальны артыкул 342: арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. 18 лютага ёй прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Прысуд: 2 гады ў калёніі агульнага рэжыму за парушэньне артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Судзьдзя: Натальля Бугук.

за кратамі ўжо
СІЗА-8, 222160, Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а
20 лютага 1997
Кацярына Андрэева

Кацярына Андрэева, журналістка «Белсату», за кратамі з 15 лістапада 2020

Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) затрымалі 15 лістапада ў кватэры на «плошчы Пераменаў», адкуль яна вяла стрым для тэлеканалу «Белсат». У кватэры выламалі дзьверы, унутр забеглі дзесяць спэцназаўцаў і загадалі зьбіраць рэчы. На якой падставе яе затрымліваюць, Кацярыне не патлумачылі.

Андрэеву асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне». Яна не прызнала віны і абвінаваціла міліцыянтаў, якія складалі пратакол, у лжэсьведчаньні. Потым яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

18 лютага ёй прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Прысуд: 2 гады ў калёніі агульнага рэжыму за парушэньне артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Судзьдзя: Натальля Бугук.

за кратамі ўжо
СІЗА-8, 222160, Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а
2 лістапада 1993
Кацярына Барысевіч

Кацярына Барысевіч, журналістка TUT.BY, за кратамі зь 19 лістапада 2020

Кацярыну Барысевіч і доктара лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада. Барысевіч была аўтаркай артыкулу, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Сарокін, які тым самым зьняпраўдзіў словы ўладаў, нібыта падчас бойкі на «плошчы Пераменаў» Раман Бандарэнка быў пʼяны.

Паводле матэрыялаў справы, Кацярына Барысевіч «бяз згоды пацыента або іншых упаўнаважаных асобаў» угаварыла лекара Арцёма Сарокіна даць вусную інфармацыю пра пацыента лякарні Рамана Бандарэнку і перадаць праз мэсэнджар Telegram фатакопіі мэдычнай дакумэнтацыі, усьведамляючы, што запрошаная ёй інфармацыя складае мэдычную тайну і яна ня мае права на яе атрыманьне і распаўсюд.

У выніку закрытага ад грамадзкасьці працэсу Барысевіч пакаралі 6 месяцамі пазбаўленьня волі і штрафам у 2900 рублёў. Больш за тры месяцы зьняволеньня да суду залічаць у адбываньне пакараньня.

Прысуд: 6 месяцаў пазбаўленьня волі і штраф 2900 рублёў.

Судзьдзя: Сьвятлана Бандарэнка.

за кратамі ўжо
СІЗА-8, 222160, Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а
2 красавіка 1984
Ксенія Луцкіна

Ксенія Луцкіна, журналістка, за кратамі з 22 сьнежня 2020

Да канца жніўня 2020 году Ксенія Луцкіна працавала спэцыяльным карэспандэнтам на Белтэлерадыёкампаніі. Потым звольнілася і далучылася да Каардынацыйнай рады. Яна таксама праходзіць у «справе Прэс-клюбу». Яе абвінавачваюць у пасобніцтве ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.

Абвінавачаньне: частка 6 артыкулу 16 Крымінальнага кодэксу (саўдзел у злачынстве) і частка 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

за кратамі ўжо
СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.
14 лютага
Пятро Слуцкі

Пятро Слуцкі, апэратар «Прэс-клюбу», за кратамі з 22 сьнежня 2020

Пятра Слуцкага затрымалі 22 сьнежня. Ён знаходзіўся ў офісе «Прэс-клюбу», калі туды прыйшлі сілавікі з вобшукам.

Як і іншых затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу», Пятра Слуцкага абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Яго ўтрымліваюць у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.

Абвінавачаньне: частка 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

за кратамі ўжо
СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2
10 лістапада 1991
Сяргей Альшэўскі

Сяргей Альшэўскі, фінансавы дырэктар «Прэс-клюбу», за кратамі з 22 сьнежня 2020

Сяргея Альшэўскага затрымалі 22 сьнежня. Як і іншых затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу», Альшэўскага абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Яго ўтрымліваюць у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.

Абвінавачаньне: частка 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

за кратамі ўжо
СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2
15 траўня 1984
Ала Шарко

Ала Шарко, праграмная дырэктарка «Прэс-клюбу», за кратамі з 22 сьнежня 2020

22 сьнежня сілавікі прыйшлі зь ператрусам дахаты да Алы Шарко, праграмнай дырэктаркі «Прэс-клюбу Беларусь». Потым яе адвезьлі на допыт у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў.

Як і іншых затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу», Алу Шарко абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Яе ўтрымліваюць у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.

Абвінавачаньне: частка 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

за кратамі ўжо
СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2
24 жніўня 1977
Юлія Слуцкая

Юлія Слуцкая, заснавальніца «Прэс-клюбу», за кратамі з 22 сьнежня 2020

Юлію Слуцкую затрымалі ў менскім аэрапорце 22 сьнежня, калі яна вярталася ў Беларусь пасьля адпачынку. Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў праводзіў у яе дома ператрус. Потым яе адвезьлі ў ДФР.

Юлія Слуцкая – заснавальніца мэдыяарганізацыі «Прэс-клюб Беларусь», якая ладзіць адукацыйныя праекты для журналістаў, займаецца дасьледаваньнямі СМІ.

Цяпер Слуцкая знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Яе абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.

Абвінавачаньне: частка 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

за кратамі ўжо
СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2
15 верасня 1964
Сяргей Гардзіевіч

Сяргей Гардзіевіч, журналіст сайта «Першы рэгіён», пад хатнім арыштам з 25 сьнежня 2020

Знаходзіцца пад хатнім арыштам у Драгічыне з 25 сьнежня. Сяргея Гардзіевіча абвінавачваюць паводле артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»). Журналіст не дае паказаньняў і не прызнае сябе вінаватым у злачынстве. Абвінавачаньне: арт. 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»)

Абвінавачаньне: арт. 368 Крымінальнага кодэксу («Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»).

пад хатнім арыштам ўжо
22 чэрвеня
Андрэй Аляксандраў

Андрэй Аляксандраў, журналіст, за кратамі з 12 студзеня 2021

Андрэй Аляксандраў, 43 гады, перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня. Амаль суткі родныя і калегі ня ведалі пра яго месцазнаходжаньне. Потым стала вядома, што Андрэя і ягоную дзяўчыны Ірыну Злобіну затрымалі як падазраваных паводле крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Намесьнік міністра ўнутраных спраў заявіў, што яны фінансавалі ўдзельнікаў пратэстаў «у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампэнсацыяў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ». Праваабаронцы цьвердзяць, што гэта законная дабрачынная дзейнасьць. Аляксандраў знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна.

Абвінавачаньне: арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў).

за кратамі ўжо
СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2
27 студзеня 1978
Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын, журналіст-расьсьледавальнік за кратамі з 12 сакавіка 2021

Рэдактара-валянтэра міжнароднай расьсьледвальнай супольнасьці InformNapalm і пазаштатнага карэспандэнта газэты «Новы час» Дзяніса Івашына супрацоўнікі КДБ затрымалі 12 сакавіка ў ягонай кватэры ў Горадні. Журналіста вінавацяць па 365-м крымінальным артыкуле — «Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў». Блізкія мяркуюць, што гэта зьвязана з апошнім ягоным расьсьледаваньнем пра службу былых украінскіх беркутаўцаў у МУС Беларусі.

Журналіст адмовіўся ад супрацы са сьледзтвам і не прызнае сябе вінаватым.

Абвінавачаньне: Арт. 365 Крымінальнага кодэксу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў»).

за кратамі ўжо
Турма № 1, 230023, Гродна, вул. Кірава, д. 1
6 чэрвеня 1979
Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут, журналіст, за кратамі з 25 сакавіка 2021

25 сакавіка, у разгар беларуска-польскага дыпляматычнага канфлікту, у Горадні прайшлі ператрусы ў сяброў непрызнанага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў у Беларусі. Генпракуратура распачала крымінальную справу за «распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці». Сярод арыштаваных лідэраў арганізацыі і вядомы журналіст 47-гадовы Анджэй Пачобут. СПБ, а таксама ўрад Польшчы заявілі, што перасьлед ёсьць «актам запалохваньня ўсёй польскай меншасьці ў Беларусі».

Абвінавачаньне: Частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу («распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» і «рэабілітацыю нацызму»).

за кратамі ўжо
СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2
16 красавіка 1973