Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістцы Кацярыне Андрэевай вынесьлі новы вырак: яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня


Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева

Кацярыну Андрэеву чакалі на волі ў верасьні, калі яна мела выйсьці пасьля адбыцьця пакараньня ў 2 гады зьняволеньня за стрым з акцыі пратэсту. Але цяпер журналістку асудзілі паводле артыкула «Здрада дзяржаве».

13 ліпеня завяршыўся новы крымінальны працэс над журналісткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай). Разгляд справы праходзіў з 4 ліпеня ў закрытым рэжыме ў Гомельскім абласным судзе.

Шостага ліпеня муж Кацярыны Ігар Ільяш паведаміў, што ў судзе да 13 ліпеня абвешчаны перапынак. Як паведаміў «Белсат», 13 ліпеня апоўдні агучылі вырак: 8 гадоў зьняволеньня. Пазьней БелТА напісала пра вырак закрытага суду: 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Як піша БелТА, «здрада дзяржаве», вінаватай у якой прызналі Кацярыну Андрэеву, выражалася ў «выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам дзяржаўных таямніц Рэспублікі Беларусь».

Каця ўспрыняла прысуд са спакойнай годнасьцю. Калі зачытвалі лічбу, яна іранічна ўсьміхалася.

«На падставе якіх падзей узьнікла гэтая справа — нам дагэтуль невядома, — напісаў у Фэйсбуку Ігар Ільляш. — У судзе было заяўлена, што Каця прызнана вінаватай „у перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве“. У прынцыпе, ужо гэтага дастаткова, каб зразумець мэханізм генэраваньня падобнага абвінавачаньня. Каця працавала на замежныя СМІ, а журналісцкія расьсьледаваньні былі адной зь яе прафэсійных спэцыялізацый... Г.зн. на адзін зь яе старых журналісцкіх матэрыялаў проста нацягнулі фармулёўку з арт. 356 КК і далі за гэта 8 гадоў. Прычым некалькі гадоў таму тое, за што цяпер атрымала гэты людаедзкі тэрмін Каця, не лічылася нават адміністрацыйным правапарушэньнем — ну, а інакш бы гэтая справа зьявілася тады, а не цяпер, калі Каця ўжо больш за 600 дзён пазбаўленая волі. Але плянка ненармальнасьці ўзьнялася за гэты час да завоблачных вышынь».

Ён паведаміў, што «Каця ўспрыняла прысуд са спакойнай годнасьцю. Калі зачытвалі гэтую лічбу, яна іранічна ўсьміхалася».

Прысуд Кацярыне пракамэнтавала Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў:

«Беларускі дыктатар і ягоныя паплечнікі ня грэбуюць нават самымі нізкімі дзеяньнямі. Яны дайшлі да таго, што прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці раней несправядліва асуджаную журналістку па новых сфабрыкаваных абвінавачаньнях», — заявіла прэзыдэнт Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў Мая Сэвэр.

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў заклікала Эўразьвяз, Раду Эўропы і АБСЭ ўзмацніць дыпляматычны ціск на беларускае кіраўніцтва.

Пра новую крымінальную справу супраць Кацярыны стала вядома ў лютым 2022 году, гэтым разам журналістку абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве.

З калёніі Кацярыну перавялі ў СІЗА-3 Гомля, новае сьледзтва цягнулася менш за два месяцы. Працэс мог пачацца ўжо ў траўні, але зь невядомай прычыны працэсы запаволіліся.

Што напісана ў артыкуле «Здрада дзяржаве»

«Выдача замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі або іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама зьвестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або шпіянаж, або агентурная дзейнасьць, або пераход на бок ворага падчас вайны або збройнага канфлікту, альбо іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі або іх прадстаўніку ў правядзеньні дзейнасьці на шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна зьдзейсьненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве), — караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў».

Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву) затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з «плошчы Перамен», дзе адбывалася акцыя памяці загінулага ўдзельніка пратэстаў Рамана Бандарэнкі. 18 лютага 2021 году яе разам з апэратаркай Дар’яй Чульцовай прызналі вінаватай у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і прысудзілі 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ад пачатку новага сьледзтва ў лютым 2022 году Андрэева знаходзіцца ў СІЗА-3 Гомля, раней яна адбывала пакараньне ў жаночай гомельскай калёніі. Яна ня мае праблем у ліставаньні са сваякамі, лісты праходзяць хутка і амаль усе. Пошты ад іншых людзей Кацярына амаль не атрымлівае.

Першы тэрмін зьняволеньня журналісткі канчаецца ў верасьні 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG