Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прамая атака на свабоду прэсы». У Эўразьвязе адрэагавалі на новы працэс над Кацярынай Андрэевай


Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева

4 ліпеня Гомельскі абласны суд пачынае разгляд новай справы журналісткі Кацярыны Андрэевай, раней асуджанай на 2 гады зьняволеньня. Яе судзяць праз абвінавачаньне аб здрадзе дзяржаве. Ёй пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Выданьне DW сабрала інфармацыю, як рэагуюць на новы працэс над Кацярынай Андрэевай у Эўразьвязе і Беларусі.

Дэпутатка Эўрапарлямэнту: «Абвінавачаньні абсалютна беспадстаўныя»

Нямецкі палітык і дэпутатка Эўрапарлямэнту Дэляра Буркгарт (Delara Burkhardt) у рамках кампаніі салідарнасьці #WeStandBYyou міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco узяла на сябе ролю «хроснай» журналісткі.

«Дэмакратыя памірае там, дзе адсутнічае свабода прэсы. Гэта паказвае лёс Кацярыны Андрэевай, — сказала Буркгарт DW. — Яна ўжо два гады знаходзіцца ў турме. Калі Кацярыну прызнаюць вінаватай, яна можа быць незаконна заключаная ў турму яшчэ на 15 гадоў. Мы з болем усьведамляем, што гэта значыць для яе, ейных сваякоў і многіх іншых журналістаў. Гэтыя абвінавачаньні абсалютна беспадстаўныя і зьяўляюцца прамым нападам на свабоду прэсы».

Палітык лічыць, што «ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсім сьвеце трэба абараняць незалежную журналістыку».

Нямецкі саюз журналістаў: «Замест турэмнага зьняволеньня яна павінна атрымаць мэдаль»

«Дзяржаўная здрада? Гэтае абвінавачаньне ў адрас нашай калегі Кацярыны Андрэевай зьяўляецца абразай, — заявілі ў Нямецкім саюзе журналістаў (DJV). — Журналіст — гэта ня здраднік, а асьветнік. Замест турэмнага зьняволеньня яна павінна атрымаць мэдаль. Не — суду над Кацярынай Андрэевай, не — турэмнаму зьняволеньню! Свабоду прэсе ў Беларусі!»

Фонд Zeit: «Сьмеласьць не павінна карацца асуджэньнем»

За час зьняволеньня Кацярына Андрэева была ўзнагароджаная некалькімі журналісцкімі прэміямі, у тым ліку Ляйпцыгскай прэміяй за свабоду СМІ і Free Media Awards, якую прысуджае гамбурскі фонд Zeit сумесна з нарвэскім фондам Stiftelsen Fritt Ord.

Прафэсар Мануэль Гартунг (Prof. Manuel J. Hartung), старшыня праўленьня фонду Zeit, кажа, што такія журналісты, як Кацярына Андрэева, выступаюць за свабоднае асьвятленьне падзей:

«За гэта мы прысудзілі ёй прэмію Free Media Award у 2021 годзе. Бязьмежная сьмеласьць, зь якой Кацярына Андрэева асьвятляла пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі, дазволіла многім людзям у Беларусі скласьці ўласную думку аб гэтых пратэстах. Гэтая сьмеласьць не павінна карацца асуджэньнем, гэта прамая атака на свабоду прэсы», — лічыць ён.

«Рэпартэры бязь межаў»: «Узровень рэпрэсій у Беларусі вышэйшы, чым у Расеі»

У арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» упэўнены, што расплывістае абвінавачаньне, якое выставілі Кацярыне, можна прымяніць супраць любога.

«Андрэева — ужо трэці журналіст у Беларусі, супраць якога выставілі падобныя абвінавачаньні (у дзяржздрадзе абвіначваюць таксама мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і журналіста Дзяніса Івашына). І тут, відавочна, выкарыстоўваецца мэтодыка, якая павінна прымусіць замаўчаць усіх нязгодных».

У арганізацыі зьвяртаюць увагу, што раней улады прымянялі супраць журналістаў адміністрацыйныя штрафы, цяпер жа іх могуць пазбавіць волі надоўга.

«Можна меркаваць, што на фоне крызісу ва Ўкраіне ўвага Захаду да Беларусі кардынальна зьменшылася. І Лукашэнка спрабуе зараз закруціць гайкі. Трэба адзначыць, што ўзровень рэпрэсій у Беларусі вышэйшы, чым у Расеі. У Беларусі за кратамі знаходзяцца 27 журналістаў, тады як, паводле нашай інфармацыі, у Расеі — 11», — заявіў у інтэрвію DW Біргер Шуц (Birger Schütz), супрацоўнік прэс-службы «Рэпартэраў бязь межаў».

Прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі: «Суд над Кацярынай — гэта расправа»

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыс Гарэцкі лічыць Кацярыну Андрэеву прыкладам мужнасьці і сапраўднай незалежнай журналістыкі.

«Яна ўсе гады была на перадавой рэпартажу ў Беларусі, у месцы гарачых падзей, і ніколі не баялася знаходзіцца менавіта там, дзе праходзяць пратэсты і затрыманьні», — нагадвае ён.

Барыс упэўнены, што Андрэева трапіла за краты за сваю сьмеласьць:

«І зараз Кацярыне працягваюць помсьціць за яе пазыцыю. За тое, што яна не паддалася на хітрыкі рэжыму, за тое, што не памяняла сваё меркаваньне, і была заведзеная новая крымінальная справа».

Барыс Гарэцкі адзначае, што працэс над Кацярынай быў арганізаваны, каб «навеяць страх астатнім журналістам і ўвогуле грамадзтву, паказаць, што над любым чалавекам у Беларусі можна зладзіць такую расправу.

«Вядома ж, Каця невінаватая. Невінаваты ніхто з палітвязьняў і журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі. А суд над ёй — гэта расправа», — кажа ён.

Кацярына Андрэева: «Мы ня маем права на ўсякія «няма сіл»

Ігар Ільяш на сваёй старонцы ў Facebook апублікаваў урывак ліста Кацярыны са зьняволеньня, які дэманструе яе сілу волі.

«Я нібы разблякавала апошні ўзровень у складанай гульні. Толькі гэта не гульня. І мы ня маем права на ўсякія „няма сіл“, „больш не магу“ і г.д., — напісала журналістка мужу. — Таму нічога не застаецца, акрамя таго, што і так умеем: сабраць усю волю, цярпеньне, вытрымку, стрыманасьць і са спакойнай годнасьцю глядзець наперад».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG