Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьледзтва заняло менш часу, чым справа знаходзіцца ў судзе». Што адбываецца са справай журналісткі Кацярыны Андрэевай


Кацярына Бахвалава (Андрэева)
Кацярына Бахвалава (Андрэева)

Матэрыялы новай крымінальнай справы супраць яе былі перададзеныя ў суд у сярэдзіне красавіка. Яны знаходзяцца там ужо даўжэй, чым працягвалася сьледзтва.

Журналістку тэлеканала «Белсат» Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву) затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з «плошчы Перамен», дзе адбывалася акцыя памяці загінулага ўдзельніка пратэстаў Рамана Бандарэнкі. 18 лютага 2021 году яе разам з апэратаркай Дар’яй Чульцовай прызналі вінаватай у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і прысудзілі 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

Пра новую крымінальную справу супраць Кацярыны стала вядома ў лютым 2022 году, на гэты раз журналістку абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. З калёніі Кацярыну перавялі ў СІЗА-3 Гомля, новае сьледзтва цягнулася менш за два месяцы. Працэс мог пачацца ўжо ў траўні, але пра яго дагэтуль нічога невядома.

«У суд справу Кацярыны перадалі ў сярэдзіне красавіка, — расказвае муж журналісткі Ігар Ільяш. — Яе атрымалі ў Гомельскім абласным судзе. І з таго часу ніякага зруху ў справе няма, ніякай новай інфармацыі. Я прагназаваў, што працэс адбудзецца яшчэ ў сярэдзіне траўня, зыходзячы з таго, як разьвівалася яе першая справа. Але дата пачатку суду не прызначаная дагэтуль. І так цікава атрымліваецца, што сьледзтва заняло менш часу, чым гэтая справа цяпер знаходзіцца ў судзе».

Ігар кажа, што ня можа ведаць, з чым гэта зьвязана. Кацярыне ўжо двойчы падаўжалі час знаходжаньня пад вартай у СІЗА. Новы тэрмін — да другой паловы ліпеня. Па словах мужа палітзьняволенай журналісткі, у сярэдзіне ліпеня скончацца законныя падставы трымаць Кацярыну ў СІЗА, таму Ігар разьлічвае на нейкія зрухі ў яе сытуацыі.

«Пачатак суду можа адбыцца зараз у любы час, — кажа ён. — Хоць заўтра. Але я думаю, што раней за ліпень працэс не пачнецца, гэта цяжка будзе арганізаваць фізычна. Мы нічога ня ведаем па-ранейшаму, ніякіх падрабязнасьцяў. Толькі тая інфармацыя ёсьць, якую Каця сама агучыла бацькам па тэлефоне. Адвакат пад падпіскай аб невыдаваньні. Ніякіх дэталяў ён ня можа расказаць».

Такая затрымка з пачаткам судовага працэсу супраць журналісткі выглядае не зусім звычайна. Прыблізны тэрмін пачатку разгляду крымінальных справаў, які праходзіць пасьля іх перадачы ў суд, — адзін месяц. Родныя самой Кацярыны зьвязваюць затрымку з тым, што ўлады пакуль не вырашылі, што ім рабіць з палітзьняволенай журналісткай далей.

«Адзінае, што прыходзіць у галаву, што, відаць, яшчэ не прынятае рашэньне аб Каці, — гаворыць Ігар Ільляш. — Бо калі ўлады ведаюць, чаго хочуць, то ўсё робіцца вельмі хутка. І нават сам працэс можа заняць усяго некалькі гадзінаў, як гэта было ў выпадку Андрэя Кузьнечыка (фрылянсэр Радыё Свабода, асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі; працэс працягваўся каля трох гадзін. — РС). Тут рашэньня канчатковага яшчэ, відаць, няма. І таму гэта ўсё моцна зацягваецца. Суд мусіў пачацца яшчэ месяц таму».

Кацярына Андрэева (Бахвалава) ад моманту пачатку новага сьледзтва ў лютым 2022 году знаходзіцца ў СІЗА-3 Гомля, раней яна адбывала пакараньне ў жаночай гомельскай калёніі. Яна ня мае праблем у ліставаньні са сваякамі, лісты праходзяць вельмі хутка і амаль усе. Пошту ад іншых людзей Кацярына амаль не атрымлівае.

«Кацярына ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня, — дадае Ігар. — Гаворыць, што ёй прасьцей знаходзіцца ў СІЗА, чым у калёніі. Там няма фізычнай нагрузкі і лепшая агульная атмасфэра, не такая гнятлівая. Настрой у Каці захоўваецца. Такі роўны спакой. Піша, што варта сабраць волю ў кулак і глядзець наперад. Гатовая да любога сцэнару, але спадзяецца, што яе гісторыя вырашыцца значна хутчэй, чым магчыма ў гэтай сытуацыі. Маю на ўвазе той тэрмін, які пагражае Каці ў новай справе».

Артыкул Крымінальнага кодэксу 356 «Здрада дзяржаве» прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 7 да 20 гадоў. Першы тэрмін зьняволеньня журнлісткі сканчаецца ў верасьні 2022 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG