Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада баіцца праўды, разьбівае люстэрка, у якое глядзіць». Чым адметны для Беларусі БелаПАН


Дырэктар і галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, якую затрымалі сёньня. На сьцяне — партрэт заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая. Сакавік 2021
Дырэктар і галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, якую затрымалі сёньня. На сьцяне — партрэт заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая. Сакавік 2021

Расказваем пра каманду незалежнага інфармагенцтва БелаПАН, да якой 18 жніўня прыйшлі зь ператрусамі.

18 жніўня ў кватэры супрацоўнікаў БелаПАНу, якія застаюцца працаваць у Беларусі, прыйшлі сілавікі зь ператрусамі. Некаторых адпусьцілі пад падпіскі аб неразгалошваньні, некалькі чалавек зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

За 30 гадоў існаваньня БелаПАН перажыў шмат ператрусаў

Беларускае прыватнае агенцтва навінаў (БелаПАН) — незалежнае інфармацыйнае агенцтва Беларусі, заснаванае ў лістападзе 1991 году Алесем Ліпаем (1966–2018) і Віталём Цыганковым. З таго часу не адзін раз улады ладзілі ў кампаніі шматлікія праверкі, ператрусы, заводзілі на супрацоўнікаў крымінальныя справы, кідалі журналістаў за краты, заблякавалі сайт Naviny.by.

Заснавальнік БелаПАНу Алесь Ліпай быў першым у Беларусі карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі, працаваў з 1988 году.

У чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу.

Алесь Ліпай быў таксама пранікнёным паэтам-лірыкам, сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Выйшлі кнігі паэзіі «Пад сьнегам» (2001), «Рэшта» (2007) і «Абдымкі» (2017). Алесь таксама рабіў вельмі прыгожыя фатаздымкі.

12 чэрвеня 2018 году супраць Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку, правялі ператрус у ягонай кватэры. Крымінальны перасьлед Ліпая лічылі зьвязаным зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю.

Архіўнае фота. Дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН выходзіць у суправаджэньні міліцыі пасьля ператрусу ў ягонай кватэры. 14 чэрвеня 2018 году
Архіўнае фота. Дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН выходзіць у суправаджэньні міліцыі пасьля ператрусу ў ягонай кватэры. 14 чэрвеня 2018 году

7–8 жніўня 2018 году ў офісе БелаПАНу і ў асобных супрацоўнікаў у кватэрах і на лецішчах быў ператрус, завялі крымінальную справу аб несанкцыянаваным доступе да інфармацыі БелТА.

Тацяну Каравянкову і Ірыну Леўшыну тады зьмясьцілі на некалькі дзён у ІЧУ на Акрэсьціна.

Гэтыя падзеі адбіліся на здароўі заснавальніка і кіраўніка кампаніі. 23 жніўня Алесь Ліпай раптоўна памёр, крымінальную справу на яго закрылі. Партрэт заснавальніка агенцыі дагэтуль знаходзіцца ў офісе кампаніі.

Да каго прыйшлі 18 жніўня: Леўшына, Шчарбакоў, Турчына, Боева, Зайцаў, Наважылаў

Ірына Леўшына прыйшла ў БелаПАН у верасьні 1992 году на запрашэньне свайго аднакурсьніка Алеся Ліпая. З 2004 году яна — галоўны рэдактар, з 22 студзеня 2021 году — дырэктар і галоўны рэдактар БелаПАН.

Ірына Леўшына ў рэдакцыі. Сакавік 2021
Ірына Леўшына ў рэдакцыі. Сакавік 2021

Менавіта на яе плечы лёг цяжар апошніх «наездаў», ператрусаў, арыштаў калег. Увосень 2020 году цэлыя ночы праводзіла пад сьценамі пастарункаў, дзе трымалі супрацоўнікаў БелаПАН.

У вялікім інтэрвію, якое Ірына Леўшына дала Радыё Свабода ў сакавіку 2021 году, яна разважае:

«Я, дарэчы, лічу, што менавіта сёньня, калі дыктатура ў краіне перарасла ў адкрыты тэрор, уплыў журналістаў пераацаніць складана. Менавіта таму нам абвясьцілі вайну: нас блякуюць, на нас палююць, нас абшукваюць, арыштоўваюць і судзяць, нас прымушаюць зьяжджаць за мяжу. Усімі сродкамі нас імкнуцца запалохаць і прымусіць замаўчаць. Каб той жах, які адбываецца, не выходзіў за межы краіны, каб усе злачынствы можна было рабіць шыта-крыта. Я бясконца ганаруся сваімі калегамі, што працуюць сёньня ў Беларусі, узроўнем іх прафэсіяналізму і грамадзянскай пазыцыяй. І гэта — ні разу ня патас».

Нягледзячы на шматлікія папярэджаньні аб пагрозе, Ірына прынцыпова вырашыла нікуды не зьяжджаць з краіны, працаваць да апошняга тут.

18 жніўня раніцай у яе дома адбыўся ператрус, потым Ірыну павезьлі ў офіс БелаПАНу, адтуль — ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску.

Дачка Ірыны Ганна Леўшына — вядомая дызайнэрка адзеньня. Сама Ірына вельмі любіць кветкі.

Архіўнае фота. У рэдакцыі БелаПАН: журналісты за працай. Сакавік 2021 году
Архіўнае фота. У рэдакцыі БелаПАН: журналісты за працай. Сакавік 2021 году

Журналіста Захара Шчарбакова ў рэдакцыі называюць інтэлектуалам. Зь БелаПАНу яго забралі ў войска, адслужыў — вярнуўся ў агенцтва.

«Увесь гарачы жнівень 2020 году Захар адпрацаваў на вуліцах, быў у самых небясьпечных пунктах, спаў па 4 гадзіны, — расказвае супрацоўніца БелаПАН пра Шчарбакова. — Захар добра разьбіраецца ў навуцы, рэлігіі, атамных станцыях і ведае такія тонкасьці, што падаецца, нібыта ён вывучаў гэтыя тэмы ва ўнівэрсытэце цягам пяці гадоў. Аказваецца, вывучаў самастойна.

У яго вельмі цікавы стыль, калі ён піша пра культуру і соцыюм. Захар у калектыве любімчык жаночай паловы. Адна калега сказала пра яго так: «Калі я расчаруюся ў Захару, я расчаруюся ва ўсім чалавецтве».

Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце Захара Шчарбакова адпусьцілі.

Ірына Турчына працуе ў БелаПАНе больш за 15 гадоў. Выхоўвае сына.

«Ірына чытае сыну такія кніжкі, што маленькі хлопчык, мяркуючы па некаторых цытатах, умее вельмі трапна і прыгожа фармуляваць свае думкі. Іра любіць вандраваць. Мы зь ёй разам неаднаразова спрабавалі прабіць „браню“ прэсавых службаў Мінздароўя і Мінадукацыі, — прызнаецца калега Ірыны Турчыной, якая вымушана была зьехаць з краіны. — А калі пачаліся гарачыя падзеі, Ірына зрабіла вялікі рывок у прафэсійным росьце. Яна датэлефаноўвалася да тых, да каго ў прынцыпе было немагчыма дазваніцца, рабіла інтэрвію з адвакатамі. Як яна іх угаворвала на камэнтары, я дагэтуль не магу зразумець!»

18 жніўня ў доме Ірыны Турчыной адбыўся ператрус, забралі аргтэхніку, тэлефоны. Ірыну адвезьлі ў Сьледчы камітэт Менску, паведамілі, што яна сьведка паводле артыкула 342. Даваць паказаньні журналістка адмовілася, яе прымусілі падпісаць дакумэнт аб неразгалошваньні.

У рэдакцыі БелаПАН пасьля ператрусу ў студзені 2021
У рэдакцыі БелаПАН пасьля ператрусу ў студзені 2021

Бухгальтарку БелаПАН Кацярыну Боеву пасьля ранішняга ператрусу ў сераду зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна ў Менску. Яна праходзіць падазраванай па частцы 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх).

У рэдактара інтэрнэт-газэты БелаПАН Naviny.by Аляксандра Зайцава таксама 18 жніўня адбыўся ператрус. У яго канфіскавалі аргтэхніку, тэлефон, а самога пакінулі на волі пад падпіскай аб абавязковай яўцы на сьледчыя дзеяньні на першае патрабаваньне.

Ператрус адбыўся і ў былога кіраўніка БелаПАНу Дзьмітрыя Наважылава.

Ён раней працаваў разам з Паўлам Шараметам карэспандэнтам ОРТ у Беларусі, быў кіраўніком карпункту расейскага тэлеканалу «Первый». Пасьля сьмерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 году стаў выканаўцам абавязкаў, а потым і гендырэктарам інфармагенцтва. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся на ўласнае жаданьне.

Дзьмітры Наважылаў уручае прэмію імя Алеся Ліпая «Гонар журналістыкі» Аляксандры Дынько. 9 красавіка 2020
Дзьмітры Наважылаў уручае прэмію імя Алеся Ліпая «Гонар журналістыкі» Аляксандры Дынько. 9 красавіка 2020

Як паведамілі родныя Дзьмітрыя, пасьля ператрусу яго зьмясьцілі ў ІЧУ, ён падазраваны паводле ч.1 артыкула 342 КК.

«Мы заўсёды працавалі па максымуме, выконваючы журналісцкія стандарты»

У кампаніі БелаПАН працуе яшчэ шмат яскравых журналістаў, палітычных аглядальнікаў, якія вымушаныя былі зьехаць з краіны.

Палітычны аглядальнік Тацяна Каравянкова скончыла факультэт філязофіі і сацыялёгіі БДУ. Дасканала валодае ангельскай мовай. Надзвычай сьмелая, зь неверагодным пачуцьцём гумару і абвостраным пачуцьцём справядлівасьці, кажуць ейныя калегі.

Тацяна Каравянкова і Ірына Леўшына. Сакавік 2021
Тацяна Каравянкова і Ірына Леўшына. Сакавік 2021

Тацяна — майстар задаваць нязручныя пытаньні, ад яе ў парлямэнце ды «калідорах улады» ўцякалі міністры і чыноўнікі. Калі Тацяну затрымлівалі ў жніўні 2018 году ў «справе БелТА», калегі-журналісты тады жартавалі, што «гэта сілавікі дарэмна зрабілі, яны ня ведаюць, з кім зьвязаліся, Каравянкова ім яшчэ пакажа!».

14 чэрвеня 2020 году на брыфінгу МЗС з удзелам Рамана Пратасевіча менавіта Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць словам блогера, якія ён вымушаны прамаўляць пад ціскам, знаходзячыся ў няволі, і выказала яму спачуваньне.

9 ліпеня Тацяна Каравянкова зьехала зь Беларусі.

«Гэта цяжкае рашэньне, якое, я спадзявалася, ніколі не давядзецца прымаць і якое ўсяляк адцягвала, мы з рэдакцыяй у выніку прынялі літаральна за некалькі хвілін. На зборы спатрэбілася яшчэ дзьве гадзіны».

Журналістка кажа, што вельмі сумуе па сваім лецішчы ў вёсцы Жодзішкі, што ў Смаргонскім раёне, па маці, што застаецца ў Беларусі.

Алена Спасюк працуе ў кампаніі БелаПАН 15 гадоў. Яна майстар журналісцкіх расьсьледаваньняў, шмат піша на сацыяльныя тэмы і глыбока «капае» праблемы ў сфэры адукацыі, аховы здароўя. Журналістку ня раз не пускалі на адкрытыя калегіі і міжнародныя канфэрэнцыі ў Мінздароўя.

Алена Спасюк асьвятляла і шмат рэзанансных судовых працэсаў, сярод апошніх — суд на арбарыстам Сьцяпанам Латыпавым.

«Мы заўсёды працавалі, па максымуме выконваючы журналісцкія стандарты, — кажа Алена Спасюк. — Мы не расказвалі казак, а пісалі пра тое, што адбываецца ў краіне. А ў краіне тым часам адбывалася „Крывавае цунамі. Як мірных беларусаў забівалі і нявечылі імем дзяржавы“.

Я — аўтар тэкстаў, празь якія, у тым ліку, заблякавалі сайт Naviny.by. Я зрабіла выснову, што гэта тэксты, якіх баіцца ўлада, і мая выснова: улада баіцца праўды, разьбівае люстэрка, у якое глядзіць. Я хачу, каб шмат людзей прачытала тое, што я пісала ў жніўні 2020 году і пазьней, калі маё сэрца крывавіла і балела за маіх герояў. Я дагэтуль не магу паверыць, што людзі перажылі такое».

  • БелаПАН расцэньвае гэтыя падзеі як працяг палітыкі задушэньня свабоды слова ў Беларусі і патрабуе неадкладнага вызваленьня затрыманых калег, а таксама ўсіх зьняволеных журналістаў.
  • Праца кампаніі ў Менску паралізаваная, аднак частка рэдакцыі знаходзіцца ў бясьпецы за межамі Беларусі і працягне забясьпечваць падпісчыкаў і чытачоў апэратыўнай і дакладнай інфармацыяй, як гэта было на працягу амаль 30 гадоў з дня стварэньня БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG