Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дырэктара БелаПАН Ліпая больш за 7 гадзінаў праводзілі ператрус, пачалі крымінальную справу


Алесь Ліпай (у цэнтры) пасьля ператрусу

Раніцай 14 чэрвеня ў менскай кватэры дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая праваахоўнікі пачалі праводзіць ператрус, піша «Вясна».

Абноўлена: Ліпая павезьлі на допыт у дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў

​Ператрус ідзе з 7-й раніцы. Калі да Ліпая пачалі ламіцца ў дзьверы, ён першым чынам патэлефанаваў у БАЖ. Журналістаў у кватэру і на паверх не пускаюць.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі чакае ля кватэры Алеся Ліпая
Праваабаронца Алесь Бяляцкі чакае ля кватэры Алеся Ліпая

Сам Алесь Ліпай сказаў Свабодзе па тэлефоне, што пакуль ня можа даць камэнтар. Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў заявіў Свабодзе, што пакуль ня будзе камэнтаваць справу.

Як паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, ператрус праводзяць супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК у межах распачатай крымінальнай справы. Што за справа, на момант публікацыі невядома.

Кіруе дзеяньнямі сілавікоў Дзмітры Новікаў. Каля месца ператрусу знаходзяцца праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Тацяна Рэвяка, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Будзе дапоўнена

***

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, што працуе ад 1991 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі «Пад сьнегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта».

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, пад час вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай сьценгазеты «Лірнік». Напрыканцы 1980-х гадоў — удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году
Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

​У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.

У 1991-м годзе, цягам працы ў газэце «Знамя юности», вёў беларускамоўную старонку «Родны склон». Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш за тысячу кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.

У чэрвені 1996 года, падчас апэрацыі па вызваленьню дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу на сябе.

У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзьмітрыя Завадзкага — «За мужнасьць і прафэсіяналізм», як «пацьвярджэньне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнаньне высокага прафэсіяналізму журналістаў». У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названа ляўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыуса «Маладая прэса Ўсходняй Эўропы». У 2006 годзе БелаПАН і ягоная інтэрнет-газэта Naviny.by атрымалі «Прэмію Рунета» — у намінацыі Рунет за межамі Ru.

На мяжы 2014 і 2015 гадоў невядомыя блякавалі сайты БелаПАН і Naviny.by, а таксама шэрагу іншых недзяржаўных рэсурсаў. За атакі ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці і не назваў прычынаў, але БелаПАН мяркуе, што сайты атакавалі праз артыкул пра «Малітву за Беларусь».

БелаПАН быў генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на сьвяце, сярод іншага заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычынаў, зачытаў верш Уладзімера Някляева, які той напісаў за кратамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG