Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты пра зьмены ў закон аб СМІ: замест умацаваньня нацыянальную бясьпеку разбураюць


19 красавіка Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія павялічваюць кантроль дзяржавы за мэдыяпрасторай і інтэрнэтам у Беларусі.

Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў раней заявілі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўстанавіць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.

Як яны ставяцца да таго, што законапраект прыняты ў першым чытаньні амаль адзінагалосна?

Палата прадстаўнікоў прымае ўсе законы ў двух чытаньнях. Але звычайна падчас другога разгляду ўносяцца хутчэй касмэтычныя, чым прынцыповыя праўкі.

Кіраўнік БАЖ: «Дзяржава імкнецца да большага кантролю за мэдыя»

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец кажа, што і напачатку не было ілюзій, што зьмены ў закон «Аб СМІ» будуць прынятыя.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Але нашы прапановы тэарэтычна могуць быць прынятыя падчас другога чытаньня, калі мусіць адбыцца паартыкульнае абмеркаваньне гэтага законапраекту. І менавіта на гэтым мы засяроджваем сваю ўвагу і намаганьні», — сказаў Свабодзе Бастунец.

Заўтра пройдзе чарговы зьезд Беларускай асацыяцыі журналістаў. Паводле Бастунца, гэтая тэма будзе там абмяркоўвацца, «бо выйшла на першы плян».

«Мы ўсё ж спадзяёмся, што ня толькі нашыя прапановы, але і прапановы іншых гульцоў у мэдыяпрасторы ўсё ж такі будуць пачутыя. І, магчыма, гэта дапаможа скарэктаваць законапраект у лепшы бок. Але пакуль сам факт яго прыняцьця паказвае, што дзяржава імкнецца да большага кантролю за мэдыяпрасторай, у тым ліку за інтэрнэт-прасторай».

Заснавальнік Tut.by: «Шчупака кінулі ў ваду»

Заснавальнік TUT.BY Юры Зісер сказаў карэспандэнту Свабоды, што новы законапраект «Аб СМІ», прыняты ў першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў, прывядзе да сыходу беларускіх карыстальнікаў зь беларускіх пляцовак на замежныя.

«Ня будзе беларускіх грамадзка-палітычных форумаў, адтуль проста ўсе пойдуць. Застануцца толькі тыя, хто піша за заробак з усіх бакоў. Бо звычайна цяпер на форумы Tut.by людзі ходзяць пераважна з сацсетак. Калі прымуць аўтарызацыю праз тэлефон (праз SMS-паведамленьні. — РС.), то я думаю, што ніхто ня будзе аўтарызавацца і рэгістравацца. Усе будуць абмяркоўваць навіны ў сацсетках», — сказаў Свабодзе Зісер.

Юры Зісер
Юры Зісер

Заснавальнік найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-парталу адзначыў, што адбылося тое, што ён прадказаў некалькі дзён таму: «Шчупака кінулі ў рэчку».

«Па сутнасьці, хацелі ўмацаваць нацыянальную бясьпеку, а насамрэч яе разбураюць. Гэта самая вялікая праблема», — лічыць ён.

Аднак Юры Зісер выказвае спадзеў на тое, што, магчыма, Савет міністраў дазволіць рэгістрацыю праз сацсеткі. «Гэта выратавала б сытуацыю», — сказаў заснавальнік парталу.

Кіраўнік БелаПАН: «Важна, якой будзе законапрымяняльная практыка»

Паводле заснавальніка і кіраўніка незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая, цяперашняе заканадаўства і без таго дазваляе прымаць даволі жорсткія захады ў дачыненьні да СМІ.

Алесь Ліпай
Алесь Ліпай

​«Якія будуць наступствы гэтых паправак, пакуль цяжка сказаць, бо і сёньняшняе заканадаўства дазваляе прымаць даволі жорсткія захады ў дачыненьні да СМІ і таксама да сайтаў. Важна, якой будзе законапрымяняльная практыка», — пракамэнтаваў ён Свабодзе.

Алеся Ліпая найбольш клапоціць тое, што без судовага рашэньня дзяржава можа прыпыніць дзейнасьць любога СМІ і сайту.

Чаму ж улады прымаюць чарговыя зьмены ў закон «Аб СМІ»?

«Яны абмалёўваюць жорсткія правілы, у якія ставяць СМІ, электронныя рэсурсы, дзеля таго каб мець рычагі ўзьдзеяньня на іх», — лічыць Ліпай.

«Сытуацыя пасьля 2014 года іншая»

Кіраўніца «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая сказала Свабодзе, што ўсе пагрозы, якія нясе мэдыя новы законапраект, ужо былі названыя падчас экспэртнай канфэрэнцыі ў Менску.

Але чаму ўлады не адрэагавалі на заўвагі прадстаўнікоў незалежных СМІ?

«Відавочна, што яны хочуць уплываць у інтэрнэце. Але адзіны спосаб, які яны ведаюць, гэта кантраляваць. Таму нічога нечаканага не адбываецца. Але трэба з гэтым працаваць, бо сытуацыя пасьля 2014 году (анэксіі Крыму Расеяй — РС.) іншая».

Юлія Слуцкая
Юлія Слуцкая

Паводле Слуцкай, сёньня ўлады Беларусі ўсьведамляюць пагрозу расейскага інфармацыйнага ўплыву.

«Раней яны баяліся толькі ўплыву з Захаду. Сёньня яны баяцца і ўплыву з Расеі. Яны бачаць, што як і тэлебачаньне, яны прайграюць Расеі інтэрнэт. І вось яны хочуць уплываць, кантраляваць», лічыць кіраўніца «Прэс-клюбу»​.

А ці можна наогул кантраляваць інтэрнэт? «Мы ж ведаем як гэта працуе ў Кітаі. Але ў нас не Кітай. І я спадзяюся, што ў нас гэта ўжо немагчыма. Я аптыміст».

Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія забараняюць ананімныя камэнтары і дапускаюць блякаваньне сацсетак

Паводле праекту, тэкст якога 2 красавіка апублікавала Беларуская асацыяцыя журналістаў, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя камэнтароў інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту. Таксама разглядаюць магчымасьць поўнага блякаваньня асобных сацыяльных сетак.

Што прапануюць зьмяніць?

  • Распаўсюдзіць дзеяньне Закону аб СМІ на інтэрнэт-рэсурсы, з дапамогай якіх ажыцьцяўляецца распаўсюд масавай інфармацыі.
  • Законапраект дапускае добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у якасьці СМІ (уводзіцца тэрмін «сеткавыя выданьні»). Яны і іх супрацоўнікі атрымаюць (у абмежаваным выглядзе) правы традыцыйных СМІ. Астатнія сайты таксама змогуць працаваць, але бяз статусу СМІ.
  • Зарэгістраваць выданьне зможа толькі юрыдычная асоба, якая разьмяшчаецца ў памяшканьнях нежылога фонду.
  • Без рэгістрацыі ў якасьці СМІ інтэрнэт-выданьні ня змогуць зьвяртацца ў дзяржаўныя органы па акрэдытацыю.
  • Журналісцкі статус супрацоўнікаў інтэрнэт-выданьняў без рэгістрацыі паставяць пад сумнеў. Аўтары такіх выданьняў ня змогуць карыстацца правамі на абарону інфармацыйных крыніц і на працу падчас масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым на незарэгістраваныя інтэрнэт-выданьні будуць распаўсюджвацца абавязкі і адказнасьць, прадугледжаныя законам аб СМІ.
  • Разглядаюць магчымасьць блякаваньня асобных сацыяльных сетак цалкам, у выпадку адсутнасьці тэхнічнай магчымасьці абмежаваць доступ да іх элемэнтаў ці нежаданьня ўладальнікаў выдаляць інфармацыю на запатрабаваньне дзяржавы.
  • Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту.
  • Удзел іншаземцаў у фармаваньні беларускай інфармацыйнай прасторы будзе абмяжоўвацца, у тым ліку праз забарону на распаўсюд прадукцыі замежных СМІ ў Беларусі без адпаведнага дазволу, галоўным рэдактарам СМІ мусіць быць грамадзянін Беларусі, аб’ём тэлеперадач беларускай вытворчасьці ў штотыднёвым аб’ёме вяшчаньня тэлефізійных СМІ мусіць быць ня менш за 30%.
  • Будзе пашыраны пералік відаў інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ забаронены.
  • Будзе замацаваная забарона цэнзуры масавай інфармацыі ў адносінах да гаспадара інтэрнэт-рэсурсу.
  • Абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў па-ранейшаму будзе ажыцьцяўляцца ў пазасудовым парадку. Для інтэрнэт-выданьняў такое блякаваньне можа прывесьці да пазасудовага скасаваньня рэгістрацыі.
  • Плянуюць захаваць спрошчанае абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў без папярэджаньня Міністэрства інфармацыі. Такое магчыма, калі інтэрнэт-рэсурс ажыцьцяўляе дзейнасьць, забароненую заканадаўствам Беларусі.
  • Аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу можна будзе толькі праз зварот у Міністэрства інфармацыі. Ці можна будзе абскардзіць рашэньне Мінінфармацыі ў судзе, у дакумэнце не пазначана.

Міністар інфармацыі пра новы закон аб СМІ: «Закліканы ўраўняць усіх». Чаму гэта ня так

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG