Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар інфармацыі пра новы закон аб СМІ: «Закліканы ўраўняць усіх». Чаму гэта ня так


Аляксандр Карлюкевіч, архіўнае фота
Аляксандр Карлюкевіч, архіўнае фота

Беларускі міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч пагутарыў з «Советской Белоруссией» пра будучыя зьмены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі».

Як заявіў Аляксандар Карлюкевіч, «новы закон закліканы ўраўнаваць усіх, стварыць аднолькавае, раўнапраўнае канкурэнтнае асяродзьдзе як для сеткавых, так і для ўсіх іншых журналістаў» і «ліквідаваць адвечную супярэчнасьць паміж супрацоўнікамі традыцыйных і сеткавых выданьняў».

Адказнасьць для сеткавых СМІ пры безадказнасьці «афлайнавых» дзяржаўных

Карлюкевіч сьцьвярджае, што «традыцыйныя» СМІ наракаюць на сеткавыя, нібы яны «дзейнічаюць без аглядкі на тыя законныя патрабаваньні, якім вымушаныя падпарадкоўвацца іх калегі», у тым ліку «нярэдка дазваляюць сабе рабіць ціск на суд або сьледзтва, вельмі вольна інтэрпрэтуюць інфармацыю, атрыманую з ананімных крыніц» і «не баяцца дапускаць памылкі, неймаверныя ў друкаванай прэсе».

Гэта ён казаў у інтэрвію газэце «Советская Белоруссия», якая, напрыклад, публікавала фота страйкбольнага пісталета пад выглядам баявога ў артыкуле пра фэйкавую «справу патрыётаў», аб якой дзяржаўнае ТВ таксама зьняло прапагандысцкі фільм.

Фігурантам справы тым часам адмовілі ў кампэнсацыі маральнай шкоды за зьняволеньне, аб пакараньні распаўсюднікаў фэйкаў пра «справу патрыётаў» не паведамлялася.

Ці ўсіх зарэгіструюць?

Абнаўленьні ў закон, калі будуць прынятыя, увядуць неабавязковую рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ ў Міністэрства інфармацыі. Паводле Карлюкевіча, для тых, хто ня будзе рэгістравацца, «няма абмежаваньняў на працу сайтаў», але бяз статусу СМІ, дадае ён, іхныя супрацоўнікі ня будуць лічыцца журналістамі.

Ці будуць рэгістраваць усіх ахвочых, ці, як у выпадку з палітычнымі партыямі, будуць адмаўляць у рэгістрацыі «непажаданым», пакуль невядома. Цяпер у Беларусі да асобных СМІ назіраецца падвышаная ўвага праваахоўнікаў: так, за супрацу з тэлеканалам «Белсат» (супрацоўнікам якога не даюць акрэдытацыю ў Беларусі) журналістаў за 2017 год наштрафавалі на 50 тысяч рублёў, рабілі ператрусы ў офісах.

Сеткавыя выданьні, паводле міністра, цяпер «кажуць аб праблемах з акрэдытацыяй пры дзяржаўных органах, пра цяжкасьці атрыманьня інфармацыі ў параўнаньні са звыклай прэсай». Пры гэтым чыноўнікі нярэдка адмаўляюць у камэнтарах незалежным СМІ, спасылаючыся на занятасьць, нарады ды іншыя прычыны або проста кідаюць слухаўку пры спробе ўзяць тэлефонны камэнтар, або прапануюць пісаць пісьмовы зварот, на які могуць даць адказ толькі праз два тыдні — і той адказ можа быць «адпіскай».

Сам Карлюкевіч раней адмовіўся ад камэнтароў Свабодзе наконт зьменаў у закон — папрасіў ператэлефанаваць, а потым ня браў слухаўку.

Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ

Зарэгістраваныя выданьні, кажа Карлюкевіч, «атрымаюць заканадаўча замацаванае права свабодна шукаць, атрымліваць, перадаваць і распаўсюджваць інфармацыю любым спосабам, якi не супярэчыць закону; права выкладаць на інтэрнэт-рэсурсе свае асабістыя меркаваньні і ацэнкі з указаньнем свайго імя або псеўданіма», але іх «абавяжуць не дапускаць разьмяшчэньня інфармацыі, распаўсюд якой забаронены або абмежаваны, а таксама матэрыялаў, якія зьмяшчаюць нецэнзурныя словы і выразы. Ім прадпішуць не разьмяшчаць недакладнай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам; не распаўсюджваць зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і зьневажаюць гонар, годнасьць і бізнэс-рэпутацыю фізычных і юрыдычных асобаў».

Абараніць камэнтатараў ад троляў ці даць перавагу замежным СМІ над беларускімі?

Таксама законапраект прадугледжвае абавязковую ідэнтыфікацыю камэнтатараў на беларускіх рэсурсах у сеціве. Міністар кажа, што «шчыра не разумее» тых, хто крытыкуе гэтую норму — ён кажа, гэта абароніць карыстальнікаў ад сеткавых «троляў».

Мэханізм ідэнтыфікацыі не распрацаваны, яго вызначыць Савет міністраў, а Карлюкевіч заклікае «ня верыць недарэчным страшылкам» аб тым, што ідэнтыфікацыя будзе ўключаць пашпартныя зьвесткі. Пры гэтым для доступу ў інтэрнэт у Беларусі цяпер абавязкова патрэбна даваць такія дадзеныя.

Таксама міністар выказваў «глыбокае зьдзіўленьне» крытыкай законапраекту з боку ўладальнікаў сеткавых СМІ. Заснавальнік Tut.by Юры Зісер адзначаў у прыватнасьці, што абавязковая ідэнтыфікацыя камэнтатараў можа паставіць беларускія СМІ ў няроўныя ўмовы з замежнымі: «зьмена крыніцы інфармацыі або месца для абмеркаваньня навінаў зь беларускай на замежную праводзіцца карыстальнікам у адзін клік без усялякага дазволу дзяржавы і цалкам бясплатна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG