Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зісер пра законапраект аб СМІ: Улада задумала перадаць беларускую інтэрнэт-прастору Расеі і ЗША?


Юры Зісер

Заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер пракамэнтаваў праект паправак, якія тычацца закону «Аб сродках масавай інфармацыі».

Сярод іншага, паводле праекту, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту. Таксама разглядаюць магчымасьць поўнага блякаваньня асобных сацыяльных сетак.

«Падобна да таго, што пасьля змены топ-каманды ў Мінінфарме не засталося людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам, — піша Юры Зісер. — А газэтчыкі не разумеюць, што зьмена крыніцы інфармацыі або месца для абмеркавання навін зь беларускай на замежную праводзіцца карыстальнікам у адзін клік без усялякага дазволу дзяржавы і цалкам бясплатна.

Нам "кітайскага" заканадаўства не даруюць

Папраўкі з пункту гледжаньня ўзмацненьня жорсткасьці мелі б сэнс, калі б яны суправаджаліся фільтраваньнем замежных навінавых сайтаў і сацыяльных сетак. Хачу бачыць, як Мінінфарм зафільтруе Ленту.Ру або Мейл.Ру, ВКонтакте ці Фэйсбук, ды хаця б беларускі "Спутник", як адрэагуюць Захад і Расея і як пасля гэтага будзе прасоўвацца экспарт беларускай прадукцыі (самазвалаў, "малочкі", асабліва хайтэку). Мы па значнасці ў свеце далёка не Кітай, нам "кітайскага" заканадаўства не даруюць. Ды й кітайцы ня ведаюць расейскай, а мы ведаем. А калі не ўжываць папраўкі на справе, навошта яны?»

Паводле Зісера, патрабаванне ідэнтыфікацыі карыстальнікаў прывядзе да іх сыходу на замежныя сайты, дзе няма абмежаваньняў і можна пісаць па-расейску. «А можа — хто ведае — наша ўлада сапраўды задумала перадаць беларускую інтэрнэт-прастору Расеі і ЗША?»

Юры Зісер завяршае свой допіс так: «P. S. Мне сказалі, што міністр выдатна карыстаецца інтэрнэтам. Значыць, не ён ініцыятар, а нехта вышэй, хто інтэрнэтам не карыстаецца».

Дзяржава сабралася забараніць ананімныя камэнтары ў інтэрнэце. Як прапануюць зьмяніць закон аб СМІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG