Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«КДБ і СК ня плацяць». Суд адхіліў пазовы фігурантаў «справы патрыётаў» да спэцслужбаў і беларускай дзяржавы


Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў, Сяргей Стрыбульскі, Віктар Мароз і адвакат Людміла Казак, архіўнае фота

Суд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў калектыўны пазоў чатырох фігурантаў «справы патрыётаў» да Міністэрства фінансаў Беларусі аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў кожнаму. Прэтэнзіі, адрасаваныя КДБ і Сьледчаму камітэту, суд не палічыў абгрунтаванымі — на той падставе, што сьледчыя не прымалі пастановы аб незаконнасьці прыцягненьня фігурантаў справы да адказнасьці.

З пазовам аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў Суд Маскоўскага раёну Менску зьвярталіся былыя фігуранты «справы патрыётаў» (альбо справы «Белага легіёну») Андрэй Дундукоў, Віктар Данілаў, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Мароз. Разгляд справы адбываўся 27 сакавіка і 3 красавіка.

Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў і Віктар Мароз (зьлева направа)
Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў і Віктар Мароз (зьлева направа)

У судзе былыя падсьледныя даводзілі, што падчас затрыманьня ўвесну 2017 году і знаходжаньня пад арыштам атрымалі маральную шкоду, якая спрычынілася да пагаршэньня стану здароўя. Таксама пазоўнікі казалі пра страту працы, страты ў прафэсійнай рэпутацыі ды іншыя нэгатыўныя наступствы ад дзеяньняў сьледчых КДБ і Сьледчага камітэту, якія арыштавалі іх у межах «справы патрыётаў».

Віктар Мароз падчас паседжаньня суду
Віктар Мароз падчас паседжаньня суду

Прадстаўнікі Андрэя Дундукова, Віктара Данілава, Сяргея Стрыбульскага і Віктара Мароза зьвярнулі ўвагу суду на тое, што сьледзтва парушыла правы іх кліентаў на абарону і свабоду перасоўваньня, у СІЗА КДБ і МУС іх утрымлівалі ва ўмовах, якія прыніжалі іх чалавечую годнасьць, а падчас сьледзтва прымушалі да самаагавору.

Віктар Данілаў (зьлева) і Андрэй Дундукоў
Віктар Данілаў (зьлева) і Андрэй Дундукоў

Калектыўны пазоў фігурантаў «справы патрыётаў» разглядала судзьдзя Вольга Гусакова.

На просьбу Свабоды пракамэнтаваць рашэньне суду адзін з пазоўнікаў Андрэй Дундукоў адказаў:

«Што тут камэнтаваць, калі справу закрылі паводле абставінаў, якія рэабілітуюць, а цяпер судзьдзя вырашае, што наша затрыманьне і знаходжаньне пад вартай больш за 3 месяцы было, аказваецца, законным. Дык дзякуй, што яшчэ і сёньня не арыштавалі! Канешне будзем абскарджваць гэтае рашэньне».

Сяргей Стрыбульскі
Сяргей Стрыбульскі

Паводле «справы патрыётаў», якую КДБ распачаў у сакавіку 2017 году, было арыштавана больш за 30 чалавек, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў і стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Большасьць фігурантаў справы адбылі за кратамі каля двух месяцаў, але некаторыя зь іх правялі пад арыштам больш за 3 месяцы, а потым амаль паўгода — пад падпіскай аб нявыезьдзе. У канцы лістапада мінулага году «справу патрыётаў» канчаткова закрылі, зьняўшы зь яе фігурантаў усе абвінавачаньні. Між тым кампэнсацыі за шкоду ў сувязі з арыштам ніхто не атрымаў.

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG