Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт расказаў, чаму спынілі «справу патрыётаў»


Віктар Данілаў з жонкай, адзін з вызваленых па справе «Белага легіёну», архіўнае фота

Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч паведаміў 30 лістапада пра спыненьне справы «Белага легіёну», вядомай таксама як «Справа патрыётаў». Пазьней СК даў пашыраны камэнтар па спыненьні справы.

Дзеяньні абвінавачаных не былі накіраваныя на гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага ладу

«Аналізуючы ў лучнасьці сабраныя доказы, сьледзтва прыйшло да высновы, што дзеяньні фігурантаў фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэньня незаконнага ўзброенага фармаваньня, — піша СК. — Разам з тым, у час папярэдняга расьсьледаваньня выяўлена, што дзеяньні абвінавачаных не былі накіраваныя на гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы, а таксама на ўчыненьне нейкіх іншых супрацьпраўных дзеяньняў.

Дзеяньні абвінавачаных ня маюць грамадзкай небясьпекі, уласьцівай злачынству, паколькі не прычынілі істотную шкоду інтарэсам і грамадзкім адносінам, што ахоўваюцца крымінальным законам».

«Вельмі нечаканая навіна». Лазоўскі, Дундукоў і Комлік-Ямацін камэнтуюць закрыцьцё «Справы патрыётаў»

Паводле сьледчых, прафэсійная падрыхтоўка, што праводзілася фігурантамі «справы патрыётаў» (магчыма, гаворка пра легальны спартовы клюб «Патрыёт», але наўпрост месца падрыхтоўкі не называецца), можа быць кваліфікаваная як «баявая падрыхтоўка, характэрная для асабовага складу вайсковага фармаваньня або для незаконнага ўзброенага фармаваньня».

Але дзеяньні абвінавачаных былі прызнаныя малазначнымі, перасьлед за «стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня» (арт. 287 КК РБ) і папярэдняе расьсьледаваньне спыненыя «за адсутнасьцю ў дзеяньнях складу злачынства».

Як зьявілася справа «Белага легіёну»

Затрыманьні ў справе пачаліся пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка 2017 году, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах са зброяй». У той жа дзень Лукашэнка заявіў, што «не адмяняў і не прыпыняў» дэкрэт № 3, які «ўзарваў апазыцыйную кляаку», і што хацеў бы, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі. За дзень да таго дзяржаўныя СМІ пачалі распаўсюджваць нібы не зьвязаныя адна з адной «страшылкі», якім тут жа знаходзіліся абвяржэньні.

Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (частка 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу), пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім» (артыкул 287 КК).

«Советская Белоруссия» публікавала фота страйкбольнай зброі і патронаў-«хлапушак» пад выглядам баявой. На выяве: зьлева — артыкул на сайце sb.by, справа — страйкбольны пісталет Gletcher CLT 1911 на сайце вытворцы
«Советская Белоруссия» публікавала фота страйкбольнай зброі і патронаў-«хлапушак» пад выглядам баявой. На выяве: зьлева — артыкул на сайце sb.by, справа — страйкбольны пісталет Gletcher CLT 1911 на сайце вытворцы

У красавіку на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм «Белы легіён чорных душ» пра «справу патрыётаў», у якім распавядалася пра нібыта пагрозы замаху на спакой у Беларусі з боку «экстрэмістаў»: з тэрыторыі Польшчы, Украіны і Расеі, пра знойдзеную ў фігурантаў справы зброю, пра плянаваньне тэрактаў у Маскве.

Па дзяржаўнай тэлевізіі і ў дзяржаўнай прэсе ня раз паказвалі «канфіскаваную зброю баевікоў», але ў ліку паказанай зброі была і легальная паляўнічая, і бяскрыўдная страйкбольная. Ад тэрарыстаў Беларусь нібыта «ўратавала» нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: нібыта яна паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Менску.

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

Паступова фігурантаў справы выпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе, а у чэрвені справа была перададзеная ў Сьледчы камітэт Беларусі. Летам справа фактычна развалілася. Ня так даўно старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што «да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG