Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта пастка». Да чаго прывядуць зьмены ў Законе аб СМІ


Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў, зь якімі пагутарыла Свабода, заявілі, што падрыхтаваныя папраўкі ў Закон аб СМІ сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўстанавіць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.

Дзяржава сабралася забараніць ананімныя камэнтары ў інтэрнэце. Як прапануюць зьмяніць закон аб СМІ

Класкоўскі: «Улады хочуць узяць пад каўпак ня толькі СМІ, але і грамадзкую думку»

Аглядальнік інтэрнэт-газэты naviny.by Аляксандар Класкоўскі перакананы, што спраўдзіліся самыя кепскія прадчуваньні ў незалежнай журналісцкай супольнасьці, бо яшчэ летась міністар інфармацыі ў нейкай тэлеперадачы прагаварыўся, што рыхтуюцца папраўкі ў закон аб СМІ з мэтай рэгуляваньня інтэрнэту і сацыяльных сетак. Стала зразумела, што гаворка ідзе пра новае закручваньне гаек.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Беларускія ўлады яшчэ ў 1990-х гадах шчыльна ўзялі пад кантроль друкаваныя мэдыя, потым тэлевізію, радыё — усё гэта апынулася пад каўпаком рэжыму. А вось інтэрнэт, сеціва, сацыяльныя сеткі яны праваронілі. І раптам аказалася, што гэты фэномэн інтэрнэту не падпарадкуецца ўладам: зь іх гледзішча, тут квітнее крамола, і першая порцыя драконаўскіх паправак была „пракручаная“ праз парлямэнт цішком, у рэжыме „абваранай кошкі“ ў канцы 2014 году — перад прэзыдэнцкімі выбарамі, гэта хачу падкрэсьліць», — прыгадвае Аляксандар Класкоўскі.

І ўжо тады Міністэрства інфармацыі атрымала магчымасьць блякаваць непажаданыя рэсурсы. А цяпер — новая порцыя такіх паправак, у якіх нічога пазытыўнага няма, перакананы Класкоўскі.

Папраўкі да закону аб СМІ могуць разгледзець ужо 19 красавіка

«Уводзіцца рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсу — быццам бы добраахвотная, але калі ня будзе гэтай рэгістрацыі, ягоныя журналісты ўжо быццам бы і не журналісты, яны фактычна па-за законам, іх ня будуць акрэдытоўваць, ня будуць пускаць на акцыі, думаю, іх будуць «вязаць» на масавых акцыях, як самазванцаў.

А прайсьці рэгістрацыю ня кожны зможа, бо там усялякія «рагаткі» кшталту «кіраўнік рэсурсу мусіць мець 5 гадоў кіроўнага стажу ў СМІ. То бок зачараванае кола», — адзначае Класкоўскі.

Узяліся і за сацсеткі

Да таго ж улады шчыльна ўзяліся і за сацыяльныя сеткі, бо адчувалася, што чыноўнікаў вельмі раздражняюць злыя, колкія камэнтары на форумах і ў сацсетках.

«Цяпер уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя карыстальнікаў, якія пішуць камэнтары на форумах. Гэта азначае, што ўлады хочуць узяць пад каўпак грамадзкую думку ў інтэрнэце. Гэта ўдар па незалежнай журналістыцы, новае закручваньне гаек», — перакананы Класкоўскі.

На яго думку, беларускія ўлады будуць дзейнічаць у сваёй манеры, выбарачна, караць асобных карыстальнікаў, журналістаў, рэсурсы, якія, зь іх гледзішча, «зарваліся». Будуць узорна-паказальныя акцыі кшталту блякаваньня, «наезду» на форумы інтэрнэт-СМІ для таго, каб астатнія баяліся і болей ужывалі самацэнзуру. Таму нічога новага няма.

Інтэрнэт-цэнзура ў ІТ-краіне?

«Адзінае, што я хачу падкрэсьліць — гэта абсалютна „дубаломнае“ і недальнабачнае рашэньне, таму што ўсё адно цалкам заціснуць інтэрнэт немагчыма. А вось яшчэ болей пагоршыць свой імідж лёгка, хоць і так беларускія ўлады лічацца ворагамі інтэрнэту, ворагамі свабоды выказваньняў.

Пагаршэньне іміджу зусім недарэчнае менавіта сёньня, калі кіраўніцтва Беларусі патэтычна абвясьціла, што яно ўзяло курс на ІТ-краіну. Якая ІТ-краіна, калі тут пануе чыноўнік з дубінай? Так што надзеі на інвэстыцыі і ўсё іншае будуць значна падточаныя, падарваныя вось гэтымі драконаўскімі папраўкамі ў Закон аб СМІ», — заявіў Свабодзе аглядальнік інтэрнэт-газэты naviny.by Аляксандар Класкоўскі.

Кузьняцоў: «Улада будзе вельмі пільна адсочваць, хто што кажа»

Пятро Кузьняцоў, заснавальнік гомельскага інтэрнэт-парталу «Сильные новости» мяркуе, што папраўкі ў Закон аб СМІ зьвязаныя з магчымым правядзеньнем рэфэрэндуму, да якога рыхтуюцца ўлады. І новыя папраўкі ў Закон аб СМІ, на яго думку, пагражаюць і самім мэдыя, інтэрнэт-рэсурсам, і іх карыстальнікам.

Пётра Кузьняцоў
Пётра Кузьняцоў

«Мяркую, гэтыя захады будуць выбарачна прымяняцца падчас палітычных кампаній, калі ўлада будзе вельмі пільна адсочваць, хто што кажа і як СМІ на гэта рэагуюць. Мы ж бачылі, як за камэнтары закрывалі сайт „Беларускі партызан“, і цяпер, каб існаваць далей, ён адключыў камэнтары. Усе гэтыя папраўкі будуць прынятыя, каб мець дадатковую магчымасьць ціснуць да СМІ, наагул цэнзураваць інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку і выказваньні ў камэнтарах. Карацей, мэта паправак — каб яшчэ больш жорстка кантраляваць мэдыя», — лічыць Пятро Кузьняцоў.

Шота: «Гэта можа адбіцца на невялікіх рэгіянальных рэсурсах»

Аляксей Шота, галоўны рэдактар парталу Hrodna.life лічыць, што няма асаблівай нагоды рабіць заканадаўства аб СМІ больш жорсткім, бо і так у Беларусі ўсё дастаткова сур’ёзна рэгулюецца.

Аляксей Шота
Аляксей Шота

«Але, тым ня менш, мы бачым чарговую спробу яшчэ больш рэгуляваць і кантраляваць інтэрнэт. Бо пакуль беларускіх уладам гэта ня надта ўдаецца, і яны выкарыстоўваюць толькі „тапорныя“ мэтады кшталту блякаваньня сайтаў — „Хартыі“, „Беларускага партызана“.

Цяпер будзе больш далікатная спроба рэгуляваньня і кантролю. Мяркую, што менавіта на нас, невялікіх рэгіянальных рэсурсах, гэта можа сур’ёзна адбіцца.

Я бачу толькі адзін плюс у гэтых зьменах — у прынцыпе, магчымасьць рэгістрацыі сайту ў якасьці СМІ, каб правамі зраўняцца з афіцыйнымі СМІ. Але ўсё астатняе — гэта пастка і толькі ўскладніць працу інтэрнэт-рэсурсаў», — адзначае Аляксей Шота.

Нават калі партал Hrodna.life і зарэгіструюць у якасьці інтэрнэт-СМІ, ва ўладаў зьявіцца шмат магчымасьцяў на ціснуць, пазбавіць рэгістрацыі, кажа Шота.

«Я бачу вельмі састарэлыя нормы, напрыклад, што рэдактар выданьня мусіць мець стаж працы ня менш за 5 гадоў — гэта ў прынцыпе абсурдна. Дый наагул, сам прынцып рэгістрацыі — прасіць у дзяржавы дазвол на працу —даволі дзіўна ў ХХІ стагодзьдзі», — кажа кіраўнік парталу Hrodna.life.

На думку Аляксея Шоты, калі зарэгістравацца, атрымаеш сумнеўныя выгады, затое потым будуць вялікія клопаты.

«Калі не зарэгістравацца, у любы момант могуць сказаць: «Вы ня СМІ» і адмовіць у камэнтары.

Бо цяпер у нас вельмі добрыя стасункі зь мясцовымі чыноўнікамі, мы ўсюды прымаюць, нам яны даюць камэнтары. Ня ведаю, ці паважаюць, ці баяцца, але можа быць загад зьверху, і сытуацыя зьменіцца. Я думаю, гэта спроба больш далікатнага, тонкага рэгуляваньня мэдыясфэры, каб больш жорстка кантраляваць СМІ", — робіць выснову Аляксей Шота.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG