Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Асобнае ведамства ў плюсе, а дзяржаве нанесена шкода», — Віктар Пракапеня пра блякаваньне сайтаў


Віктар Пракапеня
Віктар Пракапеня

Адзін з ініцыятараў дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», ІТ-бізнэсовец Віктар Пракапеня на сваёй старонцы ў фэйсбуку апублікаваў зварот з нагоды нядаўняга блякаваньня сайта «Хартыі-97».

«Дагэтуль у краіне 20 гадоў быў цалкам свабодны інтэрнэт, калі не лічыць кароткатэрміновыя блякаваньні сайтаў падчас пратэстных мерапрыемстваў», — напісаў бізнэсовец.

ІТ-прадпрымальнік, які зусім нядаўна стаў фігурантам скандалу з выдаленьнем публікацый пра ўласнае затрыманьне ў 2015 годзе, выклаў пяць высноваў, чаму дзяржаве ня выгадна блякаваць сайты.

1. Няма лепшай рэклямы сайтаў, чым іх блякаваньне

«Вопыт блякаваньня сайтаў у дзяржустановах паказвае, што заблякаваныя сайты карыстаюцца ў чыноўнікаў вялікай папулярнасьцю: проста доступ да іх адбываецца не з працоўных кампутараў, а з мабільных тэлефонаў.

Каб абыйсьці блякаваньне, трэба паставіць іншую праграму для доступу ў інтэрнэт, напрыклад, Tor ці Opera. Нават пэнсіянэр упраўляецца з гэтай задачай менш як за 5 хвілін.

Няма сэнсу ў тым, каб секчы галовы гідры ці тушыць пажар бэнзінам. Заблякаваны сайт, павялічыўшы свой трафік за кошт такой рэклямы, хутчэй за ўсё, яшчэ больш радыкалізуецца, гэтаксама як радыкалізуецца яго аўдыторыя. Google Trends, хоць і ня самы чысты інструмэнт для вымярэньня, ужо паказвае рост папулярнасьці заблякаванага сайту на 20%».

2. Вялікая колькасьць апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў стане немагчымай

«Магчымы пераход вялікай колькасьці грамадзян на праграмы накшталт Tor або Opera прывядзе да ўскладненьня працы па расьсьледаваньні злачынстваў, у якіх выкарыстоўваўся інтэрнэт (цяпер такіх усё больш) — дзяржава ня зможа бачыць ня толькі калі грамадзяне наведваюць заблякаваныя сайты, але і любыя іншыя. Вялікая колькасьць апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў стане немагчымай.

Як вынік — калі раскрываць злачынствы складаней, то злачыннасьць можа вырасьці. У выпадку, калі сапраўды трэба будзе закрыць доступ да нейкіх сайтаў падчас нейкага «пажару», а большасьць грамадзян выкарыстоўвае Тоr для доступу да інтэрнэту, закрыць доступ да гэтых сайтаў стане немагчыма».

3. Усё большая колькасьць людзей пераходзіць у сацсеткі

«Сайты сёньня могуць выкладваць увесь свой кантэнт у сацыяльных сетках, напрыклад, Instant Articles у Facebook. У выніку ўсё большая колькасьць людзей пераходзіць у сацыяльныя сеткі для атрыманьня інфармацыі, што стварае эфэкт акурат супрацьлеглы таму, які мае на мэце блякаваньне сайту».

4. Гэта ўскладненьне міжнародных адносін

«Блякаваньне СМІ без папярэджаньня і не даючы часу на ліквідацыю парушэньняў — гэта ўскладненьне міжнародных адносін. Шкода іміджу відавочная ўсім, пра яе нават няма сэнсу пісаць.

У апошні час мы зрабілі вялікую працу з амэрыканскімі юрыстамі і лабістамі, каб разблякаваць плацёжную сыстэму Paypal у Беларусі. Беларусы ня могуць скарыстацца гэтай плацёжнай сыстэмай, у гэтым сьпісе мы побач з Зімбабвэ, Лібэрыяй і Паўночнай Карэяй. Рaypal неабходны, каб малым кампаніям было лягчэй працаваць, а вялікія і так могуць працаваць праз свае філіялы. У выпадку працягу сытуацыі з блякаваньнем сайтаў гэта немагчыма».

5. Дзяржаве наносіцца вялізная шкода

«У сацыяльных сетках выказваюць меркаваньні, што прэзыдэнт асабіста аддаў загад аб блякаваньні. Больш верагодным мне здаецца наступны сцэнар: нейкае ведамства паставіла свой інтарэс вышэй за інтарэсы дзяржавы. Атрымаць 100 тысяч даляраў на балянс свайго ведамства, калі дзяржава страціла 100 мільёнаў — гэта клясыка жанру.

Можа прайсьці ўсяго пару тыдняў, і колькасьць наведваньняў на заблякаваным сайце вырасьце. Але гэтая наведвальнасьць ня будзе адлюстроўвацца ў справаздачах беларускіх правайдэраў. Затое гэтае ведамства зможа паведаміць, што, па іх статыстыцы, ніхто ў Беларусі заблякаваны сайт не наведвае.

У выніку асобнае ведамства ў плюсе, а дзяржаве нанесена вялізная шкода. Гэтае тлумачэньне мне здаецца найбольш верагодным».

Беларусафобы, Пракаповіч і Kyky. Як у Беларусі блякавалі сайты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG