Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў «ІТ-дэкрэт», «каб сусьветныя кампаніі прыходзілі ў Беларусь»


Лукашэнка наведвае офіс кампаніі Віктара Пракапені, побач зь імі кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 22 сьнежня дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», вядомы ў народзе як «ПВТ 2.0», перадае БЕЛТА.

Паводле кіраўніка Беларусі, галоўная мэта дакумэнту — «стварыць такія ўмовы, каб сусьветныя IT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі тут свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў сьвеце прадукт».

Што там у новым «ІТ-дэкрэце»? Каротка пра асноўнае

«Другая мэта дэкрэту — інвэстыцыі ў будучыню, — пералічвае Лукашэнка.

Беларусь становіцца першай у сьвеце дзяржавай, што адкрывае шырокія магчымасьці для выкарыстаньня тэхналёгіі блокчэйн

— Гэта IT-кадры і адукацыя. Трэцяя — укараненьне найноўшых фінансавых інструмэнтаў і тэхналёгіяў. Вядучыя эканомікі сьвету яшчэ толькі прыглядаюцца да гэтай новай зьявы. Беларусь становіцца фактычна першай у сьвеце дзяржавай, што адкрывае шырокія магчымасьці для выкарыстаньня тэхналёгіі блокчэйн. У нас ёсьць усе шанцы стаць рэгіянальным цэнтрам кампэтэнцыяў у гэтай галіне».

Тэкст дэкрэту пакуль не апублікаваны. але Tut.by апублікаваў неафіцыйны пераказ палажэньняў дэкрэту.

Лукашэнка абяцаў айцішнікам «стабільнасьць» за сплату падаткаў

Раней Лукашэнка расказваў, што паабяцае IT-кампаніям «стабільнасьць і парадак» пры ўмове, што яны будуць спраўна плаціць падаткі.

Ён заяўляў пра «цьвёрдую вызначанасьць» таго, што лічбавая эканоміка ў прыярытэце, але праект дэкрэту, які абмяркоўваюць у закрытым рэжыме ўжо паўгода, пакуль не падпісаў – трэба дапрацаваць, бо «ў сьвеце няма выразных адказаў на шматлікія выклікі, народжаная бурным разьвіцьцём тэхналёгіяў».

Таксама Лукашэнка казаў, што ня мае намеру тармазіць «адпаведныя працэсы», ужываў фразы «штучны інтэлект», «вялікія дадзеныя» (ад анг. Big data), «тэхналёгія блокчэйн».

Афіцыйна паведамлялася, што ўсе міністэрствы ўзгаднілі «ІТ-дэкрэт». Перад тым Мінфін скрытыкаваў крыптавалюты, але хутка прыбраў крытыку з сайту.

Адзін з прыхільнікаў дэкрэту, бізнэсовец Віктар Пракапеня казаў, што дэкрэт будзе падпісаны ў «супэр лібэральным» варыянце.

Паводле стваральніка БРСМ і цяперашняга кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Усевалада Янчэўскага, праект дэкрэту прадугледжваў:

  • Спэцыяльны падатковы рэжым для ПВТ прапануецца падоўжыць да 2049 году, у ПВТ плянуецца прымаць распрацоўшчыкаў у галінах штучнага інтэлекту, «інтэрнэту рэчаў», бесьпілётных аўто, вялікіх дадзеныя, маркетынгу ў ІТ і іншым.
  • Дазволіць у ІТ-бізнэсе элемэнты «ангельскага права», як канвэртаваны заём і апцыён, каб заключаць інвэстыцыйныя ўгоды ў Беларусі, а не за мяжой (як цяпер з прычыны «прававога вакуўму»).
  • Замежнаэканамічныя дамовы перавесьці ў электронны выгляд, вызваліць ад падатку на даданую вартасьць і падатку на даходы і афшорнага збору.
  • Наладзіць больш цесную супрацу ПВТ і ўнівэрсытэтаў, дазволіць ПВТ даваць сродкі на разьвіцьцё адукацыі, а кампаніям Парку дазволіць аказваць адукацыйныя паслугі і даваць гранты выкладчыкам ВНУ.
  • Даць азначэньні блокчэйну, майнінгу, крыптавалютам, токенам і іншаму з гэтай галіны, каб увесьці крыптавалюты ў прававое поле. У парадку экспэрымэнту дазволіць разьмяшчэньне токенаў на пляцоўцы ПВТ (што гэта значыць, не да канца зразумела: токены — гэта сваеасаблівыя «віртуальныя адзінкі» крыптавалютаў, якія не захоўваюцца недзе цэнтралізавана, а існуюць у блокчэйн-ланцужку, што захоўваюць самі карыстальнікі).

Шэраг экспэртаў крытыкаваў працэс стварэньня дэкрэту: тэкст не абмяркоўваўся публічна, дэкрэт шмат расхвальвалі, але не далі незалежным экспэртам праверыць, ці не нясе ён залішнія перавагаў адным і перашкоды іншым IT-кампаніям.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG