Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці легалізуюць біткойн? Мінфін скрытыкаваў крыптавалюты і прыбраў крытыку з сайту


Пакуль самая папулярная ў сьвеце крыптавалюта біткойн б’е новыя рэкорды кошту (амаль 10 000 даляраў за 1 біткойн), стаўленьне да яе ў Беларусі па-ранейшаму насьцярожанае. Яшчэ 27 лістапада Мінфін на афіцыйным сайце засьцерагаў грамадзянаў ад інвэставаньня ў крыптавалюты, але ўжо 28 лістапада перадумаў.

Не пазьней за 27 лістапада на сайце Міністэрства фінансаў Беларусі зьявіўся артыкул «Што такое крыптавалюты, крыптабіржы, ICO, токены?» з двума тэкставымі дадаткамі да яго: «Крыптавалюты, крыптабіржы, ICO, токены. Аналітычны агляд» і «Дайджэст пазыцый фінансавых рэгулятараў і наглядных органаў у пытаньнях крыптавалют, ICO і токенаў».

Ужо раніцай 28 лістапада старонка была выдаленая з сайту міністэрства, але яе ўсё яшчэ можна пабачыць у кэшы пошукавіка Google.

Скрыншот з выдаленай старонкі з публікацыяй пра крыптавалюты з сайту Мінфіну
Скрыншот з выдаленай старонкі з публікацыяй пра крыптавалюты з сайту Мінфіну


У тлумачэньнях, якія зьніклі з афіцыйнага сайту, Мінфін засьцерагаў беларусаў ад інвэставаньня ў выпускі крыптавалютаў праз адсутнасьць дзяржаўнага рэгуляваньня, рыначнай ацэнкі і аўдыту, гарантыяў другаснага рынку і гарантыяў раскрыцьця поўнай інфармацыі пра выпуск крыптавалютаў.

«Сёньня крыптавалюты — гэта фінансавы актыў без забесьпячэньня, які купляюць людзі, таму што вераць, што яго цана вырасьце. Гэта тыповая бурбалка ці, іншымі словамі, фінансавая піраміда. Будучыня крыптавалютаў, крыптабіржаў, ICO і токенаў шмат у чым залежыць ад іх рэгуляваньня», — гаварылася ў аналітычным аглядзе ад беларускага Мінфіну.

«Даручэньне выдаліць прыйшло ад кіраўніцтва»

У прэс-службе Міністэрства фінансаў карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі, што гэтая старонка сапраўды была выдаленая.

«Пакуль гэтая інфармацыя выдалена. Прычына пакуль невядомая — проста было даручэньне гэтую інфармацыю пакуль адмяніць. Было даручэньне разьмясьціць, а потым адмяніць. Мы пакуль проста выканаўцы. Даручэньне прыйшло па сыстэме электроннага дакумэнтаабароту ад кіраўніцтва. Таму інфармацыя адключаная», — сказалі ў прэс-службе.

На пытаньне, ці азначае гэта зьмену стаўленьня Мінфіну да крыптавалют, Комар адказала: «Пакуль мы гэта пытаньне не камэнтуем».

Ці ў Беларусі легалізуюць крыптавалюты?

Сытуацыя з выдаленай старонкай на сайце Мінфіну цікавая тым, што ў Беларусі можа зьявіцца нейкае заканадаўчае рэгуляваньне крыптавалютаў. І, падобна на тое, тут у розных уладных структураў няма адзінага погляду.

Лукашэнка і Янчэўскі падчас наведваньня офісу Віктара Пракапені ў сакавіку 2017
Лукашэнка і Янчэўскі падчас наведваньня офісу Віктара Пракапені ў сакавіку 2017

Пасьля таго, як беларускі Парк высокіх тэхналёгіяў узначаліў стваральнік БРСМ Усевалад Янчэўскі, быў анансаваны новы «прарыўны» дэкрэт Лукашэнкі пра разьвіцьцё IT-галіны, які атрымаў неафіцыйную назву «ПВТ 2.0». Але зацікаўленыя кампаніі, як і ўрад ці дэпутаты, не публікуюць поўнага тэксту праекту, а толькі рэклямуюць яго як будучы закон, што «ператворыць Беларусь у IT-краіну».

У дэкрэце, паводле Tut.by, сярод іншага прадугледжанае «ўвядзеньне ў грамадзянскае абарачэньне» крыптавалютаў і тэхналёгіяў блокчэйну.

«Прапануецца комплекснае прававое рэгуляваньне для таго, каб рэзыдэнты ПВТ маглі аказваць паслугі крыптабіржаў, крыптаабменьнікаў, прыцягваць фінансаваньне з дапамогай ICO, выкарыстоўваць крыптавалюты і токены ў грамадзкім абарачэньні», — адзначалася ў артыкуле.

Адным з лабістаў новага ІТ-дэкрэту лічыцца ІТ-бізнэсовец Віктар Пракапеня, які ў 2015 годзе правёў некалькі месяцаў за кратамі па абвінавачваньні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а ўжо сёлета прымаў у менскім офісе сваёй ІТ-кампаніі Аляксандра Лукашэнку. У дзень згаданай публікацыі на Tut.by Пракапеня напісаў вялікі пост у Facebook з рэклямай новага праекту дэкрэта, дзе сярод іншага закрануў і рэгуляваньне крыптавалютаў.

«Калі крыптавалюты перажывуць узгадненьні, шуму будзе на цэлы сьвет», — напісаў Пракапеня.

Акурат сёньня, 28 лістапада, Пракапеня выступіў на паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы ў Менску, дзе заявіў, што ў «выпадку прыняцьця дэкрэту Беларусь стане першай краінай у сьвеце, якая рэгулюе ўсе адносіны з выкарыстаньнем тэхналёгій блокчэйн», на аснове якой і працуюць крыптавалюты.

Цяпер здабыча і абарачэньне крыптавалютаў у Беларусі не забароненыя, але і не дазволеныя: магчыма, за некаторыя апэрацыі могуць пакараць, але за якія — невядома.

Як працуе біткойн. Простымі словамі

Самая папулярная ў сьвеце крыптавалюта — біткойн. На момант публікацыі за 1 біткойн прапануюць амаль 10 тысяч даляраў, з пачатку году курс падскочыў у дзесяць разоў.

Біткойн, як і іншыя крыптавалюты, ня маюць купюраў ці манэтаў, як рэальныя, і не кантралююцца цэнтральнымі банкамі.

Гэтая сыстэма дазваляе ананімна абменьвацца ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абменьваць іх на тавары ці рэальныя грошы). Кожны можа праверыць, якія апэрацыі праводзіліся, але ня можа спраўдзіць, між кім: вядомыя псэўданімы адпраўніка і прымальніка віртуальных грошай, але ня іх рэальныя асобы.

Курс крыптавалютаў вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

Зьвесткі пра апэрацыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блёкамі. Пры гэтым кожны блёк мае інфармацыю пра папярэдні.

Працу крыптавалютаў забясьпечваюць самі карыстальнікі: даюць вылічальныя магутнасьці сваіх кампутараў (усё часьцей — адмысловых вылічальных «фэрмаў» з магутных кампутараў) для апрацоўкі пераводаў грошай праз інтэрнэт з дапамогай спэцыяльных праграмаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты. Гэта завецца «майнінгам» — здабычай крыптавалюты праз забесьпячэньне яе існаваньня.

Майнінг біткойнаў. Ілюстрацыйнае фота
Майнінг біткойнаў. Ілюстрацыйнае фота

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сыстэмы, або нават калі ад сыстэмы адключыцца цэлы кантынэнт, яна працягне працаваць, ня страціўшы зьвестак пра папярэднія і бягучыя пераводы грошай.

«Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабытчыкі», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасьці ў дастатковым аб’ёме.

Прававы статус крыптавалютаў няпэўны, вельмі адрозьніваецца па краінах сьвету, але большасьць краінаў не забараняе карыстацца імі. Дзе-нідзе ўжо можна расплаціцца крыптавалютай ня толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах. Але часта крыптавалюта (праз магчымасьць застацца ананімным) выкарыстоўваецца для гандлю незаконнымі таварамі і паслугамі, напрыклад зброяй ці наркотыкамі.

Суаўтар праекту дэкрэту аб «ІТ-рэвалюцыі» ў Беларусі: У Эўропе такі акт можа прымацца гадамі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG