Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарам Парку высокіх тэхналёгіяў прызначылі стваральніка БРСМ


Усевалад Янчэўскі, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка прызначыў дырэктарам Парку высокіх тэхналёгіяў свайго памочніка, 40-гадовага Ўсевалада Янчэўскага. Янчэўскі заняў пасаду звольненага Валера Цапкалы, якога называюць стваральнікам ПВТ.

Янчэўскі быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі і начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня ў красавіку 2008 году. Ад сьнежня 2013 году атрымаў функцыю куратара «адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сфэрах інфарматызацыі, тэлекамунікацыяў і высокіх тэхналёгіяў», стаў старшынём Назіральнай рады ПВТ. З 2011 па 2016 год быў у «чорных сьпісах» Эўразьвязу.

У 1994 годзе Янчэўскі быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, браў актыўны ўдзел у яго кампаніі. Але ў 1995-м увайшоў у перадвыбарчы штаб Станіслава Шушкевіча ў час выбараў у Вярхоўны Савет. Ад 1997 году кіраваў створанай у падтрымку Лукашэнкі моладзевай арганізацыяй «Прамое дзеяньне», з 1997 па 2001 год быў першым сакратаром БПСМ, які затым, з далучэньнем «Беларускага саюзу моладзі», перарос у БРСМ. У 2000 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Таксама з 2005 па 2007 год быў галоўным рэдактарам часопіса «Планета», што выдаваў «Белтрансгаз».

Новы дырэктар ПВТ родам з Барысава, адвучыўся на юрыдычным факультэце БДУ па спэцыяльнасьці «палітыка і дзяржаўнае кіраваньне», затым атрымаў другую адукацыю на факультэце міжнародных адносінаў БДУ.

Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску, галоўны корпус
Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску, галоўны корпус

У час візыту Лукашэнкі ў Парк высокіх тэхналёгіяў 13 сакавіка Янчэўскі заявіў, што ў бліжэйшы час будзе сфармаваны пакет прапановаў Лукашэнку па разьвіцьці IT-галіны і сфэры высокіх тэхналёгіяў. Лукашэнка ж у час таго візыту заявіў, што хоча, каб у Беларусі «тэлефоны, айфоны хаця б пачалі рабіць, хоць бы элемэнты гэтага прадукту, ну калі не на сто адсоткаў, то хаця б на шэсьцьдзесят».

Заснавальнік парталу TUT.BY Юры Зісер назваў прызначэньне Ўсевалада Янчэўскага дырэктарам адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій прадказальным:

Юры Зісер
Юры Зісер

«Апошнім часам я і меркаваў, што менавіта так будзе, і казаў пра гэта на Свабодзе. Янчэўскі ж старшыня назіральнай рады Парку высокіх тэхналёгій ужо шмат гадоў. Таму гэтае прызначэньне выглядае даволі натуральным.

Ну, а што будзе? Я спадзяюся, тое, што было на сустрэчы прэзыдэнта, Янчэўскага зь фірмамі Пракапені, усё гэта ажыцьцявіцца. Такія спадзяваньні. Паглядзім, што будзе».

Падчас наведваньня кампаніяў Віктара Пракапені Лукашэнка паабяцаў падтрымаць разьвіцьцё ІТ-сфэры ў краіне. У 2015 годзе Віктар Пракапеня пабываў пад вартай. У лютым 2016 году ўсе падазрэньні зь бізнэсоўца былі зьнятыя.

Багдан Каравец, дырэктар кампаніі Astronim, камэнтуючы карэспандэнту Свабоды прызначэньне Янчэўскага, сказаў, што гэта лягічна і нядрэнна:

«Ён ужо 10 гадоў у тэме ІТ. І гэта добра. То бок маглі быць варыянты значна горшыя. І гэты варыянт і лягічны, і нядрэнны. А па факце, пойдзе гэта ў разьвіцьцё ці не — цяпер, я думаю, ніхто сказаць ня можа. Але думкі агучаныя правільныя, і кірунак агучаны добры ў разьвіцьці заканадаўства і самога ПВТ як парку для аўсорсінгавых сэрвісных і прадуктовых кампаній».

— Ваша кампанія не рэзыдэнт ПВТ. Чаго вы чакаеце ад парку пад новым кіраўніцтвам?

— Цяпер вельмі складаная працэдура ўваходжаньня ў парк. Юрыдычна яна займае каля году. У ідэале ўсё павінна быць хутчэй і больш празрыста. Цяпер ПВТ прымае ад 5 да 10 кампаній у год. Гэта мала, і ўсім было б выгадней, калі б гэта было значна хутчэй.

Валошын: выдатным варыянтам для ПВТ быў бы Пракапеня, але Янчэўскі таксама «пракачаны» для ІТ-сфэры

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG