Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валошын: выдатным варыянтам для ПВТ быў бы Пракапеня, але Янчэўскі таксама «пракачаны» для ІТ-сфэры


Кірыл Валошын

Памочнік прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі прызначаны на пасаду кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій. Ён заняў месца звольненага два тыдні таму Валерыя Цапкалы.

Дагэтуль Янчэўскі быў старшынём назіральнай рады ПВТ і куратарам ІТ-галіны ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Таксама выконваў функцыі начальніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі. У 1990-х ён быў сярод заснавальнікаў праўладнай моладзевай арганізацыі «Беларускі патрыятычны саюз моладзі» (БПСМ), які пазьней трансфармаваўся ў БРСМ.

Кадравую ратацыю для Радыё Свабода пракамэнтаваў прадпрымальнік, адзін са стваральнікаў беларускага парталу TUT.by Кірыл Валошын:

«Тое, што ведаю пра Ўсевалада Янчэўскага, у асноўным характарызуе яго толькі са станоўчага боку. Гэта энцыкляпэдыст, надзвычай глыбока начытаны чалавек; ён ужо даўно ў ІТ-сфэры „пракачаўся“ і досыць добра ў сваёй галіне разумее. Ідэалягічны складнік я камэнтаваць не гатовы, бо наўрад ці магу ацаніць яго правільна. Прынамсі, ніколі наўпрост з гэтым не сутыкаўся.

Але з гледзішча ІТ-індустрыі, дык, скажам так, ад іншых „правільных“ людзей з гэтай галіны чуў толькі адно меркаваньне: нам пашанцуе, калі Цапкалу зьменіць на пасадзе Янчэўскі».

Карэспандэнт: То бок хочаце сказаць, што ў сытуацыі вакантнага месца пасьля Цапкалы — адзіны адэкватны варыянт?

«Ну, я не кажу, што ён адзіны. Калі галюцынаваць на гэтую тэму, то, умоўна кажучы, каб ПВТ узначаліў Віктар Пракапеня, які толькі што станоўча праславіўся, варыянт быў бы проста цудоўны. Але Янчэўскі — таксама добрая кандыдатура. Пакуль нешта ацэньваць у любым выпадку рана, трэба паглядзець на першыя вынікі».

Падчас нядаўняга візыту ў Парк высокіх тэхналёгій Аляксандар Лукашэнка наведаў офісы кампаніяў «Бануба Дэвелапмэнт» і «І-Экс-Пі Кэпітал» Віктара Пракапені. Сумесна з расейскім мільярдэрам Міхаілам Гуцэрыевым беларускі бізнэсовец інвэстуе ў праекты, зьвязаныя са штучным інтэлектам. Тады ж быў прэзэнтаваны праект «ІТ-краіна».

У 2015 годзе Віктара Пракапеню зьвінавацілі ў нясплаце падаткаў і зьмясьцілі пад варту, а ў лютым 2016-га ўсе падазрэньні зь яго былі зьнятыя.

Усевалад Янчэўскі прыехаў да Віктара Пракапені разам з босам, стаяў зь ім побач і фактычна быў прадстаўлены калектыву ў новай якасьці — кіраўніка ПВТ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG