Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка звольніў Цапкалу з пасады дырэктара Парку высокіх тэхналёгіяў


Валер Цапкала, архіўнае фота

Адзін з заснавальнікаў беларускага Парку высокіх тэхналёгіяў і яго ідэйны натхняльнік Валер Цапкала звольнены з пасады дырэктара ПВТ.

Адпаведны ўказ Аляксандар Лукашэнка падпісаў 2 сакавіка, прычыны звальненьня не называюцца, таксама як не называецца новы кіраўнік ПВТ.

Сам Валер Цапкала ўстрымліваецца ад кантактаў з журналістамі, адказваючы, што не дае камэнтароў адносна свайго звальненьня з пасады. Гэтаксама ён не ўдакладняе, паводле чыёй ініцыятывы прынятае такое рашэньне. Між тым, у адміністрацыі ПВТ сьцьвярджаюць, што раніцай Цапкала быў на працы і праводзіў нараду з супрацоўнікамі.

Падрабязнасьці звальненьня не камэнтуе і прэс-служба ПВТ.

Намесьнік Валера Цапкалы Аляксандар Марцінкевіч паведаміў Свабодзе, што цяпер у іх з візытам знаходзіцца прэзыдэнт Грузіі, таму гаварыць на тэму адстаўкі кіраўніка ён пакуль ня можа.

«Валер Цапкала прыдумаў гэты Парк, ён яго стварыў і забясьпечваў яго працу, нягледзячы на нападкі і варожасьць, якія былі ў яго адрас, — кажа Свабодзе заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер. — Я лічу, што гэты Парк — вялікая справа для краіны. І незалежна ад таго, куды потым Цапкалу прызначаць, ён зрабіў для краіны вельмі вялікую справу. Таму шкада. І галоўнае — незразумелыя прычыны зусім! Цікава, на яго ж месца напэўна прызначаць нейкага чыноўніка, а нашы чыноўнікі не размаўляюць нават па-ангельску, як яны будуць працаваць на такой пасадзе?»

Парк высокіх тэхналёгіяў, галоўны корпус, архіўнае фота
Парк высокіх тэхналёгіяў, галоўны корпус, архіўнае фота

Валер Цапкала працаваў у пачатку 1990-х у Міністэрстве замежных справаў, быў дарадцам старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, адным з кіраўнікоў выбарчага штабу Лукашэнкі ў 1994-м, пасьля да 1997 году быў першым намесьнікам міністра замежных справаў, з 1997 па 2002 — амбасадарам Беларусі ў ЗША, затым да 2005-га — памочнікам Лукашэнкі. Пасьля заняў пасаду дырэктара адміністрацыі ПВТ, які ствараўся як беларуская «крамянёвая даліна».

У парку на пачатак 2017 году было 165 кампаніяў-рэзыдэнтаў, у якіх працавалі 27 тысяч чалавек. Аб’ём вытворчасьці кампутарных праграмаў склаў за 2016 год 1,79 млрд беларускіх рублёў, вырас у параўнаньні зь мінулым годам на 142%. За год рэзыдэнты ПВТ наэкспартавалі кампутарных паслугаў амаль на мільярд даляраў. Найбуйнейшыя рэзыдэнты ПВТ — EPAM, Wargaming і IBA.

На просьбу ацаніць дзейнасьць Парку Багдан Каравец, дырэктар беларускай IT-кампаніі Astronim, што не ўваходзіць у ПВТ, кажа Свабодзе, што Парк быў «проста месцам атрыманьня падатковых льготаў» толькі першыя год пяць — потым вакол ПВТ пачалі выбудоўваць тэхнічную, адміністрацыйную і фінансавую інфраструктуру, цяпер гэта ІТ-клястэр.

«Звальненьне Цапкалы гэта вельмі кепска, бо ў Адміністрацыі прэзыдэнта няма ніводнага чалавека такога ўзроўню разуменьня ІТ з аднога боку, а з другога — такога, які так вольна стасуецца зь іншаземцамі, а з трэцяга — з такімі сувязямі ў ІТ-галіне ў краіне і за як межамі, — разважае Каравец. — Каго б не паставілі, гэта будзе перавод ПВТ з „айцішна-прафэсійнай“ вобласьці ў нейкае гаспадарча-палітычнае рэчышча. Роля Цапкалы ключавая, бо ён асабіста курыраваў усе важныя пытаньні і прасоўваў шмат падпраектаў гэтага вялікага праекту, якія прывялі да росту ПВТ да цяперашніх лічбаў».

Фядута: «Зашмат скандалаў здарылася пры Цапкалу з удзелам кампутарных фірмаў»

Адстаўку з пасады кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы камэнтуе палітоляг Аляксандар Фядута.

Валошын: «Адставіць Цапкалу маглі на фоне недасягнутага запаветнага мільярда»

«Я б не рабіў катэгарычных высноў у сувязі з вызваленьнем Цапкалы ад пасады. Але тое, што гэта вялікая страта для галіны, для ПВТ, асабіста для мяне, ніякага сумневу няма», —прадпрымальнік, стартап-мэнтар, адзін са стваральнікаў беларускага парталу TUT.by Кірыл Валошын пра наступствы адстаўкі Валера Цапкалы з пасады кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG