Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валошын: «Адставіць Цапкалу маглі на фоне недасягнутага запаветнага мільярда»


Кірыл Валошын
Кірыл Валошын

Прадпрымальнік, стартап-мэнтар, адзін са стваральнікаў беларускага парталу TUT.by Кірыл Валошын — пра наступствы адстаўкі Валера Цапкалы з пасады кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў:

«Я б не рабіў катэгарычных высноў у сувязі з вызваленьнем Цапкалы ад пасады. Але тое, што гэта вялікая страта для галіны, для ПВТ, асабіста для мяне, ніякага сумневу няма. Па сутнасьці, чалавек нарадзіў гэтую ідэю, вынасіў, 12 гадоў выхоўваў кадры. Найразумнейшы чалавек, энцыкляпэдыст, гаворыць на многіх мовах, у бальшыні выпадкаў правільна ацэньвае сытуацыю, выказваецца за лібэралізацыю, за дэкрыміналізацыю прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і г.д. І калі пасьля гэтага зьмяшчэньня ён яшчэ праляціць міма нейкіх міністэрскіх крэслаў, то будзе страта для ўсяго дзяржкіраваньня наогул».

На пачатку лютага Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў «айцішнікаў», каб тыя, карыстаючыся сваім статусам, перасталі «шалець» — ад грошай у канвэртах, ад афшораў і г.д. І загадаў Сьледчаму камітэту узяць галіну пад кантроль, а ў выпадку неабходнасьці — апусьціць на зямлю і паставіць у адзін шэраг з усімі астатнімі. Ці магло гэта быць папярэджаньнем для Цапкалы?

«Гэта не гісторыя адміністрацыі ПВТ, гэта гісторыя канкрэтных удзельнікаў ПВТ, калі пераносіць гэты зварот непасрэдна на іх. Адміністрацыя, як вы разумееце, ні сном ні духам, яна не кантралюе, якім мылам, умоўна кажучы, мыюцца яе супрацоўнікі і ці спускаюць за сабой ваду. Гэтак жа, як выдаецца заробак. То бок, калі прадпрыемства, якое ўдзельнічае у ПВТ, выконвае ўсе патрабаваньні, плаціць усе ўнёскі і падаткі, значыць, яно працуе правільна. А калі дзяржава знайшла нешта ўсярэдзіне, то гэта яўна не праблема адміністрацыі. ПВТ — гэта ж ня сьледчы орган, праўда?»

Карэспандэнт: А нельга разглядаць як элемэнт «аптымізацыі», кадравай ракіроўкі?

«Я ўжо казаў, што ПВТ — ягонае дзецішча. Таму гэта ўсё адно як маму нейкага дзіцяці адправіць у Афрыку, каб яна там далей нараджала і гадавала. Магчыма, рашэньне прынятае на фоне статыстыкі: запаветны мільярд прыбытку не атрымаўся і, нягледзячы на ўсе лічбы росту, магчыма, хтосьці наверсе „засердаваў“. Але думаю, што пакуль сьпяшацца з высновамі ня варта...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG