Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскае права, беларускі суд і шарашкі


Парк высокіх тэхналёгій

Аляксандар Лукашэнка 11 сьнежня правёў нараду, на якой абмяркоўваўся праект дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Ці магчыма разьвіцьцё найноўшых тэхналёгій у несвабодзе?

Кіраўнік Беларусі падчас нарады казаў шмат правільных словаў пра лічбавую эканоміку, запэўніваў, што «наша краіна мае ўсе шанцы стаць як мінімум рэгіянальным лідэрам у разьвіцьці самых перадавых напрамкаў — штучнага інтэлекту, вялікіх дадзеных, тэхналёгіі блокчэйн».

Але галоўнае ў ягоным выступе было ня гэта. Найбольш важны быў сюжэт, дзе Лукашэнка казаў пра «стабільнасьць і парадак». Здавалася б, пры чым гэта да ІТ? Але ў каго што баліць. «Дзяржава мае патрэбу ў сіле. Таму яе трэба падтрымліваць», — пераконваў ён прысутных прадстаўнікоў ІТ-галіны.

Квінтэсэнцыя ягонага разуменьня лічбавай эканомікі — наступная фраза:

«Ну, а калі вы створыце тут такую выдатную гавань, куды ўсе прыедуць і будуць самі на сябе працаваць і зарабляць, ня думаючы пра іншых, і нават пра тых, хто ў вас у кампаніях будзе працаваць... Шчыра кажучы, не патрэбная мне такая гавань».

Перакладаю на зразумелую мову. Калі вы будзеце зарабляць, багацець, быць заможнымі без удзелу дзяржавы і быць незалежнымі ад дзяржавы, то лепш ня трэба нам такая лічбавая эканоміка.

Ці можа разьвівацца навука, тэхнічны прагрэс, інфармацыйныя тэхналёгіі ў несвабоднай краіне? Пытаньне няпростае. Мой адказ такі: на пэўным этапе, у пэўных умовах, у пэўных галінах — так. Гэта пацьвярджае і досьвед СССР, які здолеў стварыць ядзерную бомбу, моцную абаронную прамысловасьць, запусьціць касьмічныя праграмы. Апошні прыклад — КНДР, самая таталітарная краіна ў сьвеце, якая стварыла і ўласныя ракеты, і ядзерную бомбу.

Сёньняшняя Беларусь — краіна адносна несвабодная. Яе нельга параўноўваць з СССР. Па ўзроўні ахопу насельніцтва інтэрнэтам, абʼёме выпрацаванага ІТ-прадукту яна збольшага ідзе ўпоравень зь іншымі краінамі рэгіёну (за выключэньнем Эстоніі). Парк высокіх тэхналёгій — даволі эфэктыўны афшор.

Але вось якія паралелі ўзьнікаюць. У сталінскім СССР існаваў такі экзатычны інстытут, як «шарашкі». Гэта навукова-дасьледчыя структуры, канструктарскія бюро, у якіх працавалі зьняволеныя навукоўцы, інжынэры і тэхнікі. Такія ўстановы добра апісаныя ў рамане Аляксандра Салжаніцына «В круге первом». Праз «шарашкі» прайшлі такія выбітныя канструктары, як Сяргей Каралёў, Андрэй Тупалеў.

Сёлета ў красавіку Аляксандар Лукашэнка наведаў офіс кампаніі Віктара Пракапені
Сёлета ў красавіку Аляксандар Лукашэнка наведаў офіс кампаніі Віктара Пракапені

​І тут якраз дарэчы ўзгадаць справу Віктара Пракапені. Кіраўнік кампаніі VP Capital, самы буйны падаткаплатнік Беларусі 2016 году, ён быў арыштаваны ў 2015 годзе, правёў у сьледчым ізалятары больш за дзесяць месяцаў і быў вызвалены з-за кратаў, пасьля таго як выплаціў «выкуп», які запатрабавала сьледзтва. Цяпер высьвятляецца, што ён ня злосны крымінальнік, а паважаны бізнэсовец. Віктар Пракапеня рэгулярна выступае па БТ, хваліць палітыку ўладаў, Лукашэнка сёлета ў сакавіку наведаў офіс ягонай кампаніі падчас візыту ў ПВТ, вось сёньня запрасіў на нараду. Самы вядомы ІТ-бізнэсовец у захапленьні ад праекту новага прэзыдэнцкага дэкрэту, ён ня можа схаваць сваю радасьць, дзеліцца ёй у сацыяльных сетках. Такі своеасаблівы «стакгольмскі сындром».

І вось, з аднаго боку, вельмі лібэральны дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», а зь іншага боку, лёс Віктара Пракапені.

Што тычыцца пэрспэктываў стварэньня ІТ-краіны. Праблема ў тым, што Лукашэнка гатовы на стварэньне лібэральных умоваў толькі ў адным сэктары эканомікі, дакладней нават, у адным месцы — у Парку высокіх тэхналёгій. І тое пры ўмове захаваньня той ролі дзяржавы, пра якую мы ўзгадвалі. Такая ўмоўная «шарашка», з папраўкай на эпоху.

Шмат гаворыцца пра дазвол прымяняць у ІТ-бізнэсе элемэнты «ангельскага права». Гэта добра, але не забывайце, што ў выпадку чаго трактаваць ангельскае права будзе самы незалежны ў сьвеце беларускі суд. Калі што, дык запросіць у якасьці сьведак амапаўцаў.

Таму Сынгапур зь Беларусі наўрад ці выйдзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG