Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імітацыя дэмакратыі — экспэрты з Масквы і Менску пра выбары пры Пуціну і Лукашэнку


Маскі Пуціна і Лукашэнкі ў сувэнірнай лаўцы ў Санкт-Пецярбургу
Маскі Пуціна і Лукашэнкі ў сувэнірнай лаўцы ў Санкт-Пецярбургу

Уладзімір Пуцін пацьвердзіў свой удзел у выбарах прэзыдэнта ў 2018 годзе. Пра гэта ён сказаў 6 сьнежня на сустрэчы з вэтэранамі і працаўнікамі аўтазаводу ГАЗ.

«Лепшага месца для абвяшчэньня пра гэта, напэўна, няма. Дзякуй за падтрымку. Я буду вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў Пуцін пад авацыі сваіх прыхільнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары ў Расеі прызначаныя на сакавік 2018 году. Намер балятавацца таксама агучылі Генадзь Зюганаў (КПРФ), Уладзімір Жырыноўскі (ЛДПР), Рыгор Яўлінскі («Яблоко»), тэлевядоўца Ксенія Сабчак, журналістка Кацярына Гордан. Перадвыбарчую кампанію правядзе і Аляксей Навальны, рэгістрацыя якога застаецца пад пытаньнем.

Для Ўладзіміра Пуціна гэта будзе ўжо чацьвёртая палітычная кампанія такога ўзроўню. Упершыню на вышэйшую пасаду ён заступіў у 2000 годзе, пасьля дачаснага сыходу свайго папярэдніка Барыса Ельцына. Затым пераабіраўся ў 2004-м, а праз чатыры гады, пасьля завяршэньня канстытуцыйнага тэрміну, стаў прэмʼер-міністрам пры прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву, які да таго кіраваў урадам.

Пасьля гэтага, як жартуюць палітолягі, чыноўнікі папросту памяняліся месцамі — у 2012 годзе Пуцін зноў стаў прэзыдэнтам, а Мядзьведзеў вярнуўся ў прэмʼерскае крэсла.

Чаго больш — агульнасьці ці адрознасьці ў прэзыдэнцкіх кампаніях, якія з рознай рэгулярнасьцю праводзяцца ў Беларусі і Расеі?

Да абмеркаваньня Свабода папрасіла далучыцца экспэртаў — дырэктара Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава ў Менску і незалежнага палітоляга Дзьмітрыя Арэшкіна ў Маскве.

Фармальны падыход да тэрмінаў

Прэзыдэнта ў Расеі абіраюць на 6 гадоў, хоць да папярэдняй кампаніі гэты тэрмін быў абмежаваны 4 гадамі. На заканадаўчым узроўні было вырашана, што 4 гадоў замала, каб пасьпяхова справіцца з пастаўленымі задачамі.

У Беларусі прэзыдэнт абіраецца на 5 гадоў з магчымасьцю пераабраньня яшчэ на адзін тэрмін. Аднак, пачынаючы ад 1994-га, краінай бесьперапынна кіруе Аляксандар Лукашэнка — права на неабмежаваную колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў ён дамогся праз рэвізію Канстытуцыі на рэфэрэндуме 2004 году.

Дзмітрый Арэшкін
Дзмітрый Арэшкін

Арэшкін: Агульнае паміж Пуціным і Лукашэнкам у тым, што яны ва ўладзе надоўга, а ў душы кожны спадзяецца, што назаўжды. Так, Пуцін ненадоўга сыходзіў, выконваючы фармальныя патрабаваньні Канстытуцыі — пакідаў адну кадэнцыю для Мядзьведзева. І ў гэтым сэнсе закон як бы выканаў. Зь іншага боку, тое, што цяпер ён ня хоча рэгістраваць Навальнага, ужо прыкмета пагарды, непавагі да прававой мадэлі. Цяпер ягоная лінія паводзінаў супрацьлеглая. Лукашэнка ў гэтым сэнсе наагул «ня парыцца» — падвярстаў пад сябе ўсё...

Ягораў: Людзей, якія займаюцца палітычным аналізам у Беларусі, нічога ня можа зьдзівіць у палітычнай рэальнасьці Расеі. Калі там зьяўляецца ўмоўны Навальны, то кожны, хто сачыў за выбарчымі кампаніямі ў Беларусі, можа згадаць сытуацыю з Казуліным і зрабіць адпаведныя высновы. Тэхналягічна схемы, якія мы праходзілі ў Беларусі 10–15 гадоў таму, у той ці іншай ступені паўтараюцца ў Расеі. Не кажу, што гэта мэханічная адпрацоўка тут для аўтаматычнага пераносу туды, але запазычваньне маладзейшым расейскім рэжымам мэтадаў старэйшага рэжыму беларускага абсалютна відавочнае.

Імітацыя выбарчага працэсу

Фармальна на прэзыдэнцкія выбары заяўляецца немалая колькасьць прэтэндэнтаў, аднак перамога Пуціна і Лукашэнкі прагназуецца лёгка. Апазыцыйныя кандыдаты ня маюць доступу да СМІ, абмежаваныя ў правядзеньні вулічных пікетаў і сустрэч у працоўных калектывах.

Падпарадкаванасьць цэнтравыбаркамаў і непразрыстасьць працэдуры падліку ставіць пад сумнеў вынікі выбараў, на якіх безальтэрнатыўныя кандыдаты ад улады набіраюць у сярэднім 80% галасоў электарату.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Ягораў: Пасьля ўсталяваньня трэцяга пакаленьня палітычных тэхналёгій сыстэмы выбудоўваюцца такім чынам, каб толькі імітаваць палітычны працэс, стварыць нібыта натуральнасьць барацьбы, даючы веру ў тое, што ёсьць магчымасьць за нешта пацягацца. Усё сканструявана так, каб арганізаваць мабілізацыю электарату на выбары. Робіцца шоў, падбіраюцца акторы. Але ў рэальнасьці ўсім кіруюць усё тыя ж галоўныя пэрсанажы. Хто вывучае палітычны досьвед Расеі і Беларусі, тыя цудоўна разумеюць, чаму сёньня зьменаў быць ня можа.

Арэшкін: Пры цяперашнім раскладзе ўсё ўпэўнена рухаецца ў бок аўтакратыі, манапалізацыі, зацісканьня грамадзянскіх правоў і ігнараваньня ўнутраных законаў. Прычым ва ўсіх галінах. Пуцін паціху «адціскае» эканоміку, зыходзячы з таго, што яна сыравінная і вялікага розуму, каб ёй кіраваць, ня трэба. Усюды «правільныя» людзі, якім ён давярае зыходзячы зь невядома якіх меркаваньняў — ці то стабільнасьці, ці то «шкурных» інтарэсаў. Лукашэнка даўно ўсё прыстасаваў пад свае патрэбы і ня мае неабходнасьці перад некім справаздачыцца ўвогуле.

Папулісцкая гульня на публіку

Нягледзячы на адміністрацыйны рэсурс, абодва прэзыдэнты вымушаныя нешта рабіць, каб падтрымліваць «спажывецкі інтарэс» з боку насельніцтва. Але калі раней у гэтым больш шчыраваў Лукашэнка, то цяпер — Пуцін.

Пры гэтым гульня на публіку збольшага перасьледуе адну мэту — адцягнуць людзкую ўвагу ад рэальных праблемаў, а за кулісамі надалей узводзіць бастыёны аўтарытарнай улады.

Арэшкін: Раньні Лукашэнка быў больш патасны. Жэсты кшталту выпіць гарэлкі за саюзную дзяржаву і разьбіць келіх, як на вялікакняскіх балях, былі гульнёй на публіку. Сёньня гэтага стала меней. У апошнім вылучэньні Пуціна зьдзівіла якраз рытуальнасьць. Ні ў 2000 годзе, ні ў 2004, ні ў 2012 ён так сябе не падаваў. А тут уся краіна паўгода чакае, робяцца «ўкіды», што можа і ня вылучыцца, будзе пераемнік. І вось нарэшце заявіў... Па-савецку, з брэжнеўскімі выкрыўляньнямі, на заводзе, далей ад Масквы. Як некалі ў Лукашэнкі, шмат увагі аддаецца менавіта рытуальнаму боку.

Крэмль у пэўным сэнсе паўтарае тое, што ў Беларусі зроблена раней

Ягораў: Крэмль у пэўным сэнсе паўтарае тое, што ў Беларусі зроблена раней. Нейкі час гэта дазваляла казаць, што Беларусь — экспэрымэнтальная пляцоўка ў адпрацоўцы сучасных аўтарытарных тэхналёгій дзеля пераносу на шырэйшы расейскі маштаб. Хоць вэрсія кансьпіралягічная, нельга ня ўбачыць падабенства хадоў, якія робіць Пуцін, а да яго рабіў Лукашэнка: усталяваньне вэртыкалі ўлады, скасаваньне выбараў на розных узроўнях, сыстэма маніпуляцый падчас галасаваньня, нарэшце — выкарыстаньне вобраза моцнага дыктатара: фізычна здаровага мужчыны, прывабнага для жанчын.

Рынкавасьць і забранзавеласьць

Апошнім часам у стылі паводзін абодвух лідэраў назіраюцца істотныя зьмены. Аляксандар Лукашэнка, страціўшы эканамічную падтрымку Масквы, вымушаны размаўляць з Захадам, у адносінах да якога заўжды быў пасьлядоўным крытыкам.

Уладзімір Пуцін, які па першым прэзыдэнцкім тэрміне пазыцыянаваў сябе дэмакратам і лібэралам, наадварот, усё шчыльней адкочваецца да аўтакратыі.

Арэшкін: Яны падобныя, але іх рух рознаскіраваны. Лукашэнка, ня маючы сурʼёзных рэсурсаў, вымушаны шукаць эканамічны рост у мэханізьме стымуляцыі — усьміхацца Захаду, трохі адпускаць лейцы, выпускаць людзей з турмаў. Арганічна ці пад уплывам, але ён становіцца ў большай ступені рыначнікам. У нас працэс адваротны. Пуцін прыйшоў як дэмакрат, як пасьлядоўнік Ельцына, як вучань Сабчака, як адукаваны чалавек з досьведам працы ў Эўропе. Ягоны зварот да Фэдэральнага сходу ў чэрвені 2000 году быў цалкам у стылі лібэралізму. Для Расеі вымалёўвалася пэрспэктыва. Але сёньня, параўнальна з Лукашэнкам, ён рушыць у іншым напрамку.

Ягораў: Гэта цяпер можа падавацца, што Пуцін «забранзавеў» і яму вопыт Беларусі, Лукашэнкі нібыта ўжо і не патрэбны. Тым ня меней можна сьмела казаць, што расейскі рэжым — другасны ў адносінах да беларускага хоць бы з той прычыны, што ўпарта паўтарае ўжо зробленае і абкатанае ў Беларусі. Бо тое, як на розных этапах Крэмль проста капіяваў стыль і мэтады саюзьніка, відавочна. А гэта ўрэшце і прывяло да падабенства рэжымаў — не ўва ўсім, але шмат у чым. Цяпер жа мы можам абмяркоўваць толькі нюансы, якія ўплываюць на зьнешнія і вонкавыя прыярытэты кожнай дзяржавы на пэўным этапе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG