Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пра Алімпіяду: «Ня будзем аб’яўляць ніякай блякады»


Уладзімір Пуцін

Расейскія ўлады ня будуць перашкаджаць удзелу асобных спартоўцаў у Алімпіядзе 2018 гадоў у Пхёнчхане, заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

«Мы, без усялякага сумневу, ня будзем аб’яўляць ніякай блякады, ня будзем перашкаджаць нашым алімпійцам браць удзел, калі нехта зь іх захоча прыняць удзел у асабістай якасьці», — цытуе «Інтэрфакс» словы Пуціна на сустрэчы з рабочымі Горкаўскага аўтамабільнага заводу.

«Трэба наўпрост сказаць, што мы часткова самі ў гэтым вінаватыя, таму што далі падставу для гэтага», — пракамэнтаваў Пуцін рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту адхіліць зборную Расеі ад Алімпіяды. Пры гэтым, паводле Пуціна, «гэтай падставай скарысталіся не зусім сумленным чынам».

Расейскі кіраўнік таксама паставіў пад сумнеў факты, якімі кіраваўся МАК у сваім рашэньні.

5 сьнежня Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў расейскай алімпійскай камандзе выступаць на зімовых Алімпійскіх гульнях-2018 у Пхёнчхане — у сувязі з «сыстэматычнымі маніпуляцыямі ў антыдопінгавай сыстэме». Індывідуальным спартоўцам будзе дазволена ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад нэўтральным алімпійскім сьцягам і пры строгім выкананьні пэўных умоваў.

За што Расею адхілілі ад Алімпіяды? Адказы на галоўныя пытаньні пра допінгавы скандал

Напярэдадні зборная Расеі ў хакеі зьвярнулася зь лістом да Пуціна з просьбай дазволіць паехаць на Гульні і выступіць там пад алімпійскім сьцягам.

Для беларусаў гэтае рашэньне мае прынцыповае значэньне: у выпадку няўдзелу расейцаў іх месца магла б заняць нацыянальная зборная Беларусі. Яна мае найвышэйшы рэйтынг сярод астатніх канкурэнтаў, якія не пераадолелі алімпійскую кваліфікацыю.

Хакеіст Калюжны: ня ехаць у Пхёнчхан заклікаюць чыноўнікі, а не спартоўцы

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG