Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што Расею адхілілі ад Алімпіяды? Адказы на галоўныя пытаньні пра допінгавы скандал


Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў расейскай алімпійскай камандзе выступаць на зімовых Алімпійскіх гульнях-2018 у Пхёнчхане — у сувязі з «сыстэматычнымі маніпуляцыямі ў антыдопінгавай сыстэме». Свабода адказвае на асноўныя пытаньні пра найвялікшы допінгавы скандал у гісторыі спорту.

З чаго ўсё пачалося?

У лістападзе 2014-га на нямецкім тэлеканале ARD выйшаў фільм журналіста Хаё Зэпэльта пра допінг у расейскай лёгкай атлетыцы. Журналісцкае расьсьледаваньне прымусіла Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) стварыць камісію пад кіраўніцтвам Рычарда Паўнда.

Хаё Зэпэльт
Хаё Зэпэльт

У лістападзе 2015 году камісія Паўнда выступіла з дакладам, дзе абвінаваціла Міністэрства спорту Расеі ў «маніпуляваньні» допінг-пробамі спартоўцаў. Па выніках расьсьледаваньня расейскіх лёгкаатлетаў адхілілі ад спаборніцтваў пад нацыянальным сьцягам, забарона ня зьнятая дасюль. Тады ж WADA пазбавіла акрэдытацыі Расейскае антыдопінгавае агенцтва (РАДА). Дырэктар Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі Грыгорый Родчанкаў, якога зьвінавацілі ў зьнішчэньні 14117 допінг-пробаў за тры дні ды інспэкцыі WADA, падаў у адстаўку.

Хто такі Родчанкаў?

У студзені 2016-га былы дырэктар Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі Грыгорый Родчанкаў і ягоны намесьнік Цімафей Сабалеўскі ўцяклі ў ЗША.

У лютым 2016-га цягам 10 дзён раптоўна памерлі былыя кіраўнікі РАДА Вячаслаў Сінеў і Мікіта Камаеў.

У траўні таго ж году амэрыканская газэта The New York Times апублікавала інтэрвію з Родчанкавым, дзе ён расказаў сэнсацыйныя факты пра ўжываньне допінгу расейскімі чэмпіёнамі Сочы-2014 і пра падмену пробаў падчас той Алімпіяды.

Грыгорый Родчанкаў
Грыгорый Родчанкаў

У прыватнасьці, ён прызнаўся, што даваў спартоўцам допінгавыя сумесі, а таксама зьнішчаў станоўчыя пробы на допінг расейскіх алімпійцаў. Апроч таго, стала вядома, што супрацоўнікі ФСБ у Сочы выкрадалі ёмістасьці з станоўчымі пробамі расейскіх алімпійцаў і падмянялі іх чыстымі і што былы намесьнік міністра спорту Юры Нагорных загадваў утойваць факты ўжываньня вядучымі атлетамі забароненых рэчываў.

Праз тыдзень WADA абвясьціла аб стварэньні новай незалежнай камісіі для расьсьледаваньня абвінавачваньняў Родчанкава, якую ўзначаліў канадзкі прафэсар Рычард Макларэн. Былы кіраўнік Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі стаў афіцыйным інфарматарам WADA.

«Даклад Макларэна»: да якіх высноў прыйшло расьсьледаваньне?

Цягам 2016 году былі апублікаваныя дзьве часткі дакладу незалежнай камісіі Макларэна. Яго галоўныя высновы:

  • У Расеі створана маштабная сыстэма маніпуляцыі допінг-пробамі: звыш
    Рычард Макларэн
    Рычард Макларэн
    1000 расейскіх спартоўцаў былі наўпрост задзейнічаныя ў фальсыфікацыі ці выйгралі ад яе, у тым ліку 12 мэдалістаў зімовай Алімпіяды-2014 у Сочы.
  • Антыдопінгавая лябараторыя ў Сочы выкарыстоўвала адмысловую мэтадалёгію падмены ўзораў мачы — уначы праз адтуліну ў сьцяне. Кіраваў працэсам супрацоўнік ФСБ Яўген Блахін, які працаваў пад прыкрыцьцём сьлесарам у сэрвіснай кампаніі.
  • Мінспорту Расеі кіравала маніпуляцыямі з пробамі пры актыўным удзеле і дапамозе ФСБ, Цэнтру спартовай падрыхтоўкі зборных камандаў Расеі і лябараторый у Маскве і Сочы.

Як расьсьледаваньне паўплывала на Расею?

Высновы «Дакладу Макларэна» амаль год пераправяралі дзьве камісіі МАК: каманда Дэніса Освальда зноўку вывучала ўсе пробы расейскіх алімпійцаў у Сочы-2014, а брыгада Самуэля Шміда — дачыненьне дзяржавы да допінгавай сыстэмы.

Урэшце камісія МАК анулявала вынікі 25 расейскіх удзельнікаў сочынскай Алімпіяды 2014 году, дыскваліфікаваўшы іх пажыцьцёва. Расея страціла 11 мэдалёў і зь першага месца ў мэдальным заліку апусьцілася за рысу тройкі наймацнейшых. Шэраг расейскіх спартоўцаў былі дыскваліфікаваныя пажыцьцёва.

Расейскіх лёгкаатлетаў не пусьцілі на Алімпіяду-2016 у Рыё
Расейскіх лёгкаатлетаў не пусьцілі на Алімпіяду-2016 у Рыё

Усерасейская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі была выключаная зь ліку чальцоў Міжнароднай фэдэрацыі, што аўтаматычна азначала забарону ўсім расейскім лёгкаатлетам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Праз гэта яны амаль у поўным складзе прапусьцілі летнюю Алімпіяду ў Рыё-дэ-Жанэйра 2016 году. Такі ж лёс напаткаў і Фэдэрацыю цяжкай атлетыкі Расеі, некаторых плыўцоў, весьляроў і раварыстаў, а таксама ўсю паралімпійскую зборную Расеі.

Да таго ж Цюмень была пазбаўленая права правядзеньня чэмпіянату сьвету па біятлёне 2021 году, а Сочы — першынства сьвету-2017 у бабслэі і скелетоне. Паралімпійскі камітэт Расеі дагэтуль дыскваліфікаваны.

Ці адхілялі раней цэлыя краіны ад Алімпіядаў?

Адхілялі. Напрыклад, восеньню 2015 году МАК прыпыніў удзел Кувэйту ў міжнародным алімпійскім руху з прычыны ўмяшаньня ўраду ў дзейнасьць Нацыянальнага алімпійскага камітэту. У выніку кувэйцкія атлеты выступалі на Алімпіядзе-2016 пад сьцягам МАК.

У 1948 годзе да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Лёндане не дапусьцілі агрэсараў у Другой сусьветнай вайне Нямеччыну і Японію. Гэтаксама на Гульні-1920 ў Антвэрпэн не запрасілі краіны, якія пацярпелі паразу ў Першай сусьветнай вайне: Нямеччыну, Аўстрыю, Баўгарыю, Вугоршчыну і Турцыю.

Але гэта першы ў 121-гадовай гісторыі Алімпійскіх гульняў выпадак адхіленьня цэлай каманды з прычыны сыстэмнага выкарыстаньня допінгу.

Як адрэагавала Расея?

Афіцыйная рэакцыя расейскага кіраўніцтва на вынікі расьсьледаваньня WADA — заключэньні камісіі Макларэна не базуюцца на фактах. Расейскія чыноўнікі заяўлялі, што дзеяньні функцыянэраў WADA прадыктаваныя палітычнымі матывамі, а галоўная іх мэта — апусьціць аўтарытэт Расеі ў вачох сусьветнай супольнасьці і ліквідаваць сур’ёзнага канкурэнта ў многіх відах спорту.

Уладзімір Пуцін і прэзыдэнт МАК Томас Бах
Уладзімір Пуцін і прэзыдэнт МАК Томас Бах

Прадстаўнікі Масквы ўсіх узроўняў катэгарычна адмаўлялі, што ўдзельнічалі ў допінгавай праграме і падтрымлівалі яе на дзяржузроўні.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін публічна прызнаў сур’ёзнасць праблемы допінгу ў расеійскім спорце, адзначыўшы «недасканаласьць сыстэмы кантролю за непрымяненьнем допінгу ў Расеі». Але, паводле расейскага чынавенства, Родчанкаў дзейнічаў самастойна.

А Сьледчы камітэт Расеі заявіў, што былы дырэктар Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі мог падмяніць допінг-тэсты расейскіх спартоўцаў ужо пасьля ад’езду ў ЗША, бо нібыта меў аддалены доступ да базы дадзеных лябараторыі.

Віталь Мутко
Віталь Мутко

«Расея адмаўляецца несьці адказнасьць. Мой былы бос Віталь Мутко, віцэ-прэм’ер Расеі, а ў мінулым міністар спорту, пастаянна адмаўляе, што ведаў пра маю дзейнасьць у Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі, дзе я сачыў за выкананьнем допінгавай праграмы ў Расеі з дапамогай агентаў ФСБ і дзяржаўных чыноўнікаў, — расказваў інфарматар WADA Родчанкаў. — Калі хтосьці верыць, што я мог займацца ўсім гэтым без падтрымкі міністра спорту, ён нічога ня ведае пра Расею. Калі казаць прама, спадар Мутко пра ўсё ведаў і быў ключом да посьпеху допінгавай праграмы».

На думку Пуціна і іншых расейскіх дзяржаўных чыноўнікаў, прынцып калектыўнага пакараньня Расеі ёсьць несправядлівым — караць варта толькі тых, хто папаўся на допінгу.

Аляксандар Жукаў
Аляксандар Жукаў

5 сьнежня на пасяджэньні выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту ў Лязане, дзе Расею адхілілі ад Гульняў-2018, прэзыдэнт Алімпійскага камітэту Расеі Аляксандр Жукаў прынёс прабачэньні за парушэньні антыдопінгавых правілаў, дапушчаныя ў краіне.

«У нашай краіне адбыліся вельмі маштабныя змены ў справе барацьбы з допінгам. Мы прыклалі шмат намаганьняў і ня будзем спыняцца. Мы бачым тыя памылкі, што былі дапушчаныя ў мінулым», — сказаў Жукаў.

Пры гэтым ён заклікаў не караць «невінаватых расейскіх спартоўцаў за мінулыя парушэньні антыдопінгавых правілаў у краіне».

Ці магла Расея аспрэчыць абвінавачваньні?

Як тлумачыць у інтэрвію «Новага часу» партнэр юрыдычнай кампаніі SILA International Lawyers Юры Зайцаў, юрыдычна Расея ня мела ніякай магчымасьці зьвяртацца ні ў якія суды ад свайго імя.

«У Расейскай Фэдэрацыі такіх і паўнамоцтваў няма, таму што тут справа аб парушэньні антыдопінгавых правілаў, яна вядзецца ў дачыненьні да канкрэтных спартоўцаў, і, адпаведна, кожны канкрэтны спартовец павінен абскардзіць тое ці іншае рашэньне», — кажа юрыст.

Ён дадае, што замацаваны сам прынцып незалежнасьці алімпійскага руху ад дзяржавы.

«Адпаведна, дзяржава ня мае права ўмешвацца ў гэтую сфэру дзейнасьці, і наадварот: алімпійскі рух ня мае права ўмешвацца ў дзяржаўную дзейнасьць», — сказаў Зайцаў.

Што значыць выступаць пад нэўтральным сьцягам?

Нэўтральны — гэта алімпійскі сьцяг, які ўяўляе сабой пяць пераплеценых рознакаляровых кольцаў на белым фоне. Пад такім сьцягам на Гульнях выступаюць незалежныя спартоўцы. Часьцей за ўсё таму, што Нацыянальны алімпійскі камітэт іх краіны не прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам.

Расейскі і алімпійскі сьцягі на Гульнях у Сочы
Расейскі і алімпійскі сьцягі на Гульнях у Сочы

На цырымоніях адкрыцьця і закрыцьця яны ідуць пад алімпійскім сьцягам. Калі атлет заваёўвае мэдаль, у ягоны гонар уздымаецца алімпійскі сьцяг і гучыць алімпійскі гімн — не нацыянальны.

Так на Алімпіядзе-2016 у Рыё пад алімпійскім або нэўтральным сьцягам выступала каманда ўцекачоў з Сырыі, Паўднёвага Судану, Этыёпіі. Каб трапіць у гэтую зборную, патрабаваўся афіцыйны статус уцекача ААН.

Гульні-1980 у Маскве байкатавалі многія краіны Захаду, але ў атлетаў быў шанец узяць удзел у Гульнях пад алімпійскім сьцягам. Так два мэдалі заваяваў брытанскі лёгкаатлет і дзейны прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Сэбастыян Коў.

Беларуска Натальля Мішкуцёнак і ўкраінец Артур Дзьмітрыеў здабылі перамогу ў фігурным катаньні на Алімпіядзе ў Альбэрвіле, выступаючы за Аб'яднаную каманду пад алімпійскім сьцягам
Беларуска Натальля Мішкуцёнак і ўкраінец Артур Дзьмітрыеў здабылі перамогу ў фігурным катаньні на Алімпіядзе ў Альбэрвіле, выступаючы за Аб'яднаную каманду пад алімпійскім сьцягам

На зімовых Гульнях-1992 у Альбэрвіле спартоўцы ўжо былых савецкіх рэспублік выступалі ў складзе Аб’яднанай каманды — пад алімпійскім сьцягам і гімнам.

Затое праз паўгода на летняй Алімпіядзе ў Барсэлёне сытуацыя зьмянілася. Хоць атлеты па-ранейшаму выступалі ў складзе Аб’яднанай каманды, на ўзнагароджаньні яны бачылі сьцяг і слухалі гімн сваёй краіны. Так кожны раз, калі шасьціразовы алімпійскі чэмпіён у гімнастыцы Віталь Шчэрба ўздымаўся на найвышэйшую прыступку п’едэстала, над Барсэлёнай лунаў бел-чырвона-белы сьцяг.

Хто з расейцаў здолее выступіць у Пхёнчхане?

Сьпіс чыстых расейскіх спартоўцаў, якія змогуць выступіць на зімовай Алімпіядзе-2018 пад нэўтральным сьцягам, вызначыць спэцыяльная камісія МАК.

Выступіць змогуць толькі тыя атлеты, якія даказалі сваю недатычнасьць да допінгавых махінацыяў.

Сярод ключавых прынцыпаў адбору:

  • спартовец мае быць прызнаны «чыстым» — прычым тут важнае менавіта меркаваньне камісіі;
  • спартовец не павінен быць дыскваліфікаваны за допінг раней ці ўвогуле прызнавацца вінаватым у парушэньні антыдопінгавых правілаў;
  • спартовец павінен прайсьці ўсе тэсты перад Гульнямі, якія прызначыць камісія.

Пасьля гэтага ўхвалены камісіяй сьпіс трапіць да МАК, які і вызначаць канчатковы склад дэлегацыі «Алімпійскіх атлетаў з Расеі».

Іншае пытаньне, ці паедуць расейцы на зімовыя Гульні-2018 ўвогуле. Уладзімер Пуцін раней заявіў, што магчымы выступ расейскіх спартоўцаў пад нэўтральным сьцягам у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане стане «прыніжэньнем для краіны».

[АБНОЎЛЕНА] Расейскія ўлады ня будуць перашкаджаць удзелу асобных спартоўцаў у Алімпіядзе 2018 гадоў у Пхёнчхане, заявіў 6 сьнежня прэзыдэнт Расеі.

«Трэба наўпрост сказаць, што мы часткова самі ў гэтым вінаватыя, таму што далі падставу для гэтага», — пракамэнтаваў Пуцін рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту. Пры гэтым, паводле яго, «гэтай падставай скарысталіся не зусім сумленным чынам».

Хакеіст Калюжны: ня ехаць у Пхёнчхан заклікаюць чыноўнікі, а не спартоўцы

А што беларусы?

Беларусь ужо аднойчы выступіла ў абарону дыскваліфікаванай Расеі. Адбылося гэта на адкрыцьці Паралімпіяды-2016 у Рыё, куды расейскую зборную не дапусьцілі праз допінг. Тады прадстаўнік беларускай дэлегацыі Андрэй Фомачкін на знак салідарнасьці пранёс па стадыёне расейскі сьцяг.

Андрэй Фомачкін нёс расейскі сьцяг на адкрыцьці Паралімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра
Андрэй Фомачкін нёс расейскі сьцяг на адкрыцьці Паралімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пасьля сказаў, што вынас расейскага сьцяга быў праявай «салідарнасьці і пратэсту супраць несправядлівасьці». Ён назваў гэта «нашай дзяржаўнай пазыцыяй, у тым ліку і прэзыдэнта».

Варта ўлічваць, што пазыцыі самой Беларусі ў допінгавым пытаньні надта хісткія.

Паводле падлікаў выданьня «Спорт-Экспресс», Беларусь займае другую пазыцыю па колькасьці алімпійскіх мэдалёў, якія былі забраныя пасьля завяршэньня Алімпійскіх гульняў за апошнія 13 гадоў. Пачынаючы зь летняй Алімпіяды-2004, беларускія спартоўцы былі пазбаўленыя 11 мэдалёў праз ужываньне допінгу. Першы радок у сьпісе займае Расея (42 канфіскаваныя мэдалі) на трэцім — алімпійцы Ўкраіны, іх пазбавілі 10 узнагарод.

Камэнтуючы для «​РИА Новости»​ рашэньне адхіліць расейскі НАК ад Алімпіяды, генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Георгі Катулін казаў, што яно «выклікала шок, эмоцыі перапаўняюць». Ён мяркуе, што такі падыход не паспрыяе рашэньню «допінгавых праблемаў у спорце», ды і ў расьсьледаваньнях «доказаў яўных не прад'яўлена».

Ці паедуць беларускія хакеісты на Алімпіяду замест расейцаў?
Ці паедуць беларускія хакеісты на Алімпіяду замест расейцаў?

Фэдэрацыя хакею Беларусі заявіла, што беларуская каманда (што ня трапіла на Алімпіяду-2018 праз адбор) гатовая замяніць зборную Расеі на турніры ў Пхёнчхане.

«...Мы перакананыя, што нацыянальная зборная Расеі ў поўнай меры заслугоўвае быць у Карэі, улічваючы адсутнасьць якіх-небудзь прэтэнзіяў да каманды. Мы лічым, што ўсе „чыстыя“ спартоўцы павінны атрымаць магчымасьць прыняць удзел у спаборніцтвах», — гаварылася ў заяве.

Алімпійскі чэмпіён Парфяновіч: Хай дыскваліфікацыя Расеі будзе ўрокам!


Фрыстайліст Дашчынскі: Байкот Алімпіяды верне ў часы «халоднай вайны»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG