Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрыстайліст Дашчынскі: Байкот Алімпіяды верне ў часы «халоднай вайны»


Ілюстрацыйнае фота

Напярэдадні Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў зборную Расеі ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе-2018. Падстава — сыстэматычныя маніпуляцыі ў антыдопінгавай сыстэме.

Тым ня менш «чыстым» атлетам у індывідуальным парадку дазволена ўдзельнічаць у спаборніцтвах пры строгім выкананьні пэўных умоваў. Па-першае, у адмысловым статусе «Алімпійскага спартоўца з Расеі». Па-другое, спаборнічаць пад Алімпійскіх сьцягам і прымаць Алімпійскі гімн на цырымоніі ўзнагароджаньня.

Зборную Расеі адхілілі ад зімовай Алімпіяды-2018. Парфяновіч: Хай будзе ўрокам!

Ці варта ўжываць калектыўныя санкцыі за злоўжываньне забароненымі прэпаратамі або яны павінны быць «кропкавымі»? Ці не занадта сурова — караць усіх праз афёры групы зацікаўленых асобаў?

Аптымальнае выйсьце з тупіковай сытуацыі

Уганараваны беларускі алімпіец, неаднаразовы прызэр Гульняў і чэмпіянатаў сьвету ў фрыстайле, а цяпер трэнэр юніёрскай каманды Беларусі Дзьмітры Дашчынскі перакананы, што ў такой складанай сытуацыі МАК прыняў цалкам узважанае рашэньне.

Дзмітры Дашчынскі падчас Кубку сьвету па фрыстайле ў Раўбічах, 2016 год
Дзмітры Дашчынскі падчас Кубку сьвету па фрыстайле ў Раўбічах, 2016 год

«Ня думаю, што вэрдыкт надта суровы — факты ж мелі месца, — кажа ён. — На мой погляд, знойдзена аптымальнае выйсьце з сытуацыі. У бальшыні выпадкаў вінаватыя не самі спартоўцы, а антыдопінгавая лябараторыя ў Маскве. Ня ведаю, ці даказана тое, што ўсё прыкрывалася на дзяржаўным узроўні, але магчымасьць выступіць усё ж даюць. Проста на нейкі час дыскваліфікуюць Алімпійскі камітэт Расеі. Варыянт, які мусіць задаволіць усіх. Міжнароднаму алімпійскаму камітэту таксама было складана: з аднаго боку, як бы трэба пакараць, з другога — даць шанец выступіць невінаватым. Іншага варыянту, як знайсьці залатую сярэдзіну, не заставалася».

Рашэньне наконт удзелу прадстаўнікоў Расеі ў Алімпійскіх гульнях будзе прымацца на найвышэйшым узроўні. Чакаецца, што яго абвесьціць прэзыдэнт Уладзімір Пуцін пасьля абмеркаваньня з грамадзкасьцю. Пры гэтым не выключаецца варыянт байкоту гульняў — на знак пратэсту супраць «неадэкватнага сваім размахам калектыўнага пакараньня». У такім разе, на думку Дзьмітрыя Дашчынскага, сытуацыя толькі пагоршыцца.

«Зразумела, каманда ў любым разе будзе аслабленая, — працягвае спартовец. — Шмат хто паехаць ня зможа, нехта адмовіцца. Калі зборная моцная, за яе выступаць лягчэй — адчуваецца і падтрымка, і ўласная роля. Так разумею, што канчатковае рашэньне будзе прымаць нават не Алімпійскі камітэт Расеі, а ўрад, прэзыдэнт. Чуў, што могуць байкатаваць, адмовіцца ад удзелу ўвогуле. На мой погляд, абсалютна неразумнае рашэньне, вяртаньне да Савецкага Саюзу, „халоднай вайны“. Мы ўжо праходзілі байкоты Алімпіядаў. Палітыкам усё роўна, а спартоўцы тут пры чым? Прэзыдэнт МАК Томас Бах выразна даў зразумець: калі ўсё пройдзе паводле прапанаванага сцэнару, то Расея вернецца ў алімпійскую сям’ю, супраца пачнецца з чыстага аркуша».

Алімпійскі сьцяг замест трыкалёру

​Дзьмітры Дашчынскі перакананы, што ў гэтым выпадку расейскім функцыянэрам варта адкінуць амбіцыі і пагадзіцца на нэўтральны статус, прапанаваны Міжнародным алімпійскім камітэтам. Асабліва гэта тычыцца тых відаў, дзе спартоўцы ніколі не былі заплямленымі допінгавымі гісторыямі.

«Калі, напрыклад, браць наш від, то я больш чым упэўнены, што ніхто нічога забароненага не ўжывае, — катэгарычны Дзьмітрый. — Гэта тая дысцыпліна, дзе стымулятары нічога не вырашаюць, толькі пэрсанальная фізычная і маральная гатовасьць. А праз тое, што мелі месца нейкія махінацыі ў лябараторыях, чаму павінны цярпець спартоўцы? Асабліва калі дагэтуль не было ніякіх падазрэньняў да пробаў. Дарэчы, бачыў некалькі камэнтароў расейскіх прадстаўнікоў, якія пагаджаліся, што рашэньне МАК справядлівае, абвяргаць парушэньні бессэнсоўна. Калі паставіцца да сытуацыі спакойна і з разуменьнем, то ўсё ўрэшце наладзіцца. Думаю, такая пазыцыя была б адзіна правільнай. Але пакуль незразумела, што скажа «грамадзкасьць».

Па зьвестках Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва, больш за тысячу расейскіх спартоўцаў у 30 відах спорту зьвязаныя са злоўжываньнем забароненымі прэпаратамі, фінансаваным дзяржавай.

За што Расею адхілілі ад Алімпіяды? Усё, што трэба ведаць пра допінгавы скандал

Маштабнае расьсьледаваньне ўжо прывяло да драматычных наступстваў для расейскага спорту. Камісія МАК анулявала вынікі 25 атлетаў — удзельнікаў сочынскай Алімпіяды 2014 году. Расея страціла 11 мэдалёў і зь першага месца ў мэдальным заліку апусьцілася на шостае (Беларусь у мэдальным заліку восьмая).

Шэраг расейскіх спартоўцаў дыскваліфікаваныя пажыцьцёва, уключна з былым міністрам спорту Віталем Мутко і ягоным намесьнікам Юрыем Нагорных. Алімпійскі камітэт Расеі на няпэўны час выведзены са структуры Міжнароднага алімпійскага камітэту.

XS
SM
MD
LG