Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ўпершыню прызналі: ўзровень беспрацоўя амаль удвая перавышае раней заяўлены «рэкордна нізкі паказьнік»

Прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно». Ілюстрацыйнае фота
Прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно». Ілюстрацыйнае фота

Улады ў наступныя 5 гадоў плянуюць папоўніць рынак працы 50 тысячамі іншаземцаў і скараціць узровень беспрацоўя

Урад Беларусі зацьвердзіў пастанову, у якой вызначыў некаторыя парамэтры дзяржаўнай праграмы «Збалянсаваны рынак працы», разьлічанай на 2026–2030 гады.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы, праграма складаецца зь сямі разьдзелаў.

У іх вызначылі мэты і галоўныя задачы праграмы, а таксама вылучылі асобна дзьве падпраграмы — «Рынак працы» і «Міграцыя».

Згодна з інфармацыяй дзяржаўных органаў, на 30 чэрвеня 2025 году ў Беларусі жылі больш як 231 тысяча іншаземцаў з дазволам на часовае або сталае жыхарства.

У студзені–чэрвені 2025 году іншаземцаў, якія прыехалі ў Беларусь на працу, пабольшала да 21 тысячы; у аналягічным пэрыядзе 2024 году такіх было 12 тысяч.

Апроч таго, сёлета ўдвая пабольшала зваротаў іншаземцаў па атрыманьне дадатковай абароны ці прытулку ў Беларусі — з 647 да 1,2 тысячы (усяго ў 2024 годзе атрымана 2,2 тысячы такіх зваротаў, у 2023-м — 1,4 тысячы, у 2022-м — 2,6 тысячы, у 2021 годзе — 486).

Як вынікае з дакумэнту, пачынаючы з 2026 году, улады Беларусі плянуюць кожны год прыцягваць на айчынны рынак працы ня менш за 10 тысяч замежнікаў. Такім чынам, у 2030 годзе ў Беларусі павінны працаваць 50 тысяч іншаземных грамадзян.

У дакумэнце адзначаецца, што рост колькасьці працоўных мігрантаў павінен спрыяць зьмяншэньню беспрацоўя. Праграма распрацоўвалася пры дзейным цяпер афіцыйным узроўні беспрацоўя 4,2%, а ў 2030 годзе ён мае скараціцца да 3,8%.

Улады Беларусі раней ня раз заяўлялі, што ў краіне «рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя» — 2,4%.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у 2025 годзе ў Беларусі ў паўтара раза — да 32 тысяч — пабольшала замежных грамадзян, якія працуюць на беларускіх прадпрыемствах. Геаграфія краін — донараў замежнай працоўнай сілы шырокая, гэта 114 краін, але больш за палову мігрантаў — грамадзяне Туркмэністану і Ўзбэкістану. 70% працоўных мігрантаў з-за мяжы занятыя ў рабочых прафэсіях.

У той жа час у Беларусі назіраецца рэкордны для сучасных умоваў кадравы дэфіцыт.

Сёлета ў студзені Аляксандар Лукашэнка заяўляў аб патрэбе больш актыўна залучаць у рынак працы тых, хто не працуе. Асабліва ён зьвяртаў увагу на Менск, а ў лістападзе 2024-га казаў, што ў Беларусі не павінна быць «бамжоў і дармаедаў».

У красавіку Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прыняць 150 тысяч працаўнікоў з Пакістану, каб выправіць сытуацыю на рынку працы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG