Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WADA знайшло пацьвярджэньне існаваньня дзяржаўнае праграмы допінгу ў Расеі


Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) назвала праўдзівымі дадзеныя, атрыманыя ад расейскага выкрывальніка выкарыстаньня допінгу Грыгорыя Родчанкава з базы маскоўскай лябараторыі аб тэстах са студзеня 2012 году па жнівень 2015 году.

Як паведамляе DW, інфармацыю пра гэта ў нядзелю, 3 сьнежня, апублікавала рэдакцыя нямецкіх дзяржаўных тэлеканалаў ARD / WDR, якія займаюцца пытаньнямі выкарыстаньня допінгу ў спорце, са спасылкай на галоўнага сьледчага WADA Гюнтэра Юнгера.

«Мы завяршылі крыміналістычную экспэртызу і можам пацьвердзіць сапраўднасьць гэтай базы дадзеных», — адзначыў Юнгер. Ён дадаў, што яе зьмест падмацоўвае сьцьвярджэньне экс-кіраўніка Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі Грыгорыя Родчанкава пра тое, што ў названы пэрыяд у Расеі на дзяржаўным узроўні рабілі намаганьні «для абароны расейскіх атлетаў, якія, верагодна, бралі ўдзел у праграме допінгу». Паводле Юнгера, расьсьледаваньне будзе працягнутае, каб высьветліць імёны канкрэтных спартоўцаў.

Намесьнік міністра спорту Расеі прасіў падмяніць допінг-пробу ўкраінскай біятляністкі

Новыя доказы могуць прывесьці да санкцыяў супраць расейскіх спартоўцаў напярэдадні зімовых Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі ў 2018 годзе. У паведамленьні адзначаецца, што выканаўчы дырэктар МАК 5 сьнежня правядзе ў Лязане сустрэчу, на якой будзе прынятае рашэньне аб санкцыях.

Раней Грыгорый Родчанкаў заявіў пра новага фігуранта «допінгавага скандалу» ў інтэрвію The New York Times. Паводле яго, у махінацыях з забароненымі прэпаратамі падчас Алімпіяды ў Сочы быў замяшаны дзейны кіраўнік Саюзу біятляністаў Расеі Аляксандр Краўцоў, які быў кіраўніком расейскай спартыўнай дэлегацыі на Гульнях 2014 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG