Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністра спорту Расеі прасіў падмяніць допінг-пробу ўкраінскай біятляністкі


Ілюстрацыйнае фота

У інтэрвію The New York Times інфарматар Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Грыгорый Родчанкаў заявіў, што перад Гульнямі ў Сочы 2014 году яго нібыта прасілі сапсаваць аналізы ўкраінскай біятляністкі Віты Семярэнка.

З такой просьбай, як сьцьвярджае Родчанкаў, да яго зьвяртаўся былы намесьнік міністра спорту Расеі Юры Нагорных. «Яго [Нагорных] асабліва турбавалі ўкраінскія біятляністкі, якія зьяўляліся галоўнымі канкурэнткамі для расейскай каманды ў эстафэтнай гонцы на Гульнях у Сочы», — сказаў Родчанкаў.

Грыгорый Родчанкаў
Грыгорый Родчанкаў

«Я ня мог бы зрабіць такога ў дачыненьні да нявіннага спартоўцы, — дадаў ён. Падчас маёй кар’еры я шмат разоў называў у справаздачах станоўчыя допінг-пробы чыстымі, але ніколі наадварот».

Таксама інфарматар Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва заявіў аб датычнасьці кіраўніка Саюзу біятляністаў Расеі Аляксандра Краўцова да сыстэмы прымяненьня допінгу ў расейскім спорце. Па словах Родчанкава, ён неаднаразова гутарыў з Краўцовым аб выкарыстаньні забароненых прэпаратаў на Алімпіядзе-2014 у Сочы, а асабісты кіроўца Саюзу кіраўніка біятляністаў прывозіў у антыдопінгавую лябараторыю супрацоўнікаў ФСБ, каб тыя вывучалі Спосабы ўскрыцьця ёмістасьцяў з допінг-пробамі.

Незалежная камісія WADA ў 2016 годзе прадставіла даклад аб дзяржаўнай падтрымцы выкарыстаньня допінгу ў расейскім спорце. Падставай для падрыхтоўкі дакладу, у прыватнасьці, сталі паказаньні Грыгорыя Родчанкава, экс-кіраўніка маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі. У цяперашні час ён жыве ў ЗША. У Расеі Родчанкаў завочна арыштаваны.

Юры Нагорных сышоў у адстаўку з пасады намесьніка міністра спорту Расеі па ўласным жаданьні ў кастрычніку 2016 году.

Нацыянальныя антыдопінгавыя агенцтвы сямнаццаці краінаў патрабуюць адхіліць Расею ад зімовай Алімпіяды 2018 году. Канчатковае рашэньне па гэтым пытаньні, як чакаецца, будзе прынятае ў пачатку сьнежня.

XS
SM
MD
LG