Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфарматар WADA гатовы даць доказы дзяржаўнага допінгу ў расейскім футболе, — The Daily Mail


Зборная Расеі па футболе перад матчам са зборнай Чарнагорыі ў кастрычніку 2015 году.

Інфарматар Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Грыгорый Родчанкаў, які ўзначальваў маскоўскую антыдопінгавую лябараторыю, гатовы даць інфармацыю аб ўжываньні допінгу ў расейскім футболе. Пра гэта са спасылкай на Джыма Ўолдэна, адваката Родчанкава, паведамляе брытанскае выданьне The Daily Mail.

Паводле выданьня, Родчанкаў сьцьвярджае, што дзясяткі расейскіх футбалістаў, у тым ліку гульцы зборнай Расеі, былі ўдзельнікамі дзяржаўнай допінг-праграмы і што ён гатовы перадаць гэтую інфармацыю ў Міжнародную фэдэрацыю футбольных асацыяцыяў (FIFA).

Грыгорый Родчанкаў у лябараторыі
Грыгорый Родчанкаў у лябараторыі

У Расейскім футбольным саюзе (РФС) заяву адваката Родчанкава назвалі «таннай правакацыяй». «Калі [інфармацыя пра допінг — РС] зьявіцца на сайце FIFA, то ёсьць магчымасьць паразважаць. А пакуль гэта танная правакацыя», — заявіў расейскаму агенцтву РБК ганаровы прэзыдэнт РФС Вячаслаў Каласкоў.

Незалежная камісія WADA ў 2015 годзе зрабіла даклад аб дзяржаўнай падтрымцы выкарыстаньня допінгу ў расейскім спорце. Падставай для падрыхтоўкі дакладу, у прыватнасьці, сталі паказаньні Родчанкава. Нацыянальныя антыдопінгавыя агенцтва семнаццаці краін патрабуюць адхіліць Расею ад зімовай Алімпіяды 2018. Канчатковае рашэньне па гэтым пытаньні, як чакаецца, будзе прынятае ў пачатку сьнежня. Улетку 2018 году ў Расеі таксама мае прайсьці чэмпіянат сьвету па футболе.

Родчанкаў цяпер жыве ў ЗША — у Расеі ён завочна арыштаваны. На мінулым тыдні ганаровы прэзыдэнт Алімпійскага камітэту Расеі заклікаў расстраляць Родчанкава.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG