Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WADA вітала рашэньне МАК аб адхіленьні Расеі ад Алімпіяды


Кіраўнік Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва Крэйг Рыды

Кіраўнік Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Крэйг Рыды заявіў, што Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прыняў абгрунтаванае рашэньне, адхіліўшы расейскую зборную ад удзелу ў Алімпіядзе 2018 году ў сувязі з маніпуляцыямі з допінгавым кантролем на дзяржаўным узроўні. Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі.

Рыды таксама вітаў рашэньне МАК стварыць камісію, якая распрацуе крытэрыі для вызначэньня сьпісаў расейскіх спартоўцаў, дапушчаных да ўдзелу ў Гульнях у Пхэнчхане пад алімпійскім сьцягам. Паводле кіраўніка WADA, павінна быць даказана, што гэтыя спартоўцы не былі зьвязаны з дзяржаўнай схемай падтрымкі допінгу.

Напярэдадні выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту адхіліў зборную Расеі ад удзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 году. Расейскія спартоўцы, якія даказалі, што не ўжывалі допінгу, змогуць спаборнічаць пад нэўтральным сьцягам. МАК на падставе двух расьсьледаваньняў палічыў даказаным фактам, што ўлады Расеі на дзяржаўным узроўні арганізавалі сыстэму прымяненьня допінгу ў спорце. Па рашэньні выканкаму таксама дыскваліфікаваны Алімпійскі камітэт Расеі (АКР).

WADA знайшло пацьвярджэньне існаваньня дзяржаўнае праграмы допінгу ў Расеі

Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адзначыў, што недапусканьне расейцаў да Алімпіяды, як і іх допуск пад нэўтральным сьцягам, стане прыніжэньнем для краіны. Пасьля гэтага Алімпійскі камітэт Расеі заявіў, што лічыць немагчымымі выступы на Алімпіядзе-2018 пад нэўтральным сьцягам. Аднак учора кіраўнік Алімпійскага камітэту Расеі Аляксандар Жукаў паведаміў, што расейскі бок канчаткова вызначыцца з магчымасьцю ўдзелу асобных спартоўцаў у Алімпіядзе 12 сьнежня.

XS
SM
MD
LG