Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз допінг: Беларусь на другім месцы пасьля Расеі па колькасьці адабраных алімпійскіх мэдалёў


Паводле падлікаў расейскага выданьня «Спорт-Экспресс», Беларусь заняла другую пазыцыю па колькасьці алімпійскіх мэдалёў, якія былі забраныя пасьля завяршэньня Алімпійскіх гульняў за апошнія 13 год. Пачынаючы зь Летняй Алімпіяды — 2004 беларускія спартоўцы былі пазбаўленыя 11 мэдалёў.

Першы радок у сьпісе займае Расея, у спартоўцаў якой праз допінг забралі 42 мэдалі. На трэцім месцы алімпійцы Ўкраіны, іх пазбавілі 10 узнагарод.

У каго забіралі мэдалі?

Свабода ўзгадала, якіх беларускіх спартоўцаў пазбаўлялі алімпійскіх мэдалёў пасьля допінг-кантролю.

Афіны-2004

Першыя дыскваліфікацыі пачаліся ў 2012 годзе. За ўжываньне допінгу на Алімпіядзе-2004 у Афінах Міжнародны алімпійскі камітэт​ пазбавіў мэдалёў малатабойцу Івана Ціхана (срэбра) і кідальніцу дыска Ірыну Ятчанку (бронза).

Пэкін-2008

За допінг на Алімпіядзе-2008 страцілі мэдалі:

  • кідальніца молата Аксана Мянькова (золата),
  • штурхальніца ядра Натальля Міхневіч (срэбра),
  • цяжкаатлет Андрэй Рыбакоў (срэбра),
  • штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч (бронза)
  • штурхальніца ядра Надзея Астапчук (бронза),
  • цяжкаатлетка Анастасія Новікава (бронза).

Лёндан-2012

У 2016 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт пасьля пераправеркі допінг-пробаў прызнаў несапраўднымі вынікі трох беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе-2012. Зноў страціла залаты мэдаль Анастасія Мянькова. Цяжкаатлеткі Ірына Кулеша і Марына Шкерманкова засталіся бяз бронзавых узнагарод.

На Алімпіядах у Сочы і Рыё-дэ-Жанэйра ў беларускіх спартоўцаў допінгавых парушэньняў ня выявілі.

Як адбываецца допінг-кантроль

Удзельнікі спартовых спаборніцтваў праходзяць праверку на допінг. Цягам 10 гадоў допінг-пробы могуць правяраць паўторна па меры зьяўленьня больш дасканалых мэтодык.

Калі праверка выяўляе допінг, вынікі спартоўца касуюць, а ягоную ўзнагароду перадаюць атлету з наступнага радка ў турнірнай табліцы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG