Між тым, паводле зьвестак юрыдычный супольнасьці, як мінімум 18 прафэсійных адвакатаў, праваабаронцаў зь юрыдычнай адукацыяй і юрысконсультаў сустракаюць гэты дзень за кратамі. Напярэдадні Дня юрыста «Вясна» паведаміла, хто з прадстаўнікоў гэтай прафэсіі сёньня за кратамі і чаму вынікам іх юрыдычнай дзейнасьці стала зьняволеньне.
Прафэсійныя адвакаты за кратамі
Паводле праекту «Права на абарону», з 2020 году ў Беларусі 146 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіяў на адвакацкую дзейнасьць, дзясяткі сталі фігурантамі адміністрацыйных і крымінальных справаў. Сёньня як мінімум сем адвакатаў у зьняволеньні з палітычных матываў. Гэта Аляксей Бародка, Віталь Брагінец, Аляксандар Данілевіч, Максім Знак, Анастасія Лазарэнка, Сяргей Хлыстоў і Юлія Юргілевіч.
Многія зь іх абаранялі палітвязьняў і самі сталі палітычнымі зьняволенымі. Гэтак, Максім Знак абараняў Марыю Калесьнікаву, Юлія Юргілевіч — Алеся Пушкіна, Віталь Брагінец — Алеся Бяляцкага.
Найдаўжэй і найбольш жорстка ўтрымліваюць адваката Максіма Знака, якога зьняволілі 9 верасьня 2020 году і асудзілі на 10 гадоў калёніі. Ад яго няма ніякіх зьвестак зь лютага 2023 году, яго трымаюць у папраўчай калёніі № 3 у Віцьбе.
Праваабаронцы з дыплёмамі юрыста ў зьняволеньні
За краты трапілі праваабаронцы, якія ў працы выкарыстоўвалі свае прафэсійныя веды і юрыдычныя інструмэнты. Гэта юрыст «Вясны» Ўладзімер Лабковіч і праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч, якіх затрымалі 14 ліпеня 2021 году. Ім прызначылі сем і дзевяць гадоў калёніі адпаведна за праваабарончую дзейнасьць.
Праваабаронцу зь міжнароднай арганізацыі Human constanta Насту Лойку затрымалі ў кастрычніку 2022 году, ёй прысудзілі сем гадоў калёніі за даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы «Вясны» згадалі словы Насты Лойкі, сказаныя ёю ў інтэрвію яшчэ на волі:
«Праваабарончая дзейнасьць для мяне была адзінай сфэрай, дзе я бачыла магчымасьць якасна прыкласьці сваю юрыдычную адукацыю, хоць у самой юрыспрудэнцыі ў Беларусі была ўжо глыбока расчараваная», — казала Наста Лойка.
На 12 гадоў калёніі ў «справе Tut.by» была асуджаная былая генэральная дырэктарка кампаніі Людміла Чэкіна. З 2008 году яна была юрысконсультам, а пасьля стала дырэктаркай.
Былога юрысконсульта ААТ «Нафтан» заводу «Палімір» Аляксандра Капшуля затрымалі 24 верасьня 2021 году ў Расеі. Яго асудзілі ў «справе „Рабочага руху“», у тым ліку за «здраду дзяржаве», на 15 гадоў няволі. Пра Аляксандра вядома, што і ў зьняволеньні ён застаецца юрыстам — складае і накіроўвае ў адпаведныя ўстановы скаргі ды іншыя юрыдычныя дакумэнты.
Юрысконсульта «Нафтану» Ігара Мінца затрымалі 23 верасня 2021 году. Яму прызначылі 13 гадоў калёніі.
Адбывае сямігадовы тэрмін былы сьледчы Мікіта Старажэнка. Яго абвінавацілі ў «зьліве» кантактаў сілавікоў «пратэставым каналам». З 2017 году Мікіта працаваў сьледчым у раённым аддзеле менскага Сьледчага камітэту. З словаў былога сукамэрніка палітвязьня, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весьці справу супраць 16-гадовага пабітага сілавікамі хлопца, а пасьля гэтага звольніўся зь сьледчых органаў.
Таксама ў «справе „Чорнай кнігі Беларусі“» асуджана на шэсьць гадоў юрыстка 2 клясы, былая супрацоўніца пракуратуры Фрунзэнскага раёну Менску Натальля Лашч. Амаль адразу пасьля затрыманьня Лукашэнка пазбавіў жанчыну прафэсійнага званьня.
За «заклікі да санкцыяў» асудзілі юрысконсульта Бюро мытна-ліцэнзійнага забесьпячэньня і экспартнага кантролю Арцёма Сямёнава. Юрысту пагражала да 12 гадоў зьняволеньня, яго асудзілі, але дакладны вырак суду праваабаронцам невядомы. Паводле «Вясны», Арцёма Сямёнава трымалі ў калёніі № 4.
Форум