Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёгкая атлетыка па-беларуску: без стыпэндыі і фармакалёгіі


Беларусь ня трапіла ў лік чатырох дзясяткаў краінаў-мэдалістаў чэмпіянату сьвету па лёгкай атлетыцы, што напярэдадні завяршыўся ў Маскве.

Найбліжэй да п’едэсталу падышла Вольга Сударава, якая ў скачках у даўжыню заняла выніковае 4-е месца, усе астатнія фінішавалі сярод аўтсайдэраў. Такім чынам, лёгкаатлеты працягнулі сумную тэндэнцыю, якую запачаткавалі беларускія хакеісты ды футбалісты.

Змагацца за мэдалі ў расейскую сталіцу выправіліся 27 беларускіх атлетаў. Аднак скочыць вышэй за галаву не ўдалося ня толькі дэбютантам, але і прызнаным фаварытам. У папярэднія гады спраўна папаўнялі мэдалёвую скарбонку кідальнікі ды штурхальнікі жалезных снарадаў. Аднак цэлая сэрыя допінгавых скандалаў каштавала месца ў складзе нацыянальнай зборнай Івану Ціхану, Вадзіму Дзевятоўскаму, Андрэю Міхневічу, Надзеі Астапчук. І аказалася, што без каронных дысцыплінаў — кіданьня молата ды штурханьня ядра — беларусы цалкам неканкурэнтаздольныя на тле галоўных канкурэнтаў.

Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан падч Алімпійскіх гульняў у Пэкіне
Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан падч Алімпійскіх гульняў у Пэкіне


З улікам кадравых стратаў у Міністэрстве спорту і турызму асаблівыя спадзяваньні ўскладаліся на алімпійскую чэмпіёнку ў кіданьні молату Аксану Мянькову, алімпійскага прызэра ў дзесяцібор’і Андрэя Краўчанку, прызэрку чэмпіянатаў сьвету ў бегу на 110 мэтраў з бар’ерамі Аліну Талай ды некаторых іншых. Аднак бальшыня зь іх не дайшлі нават да фінальнай стадыі, паказаўшы вынікі абсалютных аўтсайдэраў.

Як прызнаецца Надзея Астапчук, чыя дыскваліфікацыя фармальна сканчаецца сёлета ў верасьні, пры цяперашнім раскладзе на некалькі гадоў у штурхальных дысцыплінах інтрыга практычна зьнікае — у адсутнасьць беларусаў тая ж новазэляндка Валеры Адамс, якая ў Маскве заваявала чарговы чэмпіёнскі тытул, яшчэ доўга будзе непераможная:

Надзея Астапчук
Надзея Астапчук
«Дакладней, інтрыга зьнікла ў барацьбе за першае месца. За другую-трэцюю пазыцыі змаганьне вядзецца дастаткова сур’ёзнае. Але што да агляднай будучыні, то калі з Адамс нічога ня здарыцца, ня будуць перасьледаваць траўмы, думаю, годных супернікаў ёй цягам бліжэйшых гадоў 2–3 ня будзе».

Карэспандэнт: «Маральна, псыхалягічна цяжка было назіраць за спаборніцтвамі, да якіх вы не дапушчаныя?»

«Ды не сказаць, каб асабліва цяжка. Калі б адразу пасьля Алімпіяды, то, напэўна, сапраўды было б цяжка. Але ўжо мінула парадкам часу, крыху са сваім становішчам зьмірылася. Дый, шчыра кажучы, ня так шмат ядро і паказвалі, неяк урыўкамі, па тры спробы, ды ўсё. Таму перажыла нармальна».

Хто вінаваты ў дэградацыі лёгкай атлетыкі? Самі атлеты кажуць, што спартовыя чыноўнікі, кіраўнікі фэдэрацыяў і трэнэры збольшага занятыя ўнутранымі разборкамі, а ўвесь працэс пушчаны на самацёк. Таму, як расказала ў інтэрвію газэце «Прессбол» бягуньня Аліна Талай, думкі ня столькі пра спаборніцтвы, колькі пра тое, як утрымацца за прэзыдэнцкую стыпэндыю. Раней фінансавая дапамога таленавітым лёгкаатлетам выдзялялася на чатыры гады — ад адной Алімпіяды да наступнай, а цяпер ацэньваюцца вынікі кожнага сэзону. Мяркуючы па ўсім, пасьля маскоўскага правалу стыпэндыі страцяць адразу некалькі дзясяткаў спартоўцаў.

Апроч таго, расьпісалася ў поўнай прафнепрыдатнасьці фармакалёгія, якая ня можа забясьпечыць спартовую галіну сучаснымі сродкамі аднаўленьня. З гэтай прычыны шмат хто атрымлівае пажыцьцёвыя траўмы — не пасьпеўшы адпачыць ад адных спаборніцтваў, мусяць удзельнічаць у іншых. Паводле той жа Талай, у адсутнасьць кваліфікаванай падтрымкі беларусы мусяць самастойна складаць фармакалягічную праграму, зьбіраючы інфармацыю ў інтэрнэце. Адсюль і шматлікія допінгавыя скандалы — ня справа дылетантаў экспэрымэнтаваць з інгрэдыентамі.

Лекар-фармаколяг Андрэй Данільчанка кажа, што, з аднаго боку, адсталасьць Беларусі ў гэтай галіне ніяк не спрыяе падвышэньню спартовых вынікаў, а зь іншага, састарэлыя тэхналёгіі лёгка выяўляюцца міжнароднымі лябараторыямі і непазьбежна будуць завяршацца допінгавымі скандаламі:

«Цяпер у сьвеце самыя розныя па сваёй тэхналёгіі прэпараты, наступства якіх — падвышэньне ўзроўню тэстастэрону. У спорце гэта цалкам натуральна, бо гэта, на жаль, мэта сучаснага спорту. Зразумела, што існуюць самыя розныя распрацоўкі, але чым яны навейшыя, тым даражэйшыя. Адпаведна, беларусы сабе такой прыемнасьці дазволіць ня могуць, бо на кану мільёны даляраў. Самы апошні піск (пакуль, праўда, яшчэ на ўзроўні дасьледаваньняў) — гэта так званыя нэўратрансьмітэры гіпаталямусу. Гэта такія рэчывы, якія не патрабуюць ні ўліваньняў, ні пераліваньняў, нічога такога. Нейкі адзін пшык індывідуальна падабранай дазіроўкі, нейкая адна кропля ў вочы ці ў нос — і вось вам вынік. Гэтыя прэпараты яшчэ ня ўнесеныя ў рэестар забароненых, хоць яны нашмат вышэй стаяць сярод усіх іншых. Ці зможам мы хоць некалі канкурыраваць з такімі распрацоўкамі?»

Найбольш пасьпяховымі для беларусаў былі чэмпіянаты сьвету 1995 і 2003 гадоў, адкуль, дзякуючы перадусім высілкам тых жа штурхальнікаў ды кідальнікаў, было прывезена па 7 мэдалёў. У 2005-м на рахунку каманды Беларусі было пяць узнагародаў. Але далей тэндэнцыі рушылі ў іншым кірунку — тры мэдалі ў 2007 годзе, два на папярэднім першынстве ў карэйскім Тэгу. У Маскве беларусы скаціліся да поўнага нуля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG