Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб дзеці бачылі тое, што і мы». Ласосям упершыню ў Беларусі зрабілі штучнае апладненьне


Ласосям упершыню ў Беларусі зрабілі штучнае апладненьне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:24 0:00

Ужо дзесяць год валянтэры змагаюцца за тое, каб балтыйскі ласось прыходзіў на нераст у Беларусь. Сёлета ўпершыню ў краіне кумжу зь сямейства ласасёвых паспрабавалі размножыць штучным апладненьнем. Калі экспэрымэнт удасца, налета сюды вернецца на чвэрць болей рэдкіх гасьцей. У пэрспэктыве гэта можа павялічыць папуляцыю ласасёвых у краіне і, мажліва, выключыць іх з Чырвонай кнігі. Спэцыяльны рэпартаж Свабоды.

Апошні пункт вялікага падарожжа ласасёвых

«Паплылі», — кажа валянтэр Юры Болтуць. І мы на нагах, бы на лыжах, зьяжджаем па рыхлым пяску з праезнай часткі ў кювэт, да ручая. Наверсе бязьлюдна. Па жвіровай дарозе машыны праяжджаюць рэдка.

У гумовых ботах хлюпае вада. Ногі засмоктвае глей. З дна б’юць крыніцы. Часам даводзіцца пералазіць праз ссохлыя дрэвы. Шлях па вадзе перакрывае таўшчэзная заімшэлая яліна. Паабапал ручая высяцца хвоі. Хмызьнякі нагадваюць джунглі. На сьцежках відаць сьвежыя глыбокія сьляды — пэўна, ваўка. Гэтыя дзікія мясьціны рэдка бачаць чалавека.

Мы ідзем па ручаі Тартак, што ў Астравецкім раёне Горадзенскай вобласьці. Ад Менску дасюль 180 км, ад Горадні — 260 км. Гэта апошні пункт вялікага падарожжа ласасёвых рыб з Балтыйскага мора ў Беларусь.

Штогод рыба кумжа (від ласасёвых) пераадольвае каля 600 км, каб вярнуцца ў месца, дзе нарадзілася. Некалькі месяцаў яна вандруе праз усю Літву, ажно ўрэшце заплыве ў беларускую Вяльлю (літоўская Нярыс) і сем ейных прытокаў: Сянканку, Ашмянку, Газянку, Страчу, Лошу, Дудку, Кемеліну і Тартак.

​Кумжа кладзе ікру ў прэсных беларускіх рэках і вяртаецца ў мора. Малькі налета альбо праз год таксама спускаюцца ў Балтыку, каб падкарміцца і гады праз два-тры вярнуцца ў Беларусь. Насуперак распаўсюджанаму ўяўленьню, пасьля нераставаньня кумжа не памірае. З усіх ласасёвых гіне толькі ціхаакіянскі ласось.​

У сярэдзіне мінулага стагодзьдзя беларускія ласосі не былі дзівам. Старэйшае пакаленьне памятае, як лавілі чырвоную рыбу рукамі або вудамі ў Горадні. Рачулка на ўскрайку гораду нават атрымала назву Ласасянка. Чырвоную рыбу зь Нёмана раней падавалі і на каралеўскі стол.

З пабудовай у 1960-х на ласасёвым шляху Ковенскай ГЭС горадзенцы мусілі разьвітацца з каралём рыб: ён ня мог пераадолець высокую плаціну. Аднак выявілася, што ўвесь гэты час рыба ішла іншым шляхам, празь Вяльлю.

«Грэшна жыць каля рыбы і не злавіць»

Яшчэ 10 год таму вяртаньне кумжы заставалася таямніцай: рыба прыходзіла на Бацькаўшчыну па-партызанску. Толькі мясцовыя жыхары ведалі пра гэта і карысталіся сытуацыяй.

«Казалі, грэшна жыць каля рыбы і не злавіць. Столькі рыбы ідзе, дык лавілі рукамі, сеткай. Не было такога слова „браканьерства“, не было штрафных санкцый», — узгадвае 70-гадовы Вацлаў Блажэвіч зь вёскі Кавалёўка побач з Тартаком. За фрызуру яго называюць тутэйшым Дэпардзьё.

Рыба заходзіла проста ў гароды да вяскоўцаў, яе наколвалі на вілы або забівалі гарпуном.

«Я бачыў, колькі рыбы было. Злавіць дзесяць штук — гэта нават не лічылася. Калі не было савецкай улады, тады мы і патрашылі».

Вацлаў Блажэвіч
Вацлаў Блажэвіч

Як прыехалі навукоўцы і валянтэры, менавіта Вацлаў расказваў ім пра рыбу, вучыў заўважаць у вадзе, паказваў гнёзды. І ўрэшце... сам стаў валянтэрам.

«Пішыце: споведзь старога браканьера. Як бізнэсоўцы кралі, а потым сталі сумленнымі. Так і я сябе рэабілітую. Трэба ж на старасьць. Як я буду вучыць валянтэраў, а сам лавіць?» — кажа вясковец.

З дапамогай Вацлава беларускія іхтыёлягі 10 год таму зафіксавалі рэдкую рыбу. Найбольш такому адкрыцьцю зьдзівіліся швэдзкія калегі. На іхняй мапе басэйну ласасёвых рыбаў месца Вяльлі займала легенда — пералік умоўных пазнакаў.

Рыбакі казалі, што бачылі і ласосяў, або сёмгу. Праўда, афіцыйна тут гэтыя віды дагэтуль не зарэгістраваныя.

Дасьледаваньнем кумжы, а пазьней і яе абаронай занялася іхтыёляг, лідэр праекту «Група аховы Нёмана» Ніна Палуцкая.

«Ніна аказалася тым чалавекам, у якога хапіла сілаў узяцца за гэты праект і вывесьці яго на цяперашні ўзровень», — кажа сукаардынатар праекту Юры Болтуць.

«Калі мы ў прыроды нешта бяром, трэба нешта аддаваць»

Юры далучыўся да ініцыятывы амаль адразу. Рабіў тады... прадаўцом у рыбалоўнай краме. Пазнаёміўся зь Нінай на круглым стале пра захаваньне рыб.

Юры Болтуць
Юры Болтуць

Цяпер Юры — нязьменны каардынатар абароны чырванакніжных рыб на Астравеччыне. Ён заангажаваў у справу рыбакоў з інтэрнэт-клюбу. Разьмяркоўвае валянтэраў па днях дзяжурстваў. Зьбірае каманду, калі трэба пачысьціць ручай або разабраць бабровыя плаціны.

Заўзяты рыбак зь дзяцінства, Юра стрымлівае сябе, калі бачыць каштоўны экзэмпляр.

Нейкую рыбу з рыбалак ем, а нейкую ратую

«Хтосьці павінен гэта рабіць. Хто, калі ня мы? Калі мы ў прыроды нешта бяром, трэба нешта аддаваць. Нейкую рыбу з рыбалак ем, а нейкую ратую», — кажа ён.

На яго думку, асноўная задача — захаваць біяразнастайнасьць. За 10 год сытуацыя стабілізавалася. Цяпер нельга сказаць, што ласасёвыя зьнікнуць.

«За час, што мы гэта робім, колькасьць кумжы павялічылася. У гэтым сэнс: каб нашы дзеці бачылі тое, што бачым мы».

Ратаваць рэдкую рыбу — для яго цяпер гэта неад’емная частка жыцьця.

«Мой год умоўна дзеліцца на некалькі сэзонаў. Узімку і ўлетку я рыбачу на Нарачы, увесну — на Нёмане і Заходняй Дзьвіне. А ўвосень я заўсёды тут, на Тартаку, з грамадзкай нагрузкай».

Юра не хавае, што ёсьць у ягонай дзейнасьці і шкурны інтарэс.​

«Шмат народу не разумее: „Ты ідыёт, займаесься лухтой. Гэтым дзяржава павінна займацца“. А я кажу: „Ты не разумееш, бо ты ловіш шчупака. А я за мяжой лаўлю і стронгу, і ласося. Я ведаю, што гэта за рыба, таму мы ёй займаемся“», — распавядае Юры.

Акрамя рыбакоў, на патрулі прыяжджаюць валянтэры з грамадзкіх арганізацый: «Зялёнага дазору», «Экадому», «Аховы птушак Бацькаўшчыны», «ЦЭР», дапамагаюць супрацоўнікі лясгасу, прыродааховы, памежнікі. Сёлета па чарзе прыяжджалі каля 20 чалавек.

Валянтэр «Зялёнага дазору» Віталь Кавальчук удзельнічае ў патруляваньні ўжо другі год. На яго думку, рыбу ня трэба ратаваць, трэба толькі крышку ёй дапамагчы. У валянтэрстве Віталь бачыць і свой уласны інтарэс.

Віталь Кавальчук
Віталь Кавальчук

«Хоць бы з гораду выехаць, на прыроду. Ды карысную справу зрабіць, каб наступнае пакаленьне пасьля нас убачыла рыбу. Напэўна, мы адпуджваем парушальнікаў, браканьераў. Кумжа ідзе і будзе ісьці, нягледзячы на плаціны. Гэта на генным узроўні», — кажа ён.

Штучнае апладненьне памножыць папуляцыю?

Каб дапамагчы ласасёвым замацавацца ў нашых рэках, сёлета ў Беларусі ўпершыню распачалі пілётны праект штучнага апладненьня кумжы.

Працэдуру праводзілі ў сярэдзіне лістапада па расейскай тэхналёгіі. На ручай Тартак прыехалі іхтыёлягі з Акадэміі навук Міхал Плюта, Вадзім Ермалаеў, Андрэй Лешчанка і валянтэры. З дапамогай электравуды адлавілі каля 20 рыбаў-вытворцаў. Сярод іх — дзьве самкі і адзін самец кумжы з Балтыкі, астатнія — прэснаводная стронга.

Гэта стрэс для рыбы, кажа Міхал Плюта, кандыдат біялягічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі па біярэсурсах. Аднак рыба выжыла. Каб зьменшыць узьдзеяньне цяплом, надзелі пальчаткі. Самкі апрытомнелі праз 5 хвілін. Іх не чапалі яшчэ гадзіну, даўшы ачуняць у вадзе.

«Пасьля з самак „сцадзілі“ ікру. Адзін адмысловец абгарнуў галаву і хвост кумжы мокрай анучай і так трымаў. Другі чалавек у гэты момант плаўнымі рухамі націскаў на тулава і зьліваў ікрынкі. Выйшаў вялікі кубак ікры, прыкладна 2,5–3 тысячы ікрынак», — кажа Міхал Плюта.

Затым «падаілі» самцоў. Малаком палілі ікру. Перамяшалі ўсё гусіным пяром. Завязалі ў марлю і апусьцілі ў ваду набракаць.

Калі абалонкі сталі цьвёрдымі, ікрынкі пераклалі ў 8 адмысловых інкубатараў, набытых у расейскім Петразаводзку. У кожным зьмясьцілася ў залежнасьці ад памеру 120–500 ікрынак.

Два інкубатары ўрэшце паставілі на дно ручая Тартак, яшчэ шэсьць перанесьлі ў іншую рачулку — Сянканку.

«Інкубатары даюць мажлівасьць вылупіцца 97% малькоў. Аднак добра, калі з кожнага выжыве і вернецца ў ручай хоць па адной рыбіне. У натуральных умовах пасьля нерасту адной кумжы вяртаюцца 1–2 асобіны», — тлумачыць біёляг.

Ласасёвыя знаходзяць рэкі, дзе нарадзіліся, па паху. Шукаюць родныя парамэтры: тэмпэратуру, грунты, хуткасьць цячэньня. Інакш рыба можа загінуць. Ласось вяртаецца ў тую ж рачулку, дзе нарадзіўся, у 70–90% выпадкаў, кумжа — у 40–60%.

Рыбу выпускаюць пасьля штучнага апладненьня
Рыбу выпускаюць пасьля штучнага апладненьня

Па словах Міхала Плюты, у Беларусі штучна апладняюцца і іншыя рыбы — карп, карась, судак, шчупак — але толькі ў прамысловых мэтах. Што да іншых рыб, якія патрабуюць падтрымкі, то гэта вугор. Аднак лічынку вугра апошні раз фіксавалі толькі на пачатку мінулага стагодзьдзя.

Расейцы з дапамогай штучнага апладненьня здолелі выключыць анескага ласося з Чырвонай кнігі.

Калі беларускі экспэрымэнт будзе ўдалы, то кумжу такім чынам расьселяць па прытоках Вяльлі, прыдатных для нерасту.​

Засталося ўмацаваць дарогу і зачыніць фэрмы

Шэраг пытаньняў у праекце ўжо вырашаны. Паставілі намёт з драўлянай падлогай і печкай-«бубафоняй». Напужалі браканьераў.

«Бывае, іду ноччу. Бачу ліхтарык. Парушальнік, значыць. Схаваюся, пасьля зьнянацку як выпалю: „Прывітаньне“. Той кажа: „Лепей бы ты мяне ўдарыў“», — расказвае Вацлаў.

Юра паказвае месца, дзе мужыкі перакрывалі ручай, рабілі гаць і пасьля зьбіралі стронгу: «Мы пакідалі ім цыдулкі з папярэджаньнямі і пагрозамі. Дык яны перасталі».

У 2013 годзе валянтэры паднялі каскадамі дно Тартака. Тады рыба змагла заскочыць у трубы пад дарогай і падняцца ў вярхоўе ручая, дзе больш спрыяльныя ўмовы нераставаньня.

Калі сёлета большасьць гнёздаў зьявілася ў вярхоўі, хлопцы прыкрылі адну з трубаў. Бо ўсе зручныя для гнездаваньня месцы былі ўжо занятыя, і новыя самкі падчас нерасту нішчылі ўжо створаныя гнёзды.

Праблемай стала нізоўе ручая. Яго дно запясочваецца, што кепска для гнёздаў. Трэба паставіць драўляныя перакрыцьці, якія не дазволяць пяску сыпацца ў ваду. Актывісты зьвярталіся да горадзенскіх дарожнікаў. Атрымалі адказ, што сродкаў на гэта няма.

«Я гатовы сам экскаватар прыгнаць ды ўсё зрабіць. Але ж без дазволу нельга», — шкадуе Юры.

Валянтэры Віталь Кавальчук, Юры Болтуць і Аляксандр Мартынюк рыхтуюцца закрыць адну з трубаў пад дарогай, каб кумжа не ішла ў вярхоўе
Валянтэры Віталь Кавальчук, Юры Болтуць і Аляксандр Мартынюк рыхтуюцца закрыць адну з трубаў пад дарогай, каб кумжа не ішла ў вярхоўе

Страчу, Ашмянку і Лошу забруджваюць зьлівамі з фэрмаў. Акрамя таго, на іх паставілі плаціны без рыбаходаў. Варта пракласьці шлях і для рыбы.

Звычайна на Астравеччыну прыходзіць штогод некалькі дзясяткаў рыбін. Дасягненьнем праекту стала вяртаньне на радзіму ня толькі самак, але і менш трывалых самцоў. У 2013 годзе налічылі рэкордныя 80 гнёздаў. Сёлета колькасьць таксама большая, чым заўжды, — 60.

«Глядзі, глядзі! Вось рыба. На бок лягла. Ажно заблішчэла. Ціха! Толькі не наступайце на галінкі, каб не спалохаць», — кіруе Юра.

Шэрую плямістую прыгажуню, якая зьліваецца з дном, выдае хвост. Раптам да яе падплывае яшчэ адна — і пачынаецца бойка за гняздо, бойка за жыцьцё. Мацнейшая прымушае суперніцу сысьці.

Самка затрымліваецца над купай галькі, дзе хутка адкладзе ікру. І, падаецца, нікога ня бачыць і ня чуе. У гэты момант да яе можна падысьці на адлегласьць выцягнутай рукі. Тады бачыш на ўласныя вочы: для яе няма важнейшай справы, чым працягнуць род.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG