Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія забараняюць ананімныя камэнтары і дапускаюць блякаваньне сацсетак


Законапраект прыняты ў першым чытаньні, дакладчыкам выступіў міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч.

За прагаласавалі 98 дэпутатаў, супраць — 2 .

У матэрыялах да законапраекту аб зьменах у закон «Аб СМІ», якія атрымалі дэпутаты, значыцца, што дакумэнт падрыхтаваны Саветам Міністраў.

Профільная камісія Палаты прадстаўнікоў да 9 красавіка зьбірала заўвагі да законапраекту з боку ўсіх зацікаўленых бакоў, сярод якіх была і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Раней старшыня камісіі Андрэй Навумовіч казаў Свабодзе, што ў залежнасьці ад колькасьці прапаноў камісія вынесе дакумэнт на разгляд дэпутатаў альбо 19 красавіка, альбо пазьней.

Аляксандар Карлюкевіч
Аляксандар Карлюкевіч

Міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч сказаў, што новы закон будзе складацца зь сямі артыкулаў. Галоўнае, што ўводзяцца новыя паняцьці «сеткавае выданьне» і «ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу». Ён падкрэсьліў, што рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсу будзе праводзіцца ў Міністэрстве інфармацыі. Гэта працэдура дабраахвотная, але той, хто яе ня пройдзе, ня будзе лічыцца выданьнем, а супрацоўнікі ня будуць лічыцца журналістамі. Закрыць зарэгістраванае інтэрнэт-выданьне прапануецца пасьля 3-га папярэджаньня, а незарэгістраванае — адразу пасьля першага.

Захоўваць інфармацыю інтэрнэт-рэсурсы павінны цягам 6 месяцаў, за парушэньне заканадаўства накладаюцца штрафы памерам ад 50 да 500 базавых велічыняў. Міністар сказаў, што прапануецца, каб закон уступіў у сілу праз 5 месяцаў пасьля таго, як яго надрукуюць. Акрамя таго, ад гэтага часу ўводзіцца пераходны пэрыяд працягласьцю ў 6 месяцаў.

Карлюкевіч паведаміў, што парадак ідэнтыфікацыі аўтараў камэнтароў будзе вызначаць урад.

Экспэрты пра зьмены ў закон аб СМІ: Замест умацаваньня нацыянальную бясьпеку разбураюць

Палата прадстаўнікоў прымае ўсе законы ў двух чытаньнях. Але звычайна падчас другога разгляду ўносяцца хутчэй касмэтычныя, чым прынцыповыя праўкі.

Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў раней заявілі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўстанавіць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.

Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ

Паводле праекту, тэкст якога 2 красавіка апублікавала Беларуская асацыяцыя журналістаў, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя камэнтароў інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту. Таксама разглядаюць магчымасьць поўнага блякаваньня асобных сацыяльных сетак.

Што прапануюць зьмяніць?

  • Распаўсюдзіць дзеяньне Закону аб СМІ на інтэрнэт-рэсурсы, з дапамогай якіх ажыцьцяўляецца распаўсюд масавай інфармацыі.
  • Законапраект дапускае добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у якасьці СМІ (уводзіцца тэрмін «сеткавыя выданьні»). Яны і іх супрацоўнікі атрымаюць (у абмежаваным выглядзе) правы традыцыйных СМІ. Астатнія сайты таксама змогуць працаваць, але бяз статусу СМІ.
  • Зарэгістраваць выданьне зможа толькі юрыдычная асоба, якая разьмяшчаецца ў памяшканьнях нежылога фонду.
  • Без рэгістрацыі ў якасьці СМІ інтэрнэт-выданьні ня змогуць зьвяртацца ў дзяржаўныя органы па акрэдытацыю.
  • Журналісцкі статус супрацоўнікаў інтэрнэт-выданьняў без рэгістрацыі паставяць пад сумнеў. Аўтары такіх выданьняў ня змогуць карыстацца правамі на абарону інфармацыйных крыніц і на працу падчас масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым на незарэгістраваныя інтэрнэт-выданьні будуць распаўсюджвацца абавязкі і адказнасьць, прадугледжаныя законам аб СМІ.
  • Разглядаюць магчымасьць блякаваньня асобных сацыяльных сетак цалкам, у выпадку адсутнасьці тэхнічнай магчымасьці абмежаваць доступ да іх элемэнтаў ці нежаданьня ўладальнікаў выдаляць інфармацыю на запатрабаваньне дзяржавы.
  • Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту.
  • Удзел іншаземцаў у фармаваньні беларускай інфармацыйнай прасторы будзе абмяжоўвацца, у тым ліку праз забарону на распаўсюд прадукцыі замежных СМІ ў Беларусі без адпаведнага дазволу, галоўным рэдактарам СМІ мусіць быць грамадзянін Беларусі, аб’ём тэлеперадач беларускай вытворчасьці ў штотыднёвым аб’ёме вяшчаньня тэлефізійных СМІ мусіць быць ня менш за 30%.
  • Будзе пашыраны пералік відаў інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ забаронены.
  • Будзе замацаваная забарона цэнзуры масавай інфармацыі ў адносінах да гаспадара інтэрнэт-рэсурсу.
  • Абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў па-ранейшаму будзе ажыцьцяўляцца ў пазасудовым парадку. Для інтэрнэт-выданьняў такое блякаваньне можа прывесьці да пазасудовага скасаваньня рэгістрацыі.
  • Плянуюць захаваць спрошчанае абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў без папярэджаньня Міністэрства інфармацыі. Такое магчыма, калі інтэрнэт-рэсурс ажыцьцяўляе дзейнасьць, забароненую заканадаўствам Беларусі.
  • Аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу можна будзе толькі праз зварот у Міністэрства інфармацыі. Ці можна будзе абскардзіць рашэньне Мінінфармацыі ў судзе, у дакумэнце не пазначана.

Міністар інфармацыі пра новы закон аб СМІ: «Закліканы ўраўняць усіх». Чаму гэта ня так

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG